Экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, які летась у чэрвені вярнуўся ў склад менскай кантактнай групы, зьвярнуўся да дзейнага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага з просьбай спыніць ягоны ўдзел у перамовах аб урэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.
«Сапраўды, Леанід Данілавіч казаў, давайце перадамо мае паўнамоцтвы», — паведаміў Уладзімір Зяленскі 20 траўня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве, прымеркаванай вынікам ягонай дзейнасьці на пасадзе прэзыдэнта за першы год сваёй кадэнцыі.
Паводле Зяленскага, з такой прапановай Леанід Кучмы зьвярнуўся пасьля абнаўленьня складу ўкраінскай часткі менскай групы і прызначэньня ягоным намесьнікам віцэ-прэм’ера Аляксея Рэзьнікава, які адначасова працуе на пасадзе міністра ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый.
У той жа час Уладзімір Зяленскі папрасіў Леаніда Кучму працягваць працу ў менскай групе на час яе рэфармаваньня:
«Давайце пачакаем абнаўленьня групы, і тады вы вырашыце: калі вы стаміліся за шмат гадоў вашай складанай і важнай працы ў менскім працэсе, то добра будзе вам падзякаваць з пашанай і павагай».
Леанід Кучма быў уключаны ў склад менскай групы адмысловым распараджэньнем прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў ліпені 2014 году.
На пачатку 2016-га Леанід Кучма ўжо зьвяртаўся да Пятра Парашэнкі з просьбай замяніць яго іншаю кандыдатураю, у якасьці якой прапаноўваў яшчэ аднаго экс-прэзыдэнта — Леаніда Краўчука. Прадстаўнікі непрызнаных "ЛНР«і «ДНР» у свой час настойвалі, каб замест Леаніда Кучмы ў кантактнай групе працаваў Віктар Медзьвядчук, які мае цесныя кантакты з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.
У кастрычніку 2018 году Леанід Кучма спыніў сваю працу ў менскай групе, але пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і перамогі на іх Уладзіміра Зяленскага ў чэрвені 2019-га зноў вярнуўся ў яе склад.