Праз узмацненьне рэцэсіі і зьніжэньне ўнутранага і вонкавага попыту, выкліканых пандэміяй каранавірусу, падзеньне ВУП Беларусі сёлета складзе 5%. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР).
У параўнаньні зь мінулым лістападам, прагноз росту ВУП Беларусі пагоршаны на 6,3 працэнтнага пункта. Банк чакае, што эканоміка краіны зможа аднавіць рост да 3,5% у 2021 годзе.
Паводле справаздачы «Рэгіянальныя эканамічныя пэрспэктывы», падзеньне прамысловай вытворчасьці ў Беларусі было выклікана ў пачатку году адсутнасьцю нафтагазавых дамоўленасьцяў з Расеяй. Гэта прывяло да збояў у працы нафтаперапрацоўчых заводаў.
Таксама адзначаецца, што падзеньне цэнаў на нафту і рэцэсія ў Расеі, зь якой імпартуецца 56% тавараў і на якую прыпадае 41% беларускага экспарту, нэгатыўна паўплываюць на бягучы макраэканамічны прагноз у Беларусі. Чакаецца, што нявызначанасьць паўплывае на ўнутраны гандаль.
Мяркуецца, што ВУП краін рэгіёну дзейнасьці Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця можа скараціцца сёлета ў сярэднім на 3,5%, аднак у 2021-м магчымы рост 4,8%. Пры гэтым на прагнозы можа паўплываць «беспрэцэдэнтная нявызначанасьць».