Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігара Герменчука, які зрываў маскі, зьбілі да крыві


Ігар Гермянчук у рэдакцыі часопіса «Кур'ер». Здымак Сяргея Грыца. Канец 2001 году
Ігар Гермянчук у рэдакцыі часопіса «Кур'ер». Здымак Сяргея Грыца. Канец 2001 году

У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году ў Вярхоўным Савеце Беларусі адбыўся напад атраду ўзброеных людзей у масках на дэпутатаў, якія пратэставалі супраць рашэньня Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум. Ігар Гермянчук аказаў супраціў, зрываў маскі. Яго зьбілі найбольш, да крыві.

Генпракуратура будзе расьсьледаваць напад на дэпутатаў. Балазе тое, што адбылося ноччу, будзе запісана на відэа. Але ўсё ператворыцца ў балаган: з пракурораў пазьдзекуюцца, прышлюць урывак запісу, як пасьля вялізных цэнзарскіх нажніц. «Біць проста, але прызнацца страшна», — напіша Гермянчук у «Свабодзе».

У сёньняшняй, «чырвона-зялёнай» Беларусі героі ня тыя, хто здабываў незалежнасьць, а тыя, хто ёю карыстаецца. Але калісьці Беларусь зможа перажыць зацяжную хваробу. І ўшануе сваіх сапраўдных герояў.

Адным зь іх быў Ігар Гермянчук. Васіль Быкаў назваў яго аднойчы самым гераічным рэдактарам самай гераічнай беларускай газэты. Што гэта была за газэта? «Свабода».

Дэпутат адзінага ў гісторыі Беларусі сапраўднага парлямэнту — Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Гермянчук зрабіў сваю газэту інструмэнтам змаганьня за тое, каб Беларусь, патаптаўшыся на гістарычным раздарожжы, не апынулася паўторна там, дзе асоба чалавека нічога ня значыць, дзе свабоду топчуць міліцэйскія боты, дзе ўлада належыць аднаму-адзінаму чалавеку, нічым не абмежаваная. Дзе ўсім пагалоўна будзе загадана пад страхам пакараньня здаць адбіткі пальцаў.

Дэпутат Ігар Гермянчук (у цэнтры) у Вярхоўным Савеце БССР, 4 кастрычніка 1990 года
Дэпутат Ігар Гермянчук (у цэнтры) у Вярхоўным Савеце БССР, 4 кастрычніка 1990 года

Красавік — месяц у біяграфіі Ігара Герменчука з трыма ступенямі небясьпекі. Першая. 25 гадоў таму генэральны пракурор Шаладонаў патрабаваў у дэпутатаў Вярхоўнага Савету пазбавіць Герменчука недатыкальнасьці. Дэпутаты яго ня здалі. «Пранесла». Але за якое такое злачынства на рэдактара «Свабоды» была заведзена крымінальная справа? За публікацыю паэмы «Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт». Пад заслону 1994 году. За сам толькі факт. Газэту сканфіскавалі, і да чытачоў нумар ня трапіў. Але мэта была дасягнута: ён апынуўся ў «самага галоўнага чытача».

У краіне эўрапейскай, з дэмакратычнымі падмуркамі, з падзелам уладаў на тры галіны, са значнай роляй прэсы паэма засталася б паэмай. У краіне дрымучай, палітычна адсталай, якой была Беларусь, усе міліцэйскія сілы былі кінутыя на пошукі якогасьці Ведзьмака Лысагорскага, аўтара «Лукі Мудзішчава». І якое гумарыстычнае супадзеньне! Ведзьмака Лысагорскага шукаў раней Машэраў. За першую паэму — «Сказ пра Лысую гару». Цяпер шукаў Лукашэнка. Гэта стала справай надзвычайнай дзяржаўнай важнасьці. Фармулёўка з Крымінальнага кодэксу гучала безапэляцыйна — «За зьнявагу прадстаўніка ўлады». Але хіба Гермянчук — Вядзьмак Лысагорскі? Няважна! Ён надрукаваў.

Ігар Гермянчук і Сяргей Астраўцоў у рэдакцыі «Свабоды» на Іванаўскай. Канец 1997 году
Ігар Гермянчук і Сяргей Астраўцоў у рэдакцыі «Свабоды» на Іванаўскай. Канец 1997 году

Газэту ўсё мацней бралі ў яжовыя рукавіцы. Гісторык Аляксандар Кур’яновіч пісаў, як пры канцы сакавіка 1995-га Лукашэнка ў парлямэнце выступаў па пытаньні «свабоды прэсы». Палымяна, эмацыйна, зьвяртаючыся да калегі Герменчука дэпутата Навумчыка:

«Будет вам, господин Наумчик, вы прекрасно знаете, сколько у нас государственных газет, и сколько у нас газет частных, и насколько я задушил вашу „желтую газетенку“, которая поливает грязью не только президента, но и всех тех, кто рядом прошел с этим президентом. Она делает это до сих пор (днём раней, 20 сакавіка 1995 году, Лукашэнка назваў „Свабоду“ „фашистской газетой“)».

Неўзабаве кіраўнік дзяржавы заявіў, што дзейнасьць газэты «лежит вне рамок цивилизованной журналистики». Карацей, «прыгвазьдзіў да слупа ганьбы». Нічога добрага Герменчуку пасьля гэтага чакаць не выпадала.

Апошні нумар газэты «Свабода»
Апошні нумар газэты «Свабода»

«Свабода» была той барыкадай, на якой змагаліся за годнае беларускае жыцьцё. І сам Гермянчук быў у ёй нібы чалавекам-аркестрам. Газэта стала для яго жыцьцём. Сілы, аднак, былі няроўныя. Беларусь зрабілася, лічыце, сярэднеазіяцкай краінай у цэнтры Эўропы. А «Свабоду» забаранілі, пры канцы 1997-га. Свабода для існай улады — той ранішні прамень сонца, ад якога ёй наканавана некалі загінуць.

Красавік 2002-га стане для Герменчука апошнім. Рак не пакіне шанцаў. Ён мужна будзе трываць боль. Па дактарах, каб выпісалі моцныя абязбольваючыя сродкі, не хадзіў. Калі прыяжджала на выклік хуткая, яму калолі звычайныя, якіх хапала ненадоўга.

Калі Беларусь стане свабоднай, дэмакратычнай, у сталіцы будзе праспэкт газэты «Свабода», а ня ленінскай «Правды» як цяпер. Свабода застаецца вельмі важным паняцьцем для беларусаў, словам, якое патрэбна як паветра. Без свабоды нічога ня будзе. Гермянчук гэта разумеў.

Пра ўсё ўзгаданае тут — мая новая кніга «Спадар Свабода», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды. ХХІ стагодзьдзе». Яна — пра Ігара Герменчука, пра газэту «Свабода», пра змаганьне за Беларусь у 1990-х гадах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG