Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Бабарыка заявіў, што за яго сабралі 35 тысяч подпісаў

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, банкір Віктар Бабарыка сьцьвярджае ў Telegram, што за яго вылучэньне ўдалося сабраць ужо 35 000 подпісаў, хоць яшчэ не раздалі ўсе пасьведчаньні чальцоў ініцыятыўнай групы.

Ініцыятыўная група Бабарыкі налічвае звыш 8 тысяч чальцоў, гэта рэкорд для апанэнтаў Лукашэнкі. Збор подпісаў трывае ад 21 траўня да 19 чэрвеня ўключна, для вылучэньня кандыдата трэба сабраць 100 тысяч.

Раней «Белая Русь» заявіла, што нібыта сабрала за Аляксандра Лукашэнку 200 тысяч подпісаў за чатыры з паловай дні, зь якіх два былі выходнымі. Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч заяўляў, што за яго сабралі 30 тысяч подпісаў — але ён зьняўся з выбараў і падтрымаў Лукашэнку.

Падтрымка Лукашэнкі на выбарах з боку РФ малаімаверная, але гуляць супраць яго ня будуць — расейскі паліттэхноляг

Ці ўсё перадвызначана на сёлетніх выбарах у Беларусі? Якую пазыцыю зойме Масква? Якія шанцы і на што маюць Віктар Бабарыка, Валер Цапкала і Сяргей Ціханоўскі? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да аднаго з самых вядомых расейскіх паліттэхнолягаў Яўгена Мінчанкі.

Ён не выключае, што Бабарыка і Цапкала «на нейкім этапе будуць інкарпараваныя ў каманду Лукашэнкі», а пра Ціханоўскага кажа як пра «тырана» і «інструмэнт расхістваньня сытуацыі».

Чытаць далей >>

Бабарыка можа стаць больш прадказальным для Крамля, чым Лукашэнка, — палітоляг

Кіраўнік Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў палітоляг Пётар Рудкоўскі адказвае на пытаньне, навошта альтэрнатыўныя кандыдаты бяруць удзел у гэтай кампаніі, тлумачыць, у якім выпадку Крэмль адчуў бы для сябе рызыку, і дае (пэсымістычны) прагноз на вынікі выбараў.

Сьцісла:

  • Сюрпрызаў ня будзе, 75–80 працэнтаў «забясьпечаць» Лукашэнку традыцыйным мэтадам
  • Калі будзе выразна адчувацца электаральны посьпех, напрыклад, Бабарыкі — то сыстэма адчуе, што «кароль слабее»
  • Рызыкамі для Крамля была б адназначная эўраатлянтычная інтэграцыя Беларусі альбо (і) жорсткая беларусізацыя.
  • Лукашэнка — ня мара Крамля, гэта вельмі спрэчны і складаны партнэр.

Цалкам чытайце па спасылцы.

Жыхары Баранавічаў сталі ў чаргу, каб падпісацца за Ціханоўскую. ФАТАФАКТ

Жыхары Баранавічаў 26 траўня выстраіліся ў чаргу, каб пакінуць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую, якая вылучаецца кандыдатам на прэзыдэнта, піша Intex-press.by.

«Я не магу быць прастытуткай». Што стаіць за дэмаршам Гайдукевіча?

Адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч зьняўся з выбараў. Прычым свайго рашэньня ніяк не патлумачыў. Ягоная сумбурная, няўцямная, супярэчлівая заява толькі напусьціла туману. Гэта заява вельмі разгубленага чалавека, разважае ў блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч.

Сьцісла:

  • Гэта не было самастойным рашэньнем Алега Гайдукевіча.
  • Заклік Гайдукевіча галасаваць за Лукашэнку — ускоснае прызнаньне, хто яму прадыктаваў такое рашэньне.
  • Першапачатковы сцэнар уладаў на хаду моцна памяняўся. Бо зьявіліся нечаканыя кандыдаты. І ў новым сцэнары месца Гайдукевічу ўжо няма.
  • Магчыма, Лукашэнка хоча штучна змадэляваць жорсткую схему «Адзін супраць усіх». А ў такой мадэлі спойлеры не патрэбныя.

Цалкам чытайце па спасылцы.

Як прайшоў пікет у падтрымку Цапкалы ў Менску. ВІДЭА

26 траўня ў Менску прайшоў другі пікет для збору подпісаў у падтрымку вылучэньня Валера Цапкалы кандыдатам у прэзыдэнты. Паслухалі, што кажуць людзі, якія прыйшлі падтрымаць былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў.

«Белая Русь» заявіла, што сабрала 200 тысяч подпісаў за Лукашэнку. Як гэта магчыма?


Інтэрнэт-супольнасьць горача абмяркоўвае, як магчыма было сабраць 200 тысяч подпісаў за дзейнага прэзыдэнта, калі пікетаў па зборы подпісаў не было. «Белая Русь» сьцьвярджае, што без праблем — у выходныя працавалі 155 грамадзкіх прыёмных, да таго ж у РГА 190 тысяч сябраў. Аднак зьбіраць подпісы маюць права толькі сябры ініцыятыўнай групы. А ў групе Аляксандра Лукашэнкі каля 11 тысяч чалавек. Свабода разьбіралася ў сытуацыі.

Галасы пратэсту. Што кажуць людзі на перадвыбарчых пікетах. ВІДЭА

Дзеці ня могуць уладкавацца на працу, няма за што набыць падарункі ўнукам, у Лукашэнкі адны абяцанкі. Што кажуць людзі, якія падыходзяць да выбарчых пікетаў.

«Народны прэзыдэнт» у 1994-м і «народны блогер» у 2020-м: калі беларусы слухаюць сэрца

На сустрэчы зь Сяргеем Ціханоўскім (якога называюць «народным блогерам») у Слуцку мясцовы жыхар сказаў карэспандэнту Свабоды: «Калі не цяпер, то калі яшчэ? Цяпер Сяргей усяліў нейкую надзею. Усе гэтыя 26 гадоў, што існуе апазыцыя, ніхто столькі не зрабіў, колькі Сяргей за год, адкрыў людзям вочы». Пра фэномэн Ціханоўскага разважае ў блогу Сяргей Навумчык.

Сьцісла

  • Ціханоўскі кажа практычна тое самае, што гаворыць палітычная апазыцыя, але ён кажа гэта іншымі словамі​
  • Ціханоўскага ўспрымаюць гэтаксама, як і Лукашэнку ў 1994 годзе
  • Для перамогі Лукашэнкі ў 1994 годзе значным фактарам было нежаданьне людзей ізноў бачыць старую ўладу, пэрсаніфікаваную ў вобразе Кебіча
  • Калі дыстанцыя паміж уладай і народам дасягае максымальнай велічыні, народ перастае давяраць партыям, дыскусіям
  • Чарговая «элегантная перамога» толькі ўзмоцніць у людзей прагу простых і хуткіх рашэньняў

Блог цалкам чытайце па спасылцы.

«Не магу быць прастытуткай»,— Алег Гайдукевіч зьняўся з выбараў, заклікаў падтрымаць Лукашэнку

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч заявіў 26 траўня, што вырашыў зьняцца з прэзыдэнцкіх выбараў і дадаў, што сабраныя 30 тысяч подпісаў за яго перадасьць у штаб Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Гайдукевіча, ён разумее, што на гэтых выбарах не пераможа, а «проста піярыцца» ня будзе.

«Я лічу, што нельга дапусьціць злому краіны, — сказаў Гайдукевіч. — Я заклікаю ўсіх пайсьці на выбары і прагаласаваць за дзейнага прэзыдэнта. Гэта не 2010 год, калі ЛДП зьнялася з выбараў, назваўшы іх цыркам. Я не магу быць прастытуткай, я буду адстойваць свае перакананьні. Я лічу, што мы павінны адстаяць сваю краіну і пасьля выбараў пачаць рэформы. Усе кандыдаты, якія засталіся, акрамя дзейнага прэзыдэнта, яны ўсе выступаюць за злом краіны». Цалкам чытайце тут.

Вярхоўны суд не задаволіў апэляцыі «кандыдатаў пратэсту»

Вярхоўны суд 26 траўня разгледзеў скаргі на нерэгістрацыю ініцыятыўных груп 19 «кандыдатаў пратэсту». Усе апэляцыі Вярхоўны суд пакінуў без задавальненьня.​

Паводле ЦВК, шэраг зьвестак адносна 38 чалавек з 560 у ініцыятыўных групах не адпавядае рэчаіснасьці, а таксама ў склад ініцыятыўнай групы ўключаныя 47 чалавек, якія ня ведаюць пра існаваньне такой групы або не давалі згоды на ўдзел.

«Кандыдаты пратэсту» лічаць адмову незаконнай. Скаргу падавалі паплечнікі Міколы Статкевіча: Анжаліка Жалезьнякова, Вераніка Мішчанка, Аляксандар Грачышнікаў, Вольга Мікалайчык, Вікторыя Хатэнка, Ігар Кляшчук, Валянцін Фралоў і Антаніна Вішнякова.

Цапкала: кандыдаты ў няроўных умовах, 200 тысяч подпісаў за Лукашэнку маглі сабраць толькі прымусова

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала заявіў 26 траўня на перадвыбарчым пікеце ў Менску, што кандыдаты знаходзяцца ў няроўных умовах, і адзначыў, што 200 тысяч подпісаў за Аляксандра Лукашэнку маглі сабраць толькі «калі пайсьці па ўсіх заводах і пачаць зьбіраць у прымусовым парадку». Усе заявы Цапкалы чытайце па спасылцы.

«Я не чакаў, што людзі павераць». Сяргей Ціханоўскі пра жонку, апазыцыю і пляны на 9 жніўня

Свабода правяла з блогерам адзін дзень у Слуцку і даведалася, чаму ў яго дома будзе вобшук, каго з палітычнай апазыцыі ён паважае і як закахаўся ў жонку Сьвятлану. «Калі мяне пасадзілі на суткі, меў 139 тысяч падпісчыкаў, калі выйшаў — 195 тысяч», «я нікому не цікавы — ні Захаду, ні Усходу», — гэта і шмат што іншае чытайце ў вялікім інтэрвію зь Сяргеем Ціханоўскім чытайце па спасылцы >>

Цапкала раскрытыкаваў «арыстакратызацыю» беларускага спорту, заклікаў яго дэмакратызаваць

Адказваючы падчас стрыму ў сваім YouTube-канале на пытаньне, якія дысцыпліны ён хацеў бы разьвіваць і ці трапляе ў гэты пералік любімы дзейным кіраўніком Лукашэнкам хакей, Цапкала адказаў, што, нягледзячы на вялізныя ўкладаньні, Беларусь страціла пазыцыі «хакейнай дзяржавы».​

Цапкала нагадаў, што за часамі СССР працаваў у савецкай амбасадзе ў Фінляндыі і бачыў, як фіны ставяцца да хакею. Невялікія надзіманыя пляцоўкі, якія яны проста разгортвалі, ставілі халадзільнік — і ў кожнай вёсцы хлопцы гулялі ў хакей.

Праваабаронцы пачалі набор назіральнікаў за галасаваньнем на прэзыдэнцкіх выбарах

Кампанія незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары» абвясьціла набор назіральнікаў за галасаваньнем падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

«Шукаем назіральнікаў, якія змогуць сачыць за тым, што адбываецца на ўчастках краіны ў асноўны дзень выбараў, 9 жніўня, і, па магчымасьці, падчас датэрміновага галасаваньня. Асобную ўвагу варта ўдзяліць маніторынгу падліку галасоў, каб затым даць ацэнку адкрытасьці і галоснасьці выбарчага працэсу», — адзначаецца ў звароце да кандыдатаў у назіральнікі.

Выбары-2020: Лукашэнка быў, ды ўвесь выйшаў. Разважае Юры Дракахруст

Бабарыка заявіў, што хтосьці прапаноўваў яму пасаду прэм’ера за зьняцьце з выбараў

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка заявіў, што яшчэ да завяршэньня збору подпісаў за вылучэньне хтосьці прапанаваў яму «аб’яднацца» ў абмен на пасаду прэм’ера. Калі яго спыталі, хто гэта быў, ён адмовіўся казаць.

«Мне была прапанова: давайце аб’яднаемся, — заявіў Бабарыка. — Я кажу: „Як?“ „Ну вы зьніміце [сваю кандыдатуру], а мы вам дамо пасаду прэм’ер-міністра“. Я кажу: „Выдатнае аб’яднаньне“».

На пытаньне пра тое, хто ж прапаноўваў зьняцца ў абмен на пасаду прэм’ера, Бабарыка адказаў, што ня стане гэтага камэнтаваць «бяз згоды іншых асобаў», бо гэта «проста некарэктна».

«Не хацеў бы агалошваць асаблівасьці зьдзелкі». Як і хто набыў дом Цапкалы?

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала прадаў свой дом плошчай у 418,3 квадратнага мэтра кампаніі «Райффайзен-лізінг». Дом стаіць у Менску за Нацыянальнай бібліятэкай.

Прэтэнтэнт на прэзыдэнцкую пасаду Цапкала адказвае на пытаньні. УЖЫВУЮ

Удзельнік прэзыдэнцкай гонкі, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Валер Цапкала адказвае на пытаньні ў жывым эфіры.

Бабарыка сустракаецца з ініцыятыўнай групай. УЖЫВУЮ

Удзельнік прэзыдэнцкай гонкі, былы банкір Віктар Бабарыка сустракаецца зь людзьмі са сваёй ініцыятыўнай групы ў Менску і адказвае на пытаньні.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG