Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт ухваліў пагадненьне зь Беларусьсю пра таньнейшыя візы


Эўрапарлямэнт 13 траўня прагаласаваў за пагадненьні зь Беларусьсю аб вяртаньні асобаў бяз права знаходжаньня на тэрыторыі ЭЗ (рэадмісіі) і аб выдачы кароткатэрміновых візаў.

За пагадненьне аб палягчэньні выдачы візаў прагаласавалі 634 эўрадэпутаты, супраць — 48, яшчэ 4 устрымаліся. За пагадненьне аб рэадмісіі прагаласавалі 560 дэпутатаў, супраць — 117, устрымаліся 13.

Згодна з пагадненьнем аб рэадмісіі Беларусь абавязваецца прымаць на сваю тэрыторыю грамадзян, якія парушылі ўмовы ўезду на тэрыторыю ЭЗ або ўмовы знаходжаньня ў ЭЗ. Пагадненьне датычыць як асобаў, якія маюць дазвол на пражываньне ў ЭЗ або дзейную візу, выдадзеную Беларусьсю, так і тых, хто незаконна трапіў на тэрыторыю ЭЗ пасьля знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі або транзыту празь яе.

Згодна з пагадненьнем аб палягчэньні выдачы візаў, плата за візу для беларусаў, якія едуць на тэрыторыю ЭЗ на тэрмін да 90 дзён у любы 180-дзённы пэрыяд, будзе зьніжаная да 35 эўра (некаторыя катэгорыі падарожнікаў будуць вызваленыя ад гэтай аплаты). Тэрмін для разгляду зваротаў аб выдачы візаў у кансулятах будзе скарочаны да 10 дзён.

Некаторыя катэгорыі беларускіх грамадзян, такія як журналісты, студэнты і ўдзельнікі афіцыйных дэлегацый, змогуць атрымліваць візы для шматразовага ўезду, якія будуць дзейнічаць даўжэй, і ім трэба будзе прадстаўляць менш дакумэнтаў для абгрунтаваньня мэты паездкі.

Тэксты пагадненьняў былі падпісаныя ў студзені пасьля перамоваў, якія цягнуліся больш за пяць гадоў. Дамову з эўрапейскага боку яшчэ мае зацьвердзіць Рада Эўразьвязу. Яна набудзе моц на першы дзень наступнага месяца пасьля гэтага. Гэта значыць, не раней за 1 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG