У мяне так доўга падазравалі каранавірус, што нарэшце я ім заразілася. Пэўна, што ў лякарні, якая нібыта лічылася вольнай ад COVID-19.
Упэўненая, што заразілася ад суседкі ў палаце, якую перавялі да нас з рэанімацыі. У яе была тэмпэратура, але гэта тлумачылі іншымі праблемамі са здароўем. Мазок на каранавірус узялі на ўсялякі выпадак, але праз два дні прыйшоў станоўчы вынік.
Я была з той жанчынай у шчыльным кантакце — паіла яе, карміла, давала лекі і дапамагала ўставаць з ложка. На пяты дзень пасьля пачатку кантакту мне рэзка стала кепска — моцна закружылася галава, зьявілася страшэнная слабасьць. Ціск быў у норме, тэмпэратура — 37,5. Дзяжурная доктарка на гэта сказала «Заляжаліся вы ў нас, трэба проста вяртацца дадому».
А шостай раніцы на тэрмомэтры былі тыя ж лічбы — 37,5, але мне стала відавочна горш. Адчуваньні, як пры цяжкім грыпе, — моцна ломіць усё цела, ногі «ватныя» настолькі, што пры хадзе не адрываюцца ад зямлі, думкі заблытаныя. За дзьве гадзіны тэмпэратура вырасла да 38,5.
Я крыху намаўляла сябе, што гэта лякарня і я магла падчапіць тут увогуле што заўгодна, але ўсё надта добра сыходзілася — пяты дзень ад пачатку кантакту, тыповыя сымптомы. Узмацняўся сухі кашаль.
Амаль усіх суседак ад мяне хутка прыбралі — трох перасялілі ў суседнюю палату, адну выпісалі на самаізаляцыю. Адну жанчыну пакінулі — мо таму, што яна ня ходзіць, і мы маглі цалкам пазьбегнуць фізычнага кантакту і не кранаць адны і тыя ж прадметы. Цяпер на любую драбязу для гэтай жанчыны даводзілася выклікаць мэдсястру. Гэта, вядома ж, вельмі ўскладніла ўсім жыцьцё, але іншага выйсьця не было.
У суботу, крыху больш чым праз суткі пасьля мазку, прыйшоў вынік. Ён быў станоўчы.
Мне сказалі зьбіраць рэчы, хутка адвялі на кампутарную тамаграфію і перавялі ў іншы корпус, у пульманалёгію. Выявілася, цяпер і ў гэтай лякарні ёсьць аддзяленьні для людзей з каранавірусам.
У палаце нас пяць чалавек, але лябараторна пацьверджаны COVID-19 толькі ў мяне. У іншых жанчын пнэўманіі, падобныя да каранавірусных. Мазкі ім зробяць, але даваць лекі паводле пратаколу пачынаюць ужо цяпер. А пакуль што мы ўсе ў масках/рэсьпіратарах, бо раптам хоць у кагосьці з суседак няма каранавірусу
Праз пару гадзін, калі ў доктаркі зьявілася магчымасьць схадзіць у «чыстую зону» і праверыць зьвесткі ў базе, яна прынесла мне добрую навіну — лёгкія на кампутарнай тамаграфіі выглядаюць чыстымі. Але ёсьць праблемы з дыханьнем, таму мне, як і іншым, раяць як мага больш ляжаць на жываце. У схеме лячэньня — гідраксыхлярахін, гепарын, антыбіётык і нешта для аблягчэньня кашлю.
З вакна маёй палаты было відаць фаервэрк з нагоды 9 траўня.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.