Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры пандэміі ў заходніх краінах зьніжаецца злачыннасьць. А што ў Беларусі?


Ілюстрацыйнае фота. Беларускі міліцыянт у масцы і пальчатках
Ілюстрацыйнае фота. Беларускі міліцыянт у масцы і пальчатках

У Нью-Ёрку злачыннасьць зьнізілася на 12% у сакавіку ў параўнаньні зь лютым, у Лос-Анджэлесе — на траціну. Свабода паглядзела, што адбываецца са злачыннасьцю ў Беларусі на фоне пандэміі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Шмат у якіх заходніх краінах на фоне пандэміі і карантынных захадаў зьніжаецца ўзровень злачыннасьці. Гэта тычыцца, напрыклад, ЗША, Вялікай Брытаніі. Але пры гэтым расьце колькасьць выпадкаў хатняга гвалту. У Дэтройце гэты паказчык вырас на 9%, а ў Вялікай Брытаніі на 25% вырасла колькасьць тэлефанаваньняў на «гарачую лінію» для ахвяраў хатняга гвалту.

Глядзім, што адбываецца ў Беларусі, дзе карантыну няма.

Злачыннасьць зьніжаецца паўсюль, апроч Гомельшчыны

Паводле статыстыкі МУС, у першым квартале 2020 году (першыя тры месяцы) у Беларусі зафіксавана 18,7 тысячы злачынстваў. Гэта 88,6% да першага кварталу 2019 году, значыць, колькасьць злачынстваў зьнізілася на 21,4%.

Гэты паказчык вырас толькі ў Гомельскай вобласьці: тут плюс 2,1% да першага кварталу мінулага году. Прычым крадзяжы вырасьлі на 22%, паведамляе сайт гомельскай абласной міліцыі. Са студзеня па красавік на Гомельшчыне зафіксавалі 1668 крадзяжоў.

Зь іх:

  • 692 — крадзяжы з жытла
  • 181 — крадзяжы мабільных тэлефонаў
  • 108 — крадзяжы з аўтамабіляў
  • 17 — крадзяжы ровараў

Ці вырасла ў Беларусі колькасьць выпадкаў хатняга гвалту

У Беларусі пакуль няма афіцыйнай статыстыкі наконт выпадкаў хатняга гвалту ў першым квартале гэтага году. Але зваротаў на агульнанацыянальную лінію для ахвяраў хатняга гвалту больш ня стала, менш таксама.

Пра гэта Свабодзе сказала кіраўніца агульнанацыянальнай лініі для ахвяраў хатняга гвалту Ганна Коршун.

«Тэндэнцый росту зваротаў на лінію мы не заўважылі, мы гэта зьвязваем якраз з адсутнасьцю карантыну. Гэта дадзеныя за студзень–красавік. Цяпер у нас сярэдняе значэньне для гэтага пэрыяду», — кажа Ганна Коршун.

Спэцыялістка прагназуе, што колькасьць зваротаў можа вырасьці пазьней, у выпадку, калі эпідэміялягічная абстаноўка пагоршыцца.

«Магчыма, калі людзі будуць вымушаныя заставацца дома нават без карантыну, а з прычыны хваробы, мы атрымаем рост. Але дакладна гэтага сказаць цяпер мы ня можам», — тлумачыць Ганна Коршун.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG