17 траўня апоўдні ў Берасьці на плошчы Леніна зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Такія сустрэчы праходзяць там кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году.
Паводле праваабаронцы Рамана Кісьляка, у 12.40 на плошчы было прыкладна 120 чалавек. Прысутныя абмяркоўвалі суды, якія прайшлі ў Берасьці над праціўнікамі акумулятарнага заводу і мясцовымі праваабаронцамі.
Удзельнікі сёньняшняй сустрэчы адзначылі, што ўлады хочуць задушыць пратэст супраць заводу і махавік рэпрэсій не спыняецца. На наступным тыдні пачнуць судзіць яшчэ трох праціўнікаў заводу: Людмілу Карчэўскую, Валерыя Фамінскага і Паўла Кінчака. Карчэўская і Фамінскі на волі. Кінчака затрымалі 16 траўня і да суду зьмясьцілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС.
«Спробы задушыць пратэст не зламалі актывістаў. Яны яшчэ больш згуртаваліся і працягнуць дамагацца галоўнай мэты — канчатковага закрыцьця акумулятарнага заводу», — заявіў Кісьляк.
Пасьля сустрэчы на плошчы, якая доўжылася прыкладна да 12.45, праціўнікі заводу прайшлі па вуліцах Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».
- З 8 па 10 траўня былі затрыманыя і зьмешчаныя ў ізалятары часовага ўтрыманьня восем праціўнікаў заводу, а таксама праваабаронцы Раман Кісьляк і Ўладзімер Вялічкін.
- 11-15 траўня суд Ленінскага раёну Берасьця разгледзеў 12 адміністрацыйных спраў затрыманых актывістаў. Большасьць судзілі на падставе арт 23.34 КоАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у акцыях супраць заводу, якія прайшлі ў абласным цэнтры 12 красавіка і 3 траўня.
- Тры разы судзілі Дзяніса Малышэнку (агульная сума штрафаў — 110 базавых велічынь, 2.970 рублёў), двойчы — Уладзімера Мароза (60 базавых велічынь, 1.620 рублёў), Віталя Казака (110 базавых велічынь, 2.970 рублёў), Юрыя Калько (70 базавых велічынь, 1.890 рублёў). Пасьля вынясеньня пастаноў іх затрымлівалі і да новага суду зьмяшчалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Пакараныя штрафамі ў 30 базавых велічынь (810 рублёў) Алег Вялаў і Канстанцін Астапук.
- 11 траўня берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна арыштавалі на 15 дзён (за ўдзел у акцыі супраць заводу 19 красавіка). У той жа дзень з ІЧУ Ленінскага РАУС ён быў дастаўлены ў Берасьцейскую цэнтральную гарадзкую лякарню з падазрэньнем на каранавірус, якое пасьля пацьвердзілася.
- На гэтым тыдні двойчы судзілі праваабаронцу Ўладзімера Вялічкіна. 12 траўня яго аштрафавалі на 50 базавых велічынь (1.350 рублёў) за ўдзел у маршы праціўнікаў заводу 12 красавіка, а 15 траўня — на 30 базавых велічынь за ўдзел у маршы 3 траўня. За ўдзел у маршах пачалі судзіць і праваабаронцу Рамана Кісьляка, суд працягнецца 19 траўня. Пры гэтым Вялічкін і Кісьляк ня ўдзельнічалі ў акцыях супраць заводу, а назіралі за імі як праваабаронцы.
Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» пабудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Берасьце». Тут плянуюць наладзіць поўны цыкл вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасьця і Берасьцейскага раёну лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекту.
14 красавіка на анлайн-прэс-канфэрэнцыі дырэктар ТАА «АйПаўэр» Дзьмітрый Бутаў паведаміў, што акумулятарны завод плянуюць увесьці ў эксплёатацыю ў другім квартале.
Грамадзкая кампанія супраць заводу пачалася ў студзені 2018 году. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў Берасьці і Берасьцейскім раёне 325 мітынгаў, 18 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 году мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу», на які прыйшлі прыблізна дзьве тысячы чалавек.
На краўдфандынгавай плятформе MoLaMoLa вядзецца збор сродкаў у падтрымку актывістаў руху супраць акумулятарнага заводу.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.