Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Эўрадэпутаты заклікаюць беларускія ўлады правесьці дэмакратычныя і бясьпечныя выбары

Дзесяць дэпутатаў Эўрапарлямэнту падпісаліся пад адкрытым лістом, у якім выказваюць салідарнасьць зь беларусамі ў змаганьні з каранавіруснай інфэкцыяй, супраць якой, на іх думку, беларускія ўлады не зрабілі адэкватных захадаў.

«Як абраныя дэпутаты Эўрапарлямэнту і сябры беларускага народу мы хацелі б выказаць захапленьне вашай мужнасьцю і рашучасьцю, праяўленымі ў гэты выпрабавальны час, і такім чынам кампэнсаваць, наколькі гэта магчыма, няздольнасьць беларускай улады ацаніць памер патэнцыйнага распаўсюду COVID-19 і, адпаведна, зрабіць адэкватныя захады. Сьведчаньне гэтага — маштаб самаарганізацыі звычайных грамадзян, якія шчодра дапамагаюць адзін аднаму, а таксама найбольш уразьлівым, і адвага, якую праяўляюць мэдычныя працаўнікі», — пішуць дэпутаты ў лісьце. Цалкам чытайце тут.

Жыхары Гомля сталі ў чаргу, каб падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую. ВІДЭА

Жыхары Гомля 28 траўня выстраіліся ў чаргу, каб пакінуць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую, якая вылучаецца кандыдатам на прэзыдэнта.

Чаму патэнцыйныя кандыдаты ігнаруюць беларускую мову

Беларуская мова на цяперашнім этапе перадвыбарчай кампаніі практычна не гучыць з вуснаў асноўных прэтэндэнтаў. Пад асноўнымі я маю на ўвазе тых, хто прыцягвае найбольшую ўвагу публікі. Гэта Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, які ўдзельнічае ў перадвыбарчым працэсе праз асобу сваёй жонкі Сьвятланы, а таксама Валер Цапкала. Ад гэтых пэрсонаў чакаюць у блізкай будучыні чагосьці дадатковага, апроч удзелу ў выбарах, піша Севярын Квяткоўскі ў новым блогу. Чытайце па спасылцы.

Хто, калі не Лукашэнка? Спыталі менчукоў на Трактарным заводе. ВІДЭА

Свабода папытала ў мінакоў у раёне Менскага трактарнага заводу, ці бачаць яны альтэрнатыву дзейнаму кіраўніку Беларусі.

«Гэта не дэжавю». Беларускія выбары 2020 вачыма польскага аналітыка

Размова з Ганнай-Марыяй Дынэр, аналітыкам Польскага інстытуту міжнародных спраў у Варшаве.

Сьцісла:

  • сабраць патрэбныя подпісы здолеюць 5–6 кандыдатаў;
  • кампанія цікавая перш за ўсё ўдзелам новых гульцоў;
  • кампанія цікавая яшчэ і тым, што праходзіць на тле дрэнных беларуска-расейскіх адносін;
  • абставіны пандэміі і яе эканамічныя наступствы кепска ўплываюць на рэйтынг Лукашэнкі, хоць ён застаецца выбарчым фаварытам;
  • беларусам ужо надакучыла «традыцыйная апазыцыя»;
  • наймацнейшы апанэнт Лукашэнкі — Бабарыка.

Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі адказаў на скаргі аб прымусовым зборы подпісаў

Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, які ўзначальвае выбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі, адказаў у «Фэйсбуку» на скаргі людзей у сацыяльных сетках пра тое, як у дзяржаўных установах прымушаюць супрацоўнікаў падпісвацца за вылучэньне Лукашэнкі.

«Схема да банальнага простая. „На каленцы“ фабрыкуецца нібыта афіцыйны ліст аб прымусовым уключэньні людзей у ініцыятыўную групу дзейнага прэзыдэнта. Натуральна, на паверку ўсе прозьвішчы і імёны аказваюцца выдуманымі, як і факт прымусовага ўключэньня ў групу», — заяўляе Орда. Цалкам чытайце па спасылцы.

Які патэнцыйны кандыдат самы беларускамоўны?

Выбары 2020 году могуць стаць першымі ў гісторыі Беларусі, удзельнічаць у якіх ня будзе нацыянальна-дэмакратычная апазыцыя. На гэты момант да яе можна аднесьці толькі трох з патэнцыйных 14 кандыдатаў — Вольгу Кавалькову, Юрыя Губарэвіча і Мікалая Казлова. Аднак усе яны выбарчую кампанію зьбіраюцца праводзіць выключна ў інфармацыйных мэтах і спыняцца на моманце падачы сабраных подпісаў у ЦВК.

Свабода паспрабавала разабрацца, ці застанецца пасьля гэтага беларуская мова ў выбарчай кампаніі, паназіралўшы за мовай кампаній зарэгістраваных ініцыятыўных груп. Чытайце па спасылцы.

БНФ не падтрымае ніводнага з кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах, будзе назіраць

Упершыню ў гісторыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі найстарэйшая апазыцыйная партыя ігнаруе выбарчую кампанію.

Як сказаў Свабодзе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў (на фота), згодна пастановай Сойму прынята рашэньне ня ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.

Партыя не падтрымае і свах саюзьнікаў па правацэнтрысцкай кааліцыі, якія зарэгістравалі ініцыятыўныя групы для збору подпісаў.

Тым ня менш, адзначыў палітык, Партыя БНФ ня будзе замінаць сваім сябрам, якія далучыліся да ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на высокую пасаду і цяпер зьбіраюць за іх подпісы. Гэта самастойнае рашэньне кожнага, удакладніў ён.

Таксама Партыя БНФ застаецца дзейным чальцом кампаніі назіраньня «Права выбару». Вылучэнцы будуць адсочваць ня толькі магчымыя фальсыфікацыі ў часе выбарчай кампаніі, але і тое, як выконваюцца захады бясьпекі на выбарчых участках ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Колькі на рахунках прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду

Цэнтравыбаркам апублікаваў зьвесткі пра паступленьні на выбарчыя рахункі ўдзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі.

Каманда Андрэя Дзьмітрыева
Каманда Андрэя Дзьмітрыева

Згодна з заканадаўствам, прэтэндэнты могуць адкрыць спэцыяльныя рахункі, зь якіх фінансуецца дзейнасьць у рамках перадвыбарнай кампаніі. Памер фонду ня можа перавышаць 9 тысяч базавых велічынь, гэта значыць 243 тысяч рублёў.

На гэты момант больш за ўсё сродкаў паступіла на рахунак Віктара Бабарыкі — амаль 155 000 рублёў, зь іх ужо патрачана больш за 23 000. На рахунку Валерыя Цапкалы каля 30 000 рублёў (патрачана 1285). У Ганны Канапацкай — 3 000 рублёў (выдаткавана 2 400). Андрэю Дзьмітрыеву паступілі 2 рублі, астатнім удзельнікам кампаніі — нічога.

Прэтэндэнтам у кандыдаты на выбарах-2020 дазволена адкрываць рахункі цягам усёй кампаніі, рэквізыты апублікаваныя на сайце ЦВК.

Фізычныя асобы маюць права ахвяраваць ня больш за 20 базавых велічынь (540 рублёў), юрыдычныя — ня больш за 50 базавых велічынь (1350). Таксама ўдзельнікі кампаніі могуць сфармаваць фонд за кошт уласных сродкаў.

Нечаканасьці на выбарах у Беларусі будуць, але мы пра іх не даведаемся, — былы дарадца Пуціна

Ці ўсё перадвызначана на выбарах у Беларусі? Якую пазыцыю адносна гэтых выбараў зойме Масква? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Глеба Паўлоўскага, расейскага публіцыста, выдаўца, палітоляга, паліттэхноляга, у 1996–2011 гадах — кансультанта расейскіх прэзыдэнтаў Барыса Ельцына і Ўладзіміра Пуціна.

«Я б зьдзівіўся, калі б падчас выбараў Масква распачала адкрытае ўмяшаньне ў выбары на баку нейкіх канкурэнтаў Лукашэнкі. Але ў мяккай форме гэта, безумоўна, будзе», — кажа ён.

Чытаць інтэрвію >>

Пікет за Ціханоўскую стаў самым масавым у Магілёве з 1994 году

Каманда патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай правяла ў Магілёве пікет па зьбіраньні подпісаў у падтрымку вылучэнкі — самы масавы ад 1994 году, калі ў Беларусі быў уведзены інстытут прэзыдэнцтва.

Бабарыка: Мы сабралі 50 тысяч подпісаў за тры дні

Удзельнік прэзыдэнцкай гонкі, былы банкір Віктар Бабарыка ў звароце да людзей са сваёй ініцыятыўнай групы паведаміў, што за тры дні сабрана ўжо больш як 50 тысяч подпісаў за яго вылучэньне.

Паводле Бабарыкі, такая вялікая колькасьць сабраная ўпершыню ў гісторыі Беларусі. Пры гэтым ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі заяўляла, што за таго сабрана ўжо 200 тысяч подпісаў.

«Калі няма людзей побач, могуць маску прыспусьціць». Як зьбіральнікі подпісаў засьцерагаюць сябе і людзей ад каранавірусу

Цэнтральная выбарчая камісія рэкамэндуе сябрам ініцыятыўных груп падчас збору подпісаў насіць маскі і пальчаткі ды захоўваць сацыяльную дыстанцыю.

Ці выконваецца гэтая рэкамэндацыя і як да яе ставяцца прэтэндэнты на кандыдацтва ў прэзыдэнты? Чытайце па спасылцы >>

«Прыйшлі з ужо гатовымі падпіснымі аркушамі». Людзі скардзяцца, што прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку

Калі на чацьвёрты дзень ад пачатку збору подпісаў (прычым два з гэтых дзён былі выходныя) ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі заявіла, што сабрала ўжо 200 тысяч, людзі ў сацыяльныя сетках, Telegram-каналах пачалі расказваць, як на іх ціснуць і прымушаюць падпісвацца.

Паводле такіх расказаў, асабліва «шчыруюць» кіраўнікі бюджэтных арганізацый, школ. Свабода зьвязалася з кіраўнікамі некаторых школ і прадпрыемстваў. Як яны гэта пракамэнтавалі, чытайце па спасылцы >>

Шэсьць патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта адкрылі выбарчыя рахункі

Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала абноўлены сьпіс выбарчых рахункаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Па стане на 27 траўня ў сьпісе шэсьць рахункаў.

Рахункі маюць:

  • Андрэй Дзьмітрыеў;
  • Віктар Бабарыка;
  • Алесь Таболіч;
  • Ганна Канапацкая;
  • Сьвятлана Ціханоўская;
  • Валер Цапкала.

«Мы рабілі ўсё няправільна, я рабіў глупствы». Падкаст-спрэчка Дашкевіча і Карпава без мадэратара

Прадпрымальнік і грамадзкі дзяяч Зьміцер Дашкевіч — прыхільнік байкоту прэзыдэнцкіх выбараў. Паэт і дызайнэр Стась Карпаў пойдзе на выбары 9 жніўня і прагаласуе. У падкасьце Свабоды яны 30 хвілінаў спрабавалі пераканаць адзін аднаго, чыя пазыцыя больш слушная. Слухайце і чытайце па спасылцы.

Бел-чырвона-белы сьцяг за Бабарыку і чарга да Ціханоўскай. Як зьбіраюць подпісы

Колькі подпісаў можна сабраць за дзень і што гавораць людзі на просьбу падпісацца — паглядзелі, як стаяць у пікетах сябры розных ініцыятыўных груп. Пікета, дзе зьбіраюць подпісы «за Лукашэнку», так і не знайшлі.

Афіцыйна этап збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў пачаўся адразу ж пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных груп 20 траўня. Аднак на практыцы зьбіраць подпісы патэнцыйныя кандыдаты пачалі ў лепшым выпадку на наступны дзень, калі атрымалі падпісныя лісты і пасьведчаньні для сябраў сваіх ініцыятыўных груп. Свабода паназірала за зборам подпісаў за кандыдатаў. Чытайце рэпартаж па спасылцы >>

Цапкала заклікаў пакінуць Лукашэнку ў гісторыі — разам са сьвінкамі, кароўкамі, кавунамі

Вечарам 26 траўня ў Магілёве на сустрэчу са сваёй ініцыятыўнай групай прыехаў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала. Гэты горад — радзіма ягонай жонкі.

Сярод іншага ён сказаў пра лёс Лукашэнкі ў выпадку перамогі Цапкалы:

«Я лічу, што мы павінны проста перагарнуць старонку і пакінуць Лукашэнку там, дзе ён знаходзіцца. А менавіта — у гісторыі, у гэтых традыцыйных сельскіх укладах, у тым, што яму падабаецца: сьвінкі там, кароўкі, экалягічна чыстае малако. Кавуны ён зьбірае, па 4 мяшкі бульбы ў Крэмль прыносіць. Калі ласка, няхай гэтым займаецца ў адной з рэзыдэнцыяў. Хай жыве гэтым, таму што відаць жа, што ён робіць гэта з вялізным азартам. А мы павядзём Беларусь наперад — у будучыню».

Пра што яшчэ сказаў Цапкала >>

«Ставяцца, як да Зяленскага ва Ўкраіне». Удзельнік прэзыдэнцкай гонкі Алесь Таболіч прасоўвае нацыянальную ідэю

Лідэр гурту Znich, тату-майстар, дызайнэр і мастак Аляксандар Рыгоравіч Таболіч сёлета вырашыў удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Ягоную ініцыятыўную групу зарэгістравалі пад нумарам 13, і яна зьбірае подпісы. Праўда, колькі ўжо сабралі, Таболіч яшчэ сказаць ня можа.

Паразмаўлялі з Аляксандрам Рыгоравічам пра тое, ці можа эканоміка выжыць без нацыянальнай ідэі і навошта яму прэзыдэнцкія выбары.

Што ён расказаў і што сьпявае >>

Хто з магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта вам найбліжэйшы? Прагаласуйце!

Прагаласуйце тут>>>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG