Дасьледчыя кампаніі SATIO і BEROC прадставілі першыя вынікі трэцяй хвалі сацыялягічнага дасьледаваньня пра ўплыў пандэміі каранавірусу на беларусаў. Апытаньне правялі 8–11 траўня.
48,5% апытаных заявілі, што адчулі зьніжэньне сваіх даходаў за апошні месяц. Падчас папярэдніх апытаньняў у сакавіку пра зьніжэньне даходаў казалі 45% апытаных, у красавіку — 52%.
Сярод асноўных прычын падзеньня даходаў апытаныя называлі:
- скарачэньне замоваў (35% сярод тых, у каго ўпаў даход),
- скарачэньне заробкаў (27%),
- адмена прэмій (22%),
- страта падпрацоўкі (17%).
Таксама беларусы ўсё часьцей сталі сутыкацца са скарачэньнем працоўнага часу (25% у траўні супраць 17% у красавіку) і адпачынкамі за свой кошт (20% у траўні супраць 16% у красавіку).
Чакаюць беларусы і росту беспрацоўя. 5,2% апытаных страцілі працу за апошнія 2 тыдні, і толькі 1.7% знайшлі працу. 24,5% беларусаў знаёмыя з тымі, хто страціў працу — істотны рост ад 19,6% у красавіку.
Самай высокай рызыка страціць працу была ў Берасьцейскай вобласьці (8,4%) і ў малых гарадах з насельніцтвам менш як 5000 чалавек (11,5%), у людзей з прафэсійна-тэхнічнай адукацыяй (8,8%).
У цэлым удзельнікі апытаньня нэгатыўна ацэньваюць разьвіцьцё эканамічнай сытуацыі ў наступныя пару тыдняў: яны чакаюць, што ім давядзецца больш эканоміць або зьменшыць свае ашчаджэньні.
У параўнаньні з красавіком прагнозы апытаных істотна не зьмяніліся. Прычым апытаныя аднадушныя ў сваіх адказах незалежна ад рэгіёну пражываньня, полу, узросту, адукацыі, месца працы і іншага, адзначаецца ў выніках апытаньня.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ