Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2000, амбасадар ЗША ў Беларусі: Ня варта ціснуць на Расею ў справе дапамогі Лукашэнку


Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма, і заўтра, — у рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму».

У траўні 2000 году на хвалях Радыё Свабода прагучаў рэпартаж Альгерда Невяроўскага пра сустрэчу амбасадара ЗША Дэніэла Спэкгарда ў Беларусі са студэнтамі факультэту міжнародных адносін БДУ.

Амбасадар Дэніэл Спэкгард прадстаўляў Злучаныя Штаты ў час, вельмі драматычны для ўзаемаадносін паміж Менскам і Вашынгтонам, дый ня толькі; дастаткова прыгадаць высяленьне амбасадараў з рэзыдэнцый у Драздах. Спэкгард быў вопытным кар’ерным дыпляматам, а ягоныя заслугі перад беларускай дыпляматыяй былі адзначаныя мэдалём Рады БНР да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі — мелася на ўвазе ягоная дзейнасьць ня толькі ў Менску, але і пасьля таго, як ён пакінуў Беларусь.

Прыкметна, што амбасадар не асабліва стрымліваў сябе як у ацэнках сучаснага становішча ў Беларусі, гэтак і ў прагнозах. Сярод іншага, ён заявіў, што Беларусі пагражае лёс расейскага пратэктарату. І гэта не ў інтарэсах Беларусі.

Важна ўлічыць кантэкст, у якім прагучалі гэтыя словы: зусім нядаўна Менск і Масква падпісалі дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы», і хаця ў Крамлі ўжо быў новы гаспадар — Уладзімір Пуцін, заявы пра «адзіны народ», пра інтэграцыю няспынна гучалі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі, хоць ужо і ня так аптымістычна, як пры Ельцыну.

У рэпартажы ёсьць вельмі цікавы момант: на сустрэчы са студэнтамі амбасадар Спэкгард выказаўся пра рэзалюцыю Кангрэсу ЗША ў падтрымку дэмакратычных сілаў у Беларусі (з поўным яе тэкстам можна пазнаёміцца тут).

Выказаўся, трэба прызнаць, для дыплямата даволі сьмела — у тым сэнсе, што дазволіў сабе аспрэчыць некаторыя прынятыя Кангрэсам палажэньні. Выпадак, трэба прызнаць, вельмі рэдкі. Такое было магчыма толькі тады, калі паміж Кангрэсам і Дзярждэпартамэнтам ЗША існавала прынцыповае разыходжаньне ў пэўных тэмах, прычым зьнешнепалітычнае ведамства гатовае было публічна адстойваць сваю пазыцыю.

У чым жа палягала яно, гэтае разыходжаньне?

Як выглядае, у стаўленьні да Расеі. Дакладней, у некаторых адценьнях гэтага стаўленьня.

Кангрэс даволі жорстка запатрабаваў ад Масквы спыніць фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі, а амбасадар Спэкгард (лепш сказаць — Дзярждэпартамэнт) убачыў у гэтым патрабаваньні «правакацыйны момант»: маўляў, гэта адзін з галоўных прыярытэтаў вонкавай палітыкі Масквы.

Можна было зразумець і так: навошта злаваць Маскву?

Хто меў рацыю ў гэтай ня вельмі артыкуляванай спрэчцы, Кангрэс ці Дзярждэпартамэнт, паказаў час: за наступныя дваццаць гадоў прыярытэты вонкавай палітыкі Крамля вельмі істотна пашырыліся, у тым ліку геаграфічна — як лічыць шмат хто ў Вашынгтоне, аж да выбарчых участкаў у ЗША.

Эфір 16 траўня 2000 году, Альгерд Невяроўскі.

Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Дэніэл Спэкгард заявіў сёньня, што ЗША заўжды выступалі за вольную, дэмакратычную й незалежную Беларусь. Аднак дыплямат лічыць, што Злучаныя Штаты не павінны патрабаваць ад Расеі спыніць фінансавую дапамогу афіцыйнаму Менску, бо такі ціск не прынясе пажаданага плёну.

Гэтыя заявы амбасадар Спэкгард зрабіў сёньня ў часе сустрэчы са студэнтамі факультэту міжнародных стасункаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

На пачатку спатканьня амбасадар ЗША выказаў сваё захапленьне беларускай моладзьдзю, асабліва такой інтэлігентнай і адукаванай, якая вывучае міжнародныя стасункі. Спадар Спэкгард сказаў, што зайздросьціць маладым беларусам, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве сваёй маладое краіны.

Ён таксама пазнаёміў студэнтаў з амэрыканскімі вонкавапалітычнымі прыярытэтамі. Паводле словаў спадара Спэкгарда, і перад беларусамі, і перад амэрыканцамі, і перад іншымі народамі стаяць адны й тыя ж задачы — захаваньня глябальнае бясьпекі й прадухіленьня збройных канфліктаў. З гэтае нагоды Дэніэл Спэкгард працытаваў дзяржаўнага сакратара ЗША Мадлэн Олбрайт, на думку якой у міжнародных стасунках галоўным ёсьць стабільнасьць, інтэнсіўнае разьвіцьцё эканомікі й захаваньне каштоўнасьцяў дэмакратыі ды правоў чалавека.

Пасьля амбасадар Злучаных Штатаў адказваў на пытаньні студэнтаў і выкладчыкаў. Прысутных галоўным чынам цікавіла ацэнка спадаром Спэкгардам беларуска-амэрыканскіх двухбаковых стасункаў, а таксама адносіны да вайны ў Косаве. Даволі нечаканым быў камэнтар Дэніэла Спэкгарда да прынятай нядаўна рэзалюцыі ў пытаньні Беларусі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.

(Спэкгард: ) «Што адбылося пасьля прыняцьця рэзалюцыі — гэта ўздым значэньня беларускага пытаньня ў амэрыканскай палітыцы.

Калі быць шчырым з вамі — найбольшы выклік, які стаіць перада мною як перад амбасадарам, гэта тое, што ў Вашынгтона часам не хапае разуменьня рэальнае сытуацыі ў Беларусі. Калі глядзець зь Беларусі, складаецца ўражаньне, што Злучаныя Штаты толькі тым і займаюцца, што аказваюць прэсінг на вашую краіну. Але гэта ня так. Проста ЗША заклапочаныя тым, што Беларусь не ідзе да эканамічнае стабільнасьці.

Цяперашні шлях, абраны Беларусьсю, вядзе да таго, што краіна робіцца расейскім пратэктаратам. Злучаныя Штаты лічаць, што гэты шлях не ў інтарэсах Беларусі. Беларусь павінна мець нармальную эканоміку, быць незалежнай і дэмакратычнай дзяржаваю», — сказаў спадар Спэкгард.

Дыплямат выказаў засьцярогу адносна таго, што пад выглядам інтэграцыі з Расеяй Беларусь можа стаць разьменнай манэтаю ў больш буйной гульні.

Разам з тым амбасадар ЗША адзначыў, што ў рэзалюцыі кангрэсмэнаў быў, на ягоную думку, і правакацыйны момант. Дэніэл Спэкгард лічыць, што ня варта аказваць ціск на Расею, каб тая спыніла фінансавую дапамогу Менску. Амбасадар кажа, што такая тактыка наўрад ці будзе мець посьпех, паколькі падтрымка Масквою Беларусі ёсьць адным з галоўных прыярытэтаў ейнае вонкавае палітыкі. Большы плён у кірунку дэмакратызацыі палітычнае сыстэмы Беларусі, на думку дыплямата, можа даць праца па лініі АБСЭ.

Дэніэл Спэкгард таксама паведаміў, што быў расчараваны тым, што Беларусь разам з Расеяй зьбіраюцца ствараць 300-тысячную вайсковую групоўку. На ягоны погляд, гэтае рашэньне было прынятае, зыходзячы з састарэлых канцэпцый адносна таго, што ўяўляе пагрозу бясьпецы Беларусі.

На думку спадара Спэкгарда, пагроза для Беларусі паходзіць ня з боку заходніх дзяржаваў — яна заключаецца ў росьце злачыннасьці, а таксама ў іншых унутрыбеларускіх фактарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG