«Ён проста на мяне ўпаў». Мужчына патлумачыў, чаму акуратна паклаў на зямлю міліцыянта ў Горадні
Мужчынам у скураной куртцы, які падчас патасоўкі ў Горадні 29 траўня паклаў на зямлю міліцыянта, аказаўся горадзенскім актывістпм Я. (Свабодзе вядомае сапраўднае імя гарадзенца).
Ён расказаў Свабодзе, што адбылося падчас пікету, дзе праходзіў збор подпісаў за патэнцыйную кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую. Менавіта ў выніку гэтай мітусьні падчас збору подпісаў затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага. Гэтаму папярэднічалі агрэсіўныя паводзіны невядомай жанчыны, якая хапала Ціханоўскага за вопратку.
Стала вядома, на што ў шпіталі скардзіўся міліцыянт, якога забрала хуткая зь пікету Ціханоўскай
Чалавека ў форме міліцыі, якога 29 траўня забрала хуткая зь пікету ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні, даставілі ў абласную бальніцу хуткай дапамогі. У яго дыягнаставалі ўдар пярэдняй брушной сьценкі, яго не шпіталізавалі, піша Hrodna.life.
Таксама вядома, што па дапамогу да мэдыкаў зьвярнуўся яшчэ адзін меркаваны супрацоўнік міліцыі. Ён прыйшоў у цывільным адзеньні, але ніякіх цялесных пашкоджаньняў у яго ня выявілі.
Невядомы мужчына на пікеце Ціханоўскага далікатна кладзе міліцыянта на зямлю. ВІДЭА
У Твітар-акаўнце «Краіны для жыцьця» Сяргея Ціханоўскага зьявілася відэа, на якім бачна, як невядомы мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю маладому мужчыне ў міліцэйскай форме.
Менавіта ў выніку гэтай мітусьні падчас збору подпісаў затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага. Гэтаму папярэднічалі агрэсіўныя паводзіны невядомай жанчыны, якая хапала Ціханоўскага за вопратку.
«На міліцыянта наваліліся. Правакацыя...». Што Лукашэнка сказаў за 4 гадзіны да затрыманьня Ціханоўскага ў Горадні
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 29 траўня падчас размовы з работнікамі МТЗ згадаў сваіх патэнцыйных супернікаў на прэзыдэнцкіх выбарах, у тым ліку пра Сяргея Ціханоўскага. Праз 4 гадзіны пасьля гэтага блогера затрымалі ў Горадні.
Лукашэнка не назваў імя Сяргея Ціханоўскага, які езьдзіць па краіне з пікетамі па зборы подпісаў за сваю жонку Сьвятлану і трансьлюе сустрэчы зь людзьмі на сваім YouTube-канале «Страна для жизни». Але з кантэксту стала відавочна, што меў на ўвазе менавіта яго.
«Мужыкі там кіпіш паднялі, дзесьці хтосьці ходзіць, крычыць. Нядаўна мне прэс-сакратар далажыла: міліцыянта абразіў (удзельнік пікету. — заўвага president.gov.by.), калі яму зрабіў заўвагу. Яны прыяжджаюць крутыя, на джыпах усё — па 10-12 машын. У чужы горад прыехалі, выстраіліся і пайшлі па плошчах, вуліцах... », — сказаў Лукашэнка. — «На гэтага пацанёнка (супрацоўніка міліцыі. — заўвага president.gov.by.) наваліліся. Ён, напэўна, толькі ў гэтым годзе прыйшоў на працу, чыёсьці ж дзіця. Што ты на яго накатваеш. І потым, рызыкоўныя людзі, я б на іх месцы з міліцыяй акуратней быў. Гэта ж карпаратыўны народ. Знойдзе магчымасьць, дык адкажа. Мне ўжо нялёгка прыходзіцца, стрымліваючы іх. Нарываюцца. Правакацыя — гэта найлепшая рэкляма. Яны гэта так разумеюць».
Праз чатыры гадзіны пасьля заявы Лукашэнкі, каля 20.00, Сяргея ЦІханоўскага затрымалі супрацоўнікі спэцназу падчас перадвыбарчага пікету ў Горадні. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
Чытаць далей
БТ апэратыўна паказала затрыманьне Сяргея Ціханоўскага ў Горадні. ВІДЭА
На 42 хвіліне «Панарамы» па канале «Беларусь-1» паказалі затрыманьне блогера Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.
Вядоўца «Панарамы» абвінаваціў Ціханоўскага ў тым, што агітацыя і мітынгі яшчэ забароныя, а блогер выставіў у Горадні на плошчы кардонную выяву жонкі Сьвятланы і зьбіраў подпісы.
«Міліцыя, якая паспрабавала навесьці парадак, аказалася ў эпіцэнтры бойкі, якую зладзілі на плошчы. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі падвергся нападу», — паведаміў вядоўца.
Затым паказалі прыкладна 1 хвіліну апэратыўнага відэа патасоўкі і затрыманьня Ціханоўскага — як жанчыны правакуюць блогера.
«На гэтых кадрах вы ўсё бачылі самі. Па нашай інфармацыі, зборшчык подпісаў і некаторыя яго прыхільнікі на гэты момант затрыманыя», — завершыў вядоўца «Панарамы».
На партал Tut.by адбылася DDoS-атака
На партал Tut.by увечары 29 траўня адбылася DDoS-атака, паведамілі Свабодзе супрацоўнікі кампаніі.
Атака на сайт Tut.by адбылася пасьля публікацыі навіны пра затрыманьні на выбарчым пікеце Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні. Затрымалі Сяргея Ціханоўскага, яго апэратара і прыхільнікаў ютуб-канала «Страна для жизни». Кадры затрыманьня Ціханоўскага паказалі ў эфіры перадачы «Панарама» на тэлеканале «Беларусь 1» ужо праз 1,5 гадзіны пасьля затрыманьня.
Абноўлена: Па стане на 22:00 сайт Tut.by аднавіў працу.
«Так сказаць можа толькі слабы і залежны чалавек» — Кавалькова і Караткевіч пра заяву Лукашэнкі, што жанчына ня можа быць прэзыдэнтам
Кіраўнік Беларусі заявіў, што «ў нас Канстытуцыя не пад жанчыну» і «грамадзтва не сасьпела для таго, каб галасаваць за жанчыну», «у нас не Літва», дзе Даля Грыбаўскайце «прыйшла, паўсьміхаліся, пасядзела і пайшла». Таму «прэзыдэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы», — заявіў Лукашэнка.
Патэнцыйныя кандыдатка на прэзыдэнта Вольга Кавалькова і кандыдатка на прэзыдэнта на выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч адказваюць Аляксандру Лукашэнку на заяву, што жанчына ў Беларусі ня можа быць прэзыдэнтам. Чытаць па спасылцы.
У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. ВІДЭА
На выбарчым пікеце Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні 29 траўня адбыліся затрыманьні. Затрымалі Сяргея Ціханоўскага, яго апэратара і прыхільнікаў ютуб-канала «Страна для жизни».
Гэта адбылося пасьля таго, як невядомыя жанчыны, якіх сьведкі называлі правакатаркамі, кідаліся на блогера і спрабавалі трымаць яго за вопратку. Яны патрабавалі, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сыйсьці ад жанчын, які хапалі яго за вопратку. Пасьля гэтага зьявілася міліцыя. Супрацоўнікі паспрабавалі затрымаць Ціханоўскага, у выніку чаго адзін зь іх паваліўся на зямлю. Літаральна праз 30 сэкундаў прыбеглі АМАПаўцы і пачалі хапаць Сяргея Ціханоўскага.
Каля паўсотні чалавек сабраліся каля УУС Горадзенскага аблвыканкаму і патрабуюць тлумачэньняў, на якой падставе затрымалі Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Шалудзівы» Ціханоўскі і «кампрамат на Цапкалу»: Лукашэнка выказаўся пра патэнцыйных кандыдатаў на выбарах
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 29 траўня падчас размовы з работнікамі МТЗ адказаў на пытаньне пра сваё стаўленьне і магчымыя сымпатыі да патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Ён адзначыў, што ў цэлым «пакуль мала ведае» тых, хто заявіў пра жаданьне ўдзельнічаць у выбарах, за выключэньнем свайго былога памочніка Валера Цапкалы. «Ён, праўда, хітруе. Ня кажа, чаму яго прэзыдэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытайце — чаму я яго звольніў. Хай шчыра раскажа. І яму потым не захочацца ісьці на выбары. Але ён шчыра ня скажа. Трэба — скажам, але мы ня хочам займацца гэтым кампраматам», — сказаў Лукашэнка. Далей чытайце па спасылцы.
Гарадзенцы на пікеце, каб падпісацца за Ціханоўскую. ВІДЭА
Жыхары Горадні 29 траўня выстраіліся ў чаргу, каб пакінуць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую, якая вылучаецца кандыдатам на прэзыдэнта.
«Чаго ты ўчапіўся ў гэтае крэсла?» Пагаварылі з гамяльчанкай, якая скарыла інтэрнэт на пікеце Ціханоўскага
Гледачоў відэастрыму Свабоды скарыла гамяльчанка Вольга, якая падчас перадвыбарчага пікету Святланы Ціханоўскай 28 траўня раскрытыкавала Аляксандра Лукашэнку і дзейную ўладу. Мы сустрэліся з жанчынай і выслухалі яе пазыцыю.
«У мяне асабіста праблем няма». «Галоўная задача — зьмяніць гэтую ўладу». «Дык чаго баяцца? Страціць свае 300 рублёў?». Што яшчэ казала Вольга ў вялікім інтэрвію Свабодзе, чытайце па спасылцы >>
«Ціханоўскія секлі Маскву ня раз». Пазьняк пра гомельскага блогера, Бабарыку і байкот
У інтэрвію Свабодзе Зянон Пазьняк расказаў, што карыснага робіць блогер Сяргей Ціханоўскі і што яму варта зрабіць, каб не змарнаваць падтрымку людзей. Ён таксама расказаў, чаму скептычна глядзіць на Віктара Бабарыку, і ацаніў шанцы нацыянальна арыентаванай апазыцыі ў дэмакратычных выбарах.
Сьцісла:
- Ціханоўскі не агентура. Ён вырас і сфармаваўся ў дэнацыяналізаваным грамадзтве, але беларускі дзяржаўны патрыятызм у яго ёсьць.
- Важна, каб тое, што адбываецца ў Беларусі з пашырэньнем пратэсту, канструктыўна разьвівалася ў патрэбным сацыяльным і, галоўнае, — нацыянальным кірунку.
- Ня ўсе, хто цяпер прыходзіць да Ціханоўскага, пойдуць за ім у адказны момант. Таму важна правесьці вялікую мабілізацыйную працу.
- Не хачу прынізіць Бабарыку, у яго напэўна ёсьць сваё паняцьце аб сумленьні, але ў палітыцы ім будуць маніпуляваць.
- Давайце гаварыце сур’ёзна, што Лукашэнка зрабіў з нацыяй, зь дзяржавай, з народам, з культурай і эканомікай і як гэта направіць. А не сьмяяцца, як Цапкала, з козачак ды мацёраў.
- Ня трэба баяцца, што падчас пратэстаў у Беларусь прыйдзе Расея. Сьвет зьмяніўся нават за апошні год. І не ў карысьць Расеі.
Лукашэнка: Бабарыку маглі прапанаваць пасаду прэм’ера ў Расеі, не ў Беларусі
Падчас наведваньня 29 траўня Менскага трактарнага заводу Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра Віктара Бабарыку, не назваўшы ягонага імя. Былы кіраўнік Белгазпрамбанку нядаўна заяўляў, што хтосьці прапаноўваў яму пасаду прэм’ер-міністра ў абмен на зьняцьце з выбараў. Лукашэнка сказаў, гэта быў ня ён.
«Гэтаму банкіру час падумаць, дзе ён будзе працаваць пасьля выбараў, — сказаў Лукашэнка. — І наогул са школы і вас, і мяне вучылі: ня хлусі. У Беларусі толькі адзін чалавек паводле Канстытуцыі мае права прапанаваць пасаду прэм'ер-міністра і ўнесьці кандыдатуру ў парлямэнт для зацьвярджаньня. Я нікому нічога не прапаноўваў. Тым больш яму. Які досьвед у яго, каб быць прэм'ер-міністрам». Цалкам чытайце па спасылцы.
Ужо абураюцца, але пакуль баяцца. Некалькі высноў пра пачатак выбарчай кампаніі
Беларусь абуджаецца. Здаецца, гэта галоўная выснова, якая дакладна перадае атмасфэру выбарчай кампаніі. Што стала для многіх вялікай неспадзяванкай, разважае аналітык Свабоды Валер Карбалевіч у новым блогу.
Сьцісла:
- Прэзыдэнцкія выбары заўсёды былі чыньнікам, які палітызаваў грамадзтва. Але тое, што адбываецца цяпер, значна перасягае ўсе папярэднія кампаніі.
- Найперш, адбылося абвастрэньне сацыяльна-эканамічных праблем, падзеньне ўзроўню жыцьця, відавочны крызіс беларускай мадэлі. І тое, што на мове афіцыйнага ідэалягічнага канструкту называецца «стабільнасьцю», грамадзтва пачало ўспрымаць як безнадзейнасьць.
- Паводзіны ўладаў падчас пандэміі сталі важным каталізатарам грамадзкага незадавальненьня. Яны чарговым разам засьведчылі, што нават у крытычны момант улада ў прынцыпе ня здольная на шчырую размову з народам.
- Пакуль няма ніякіх прыкметаў эрозіі рэжыму, распаду сыстэмы, расколу эліт.
Віцебскую прыхільніцу Ціханоўскага аштрафавалі на 810 рублёў за паведамленьне ў чаце
Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў адміністратарку Telegram-каналу «Страна для жизни» Юлію Барсукову на 30 базавых велічыняў (810 рублёў) за адно паведамленьне ў чаце, піша «Віцебская вясна».
Паведамленьне прыхільніцы блогера Сяргея Ціханоўскага зьмяшчала заклік да сходу 10 траўня ў Воршы. Судзьдзя Ўладзімер Царыкаў на падставе міліцэйскага пратаколу зрабіў выснову, што гэта быў заклік на несанкцыянаваную акцыю. Юлія Барсукова не прызнала віны, хоць не адмаўляла, што разьмясьціла паведамленьне. Цалкам чытайце тут.
Экспэрт расейскага Інстытуту Прымакова: Бабарыка і Цапкала — частка гульні, якая завершыцца захаваньнем пазыцый Лукашэнкам
Сяргей Уткін, кіраўнік групы стратэгічных ацэнак з расейскага Інстытуту ўсясьветнай эканомікі і міжнародных адносін імя Прымакова, адказаў на пытаньні Радыё Свабода пра стаўленьне Расеі да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
Сьцісла:
- Няма падстаў разьлічваць, што гэтыя выбары ў Беларусі стануць «рубежнымі».
- Магчыма і будзе нейкая камунікацыя Расеі з рознымі палітычнымі сіламі ў Беларусі, але пры гэтым важна, каб адносіны з Лукашэнкам засталіся нармальнымі.
- Жаданьне захаваць магчымасьць балянсу паміж Расеяй і Захадам прымусіць беларускае кіраўніцтва праяўляць стрыманасьць.
- Расейскаму кіраўніцтву зручней захоўваць кантакты, напрацаваныя гадамі і дзесяцігодзьдзямі. Маўляў, стары конь баразны не сапсуе.
- Тым, каму Лукашэнка абрыд, ён абрыд яшчэ 15 гадоў таму.
- У Беларусі, у адрозьненьне ад Армэніі, меншая імавернасьць, што нейкая дэстабілізацыя застанецца выключна ўнутраным усплёскам. Адпаведна, большае жаданьне Расеі захаваць стабільнасьць.
Штраф і суткі ў пастарунку. Актывіста ў Мёрах пакаралі за плякат «Выбары без Лукашэнкі і Ярмошынай»
Мёрскі раённы суд аштрафаваў на 135 рублёў мясцовага актывіста БХД Сяргея Васільева. 27 траўня міліцыянты затрымалі Васільева ў цэнтры гораду з плякатам «Выбары без Лукашэнкі і Ярмошынай». Да сёньняшняга суду актывіста трымалі ў мясцовым пастарунку.
«Сяргей праводзіў свой пікет у вельмі людным месцы, там, дзе сустрэчу з жыхарамі ладзіў вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, — сказаў Свабодзе сустаршыня БХД Павал Севярынец. — Мяркую, плякат Васільева „Выбары без Лукашэнкі і Ярмошынай“ амаль за 2 гадзіны пікету пабачылі сотні чалавек, і ён шмат каму прыйшоўся па душы». Цалкам чытайце тут.
Ці паўторыцца сёлета Плошча-2010
Пытаньне ня ў тым, ці адбудзецца сёлета Плошча, а — ці паўторыцца Плошча дзесяцігадовай даўнасьці, з брутальным разгонам, зьбіцьцём, арыштамі соцень людзей і крымінальнымі тэрмінамі для дзясяткаў, у тым ліку і былых кандыдатаў у прэзыдэнты? Разважае Юры Дракахруст. Цалкам чытайце па спасылцы.