Масавыя акцыі, якія прайшлі ў разгар эпідэміі, выклікалі выбуховы рост COVID-19. Найбольш небясьпечнымі аказаліся спартовыя, палітычныя і рэлігійныя імпрэзы.
Чэлтнэмскі залаты кубак
14 сакавіка ў Чэлтнэме ў Вялікай Брытаніі правялі штогадовы фэст конскіх скачак — Cheltenham Festival. Фэст адбываецца цягам чатырох дзён у сярэдзіне сакавіка ад 1902 году.
Сёлета фэст правялі за некалькі дзён да ўвядзеньня локдаўну ў Вялікай Брытаніі. Аналіз пазьнейшых дадзеных паказаў, што раён, прылеглы да гіпадрому, пасьля фэсту даў найвялікшую колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавірусу.
Чыноўнікі-арганізатары апраўдваліся апасеньнямі, што інакш бы людзі зьбіраліся глядзець скачкі па тэлевізары ў перапоўненых пабах, што было б яшчэ больш небясьпечна.
Ліга чэмпіёнаў у Італіі
19 лютага ў матчы Лігі чэмпіёнаў футбольная каманда «Аталянта Бэргама» (Atalanta Bergamo) грала з гішпанскай «Валенсіяй» (Valencia CF) на стадыёне Сан-Сіра ў Міляне, куды зьехаліся 40 тысяч жыхароў Бэргама. Празь некалькі тыдняў правінцыя і горад Бэргама аказаліся найбольш пацярпелым ад каранавірусу рэгіёнам у Італіі.
Матч Лігі чэмпіёнаў 19 лютага ў Міляне быў названы «біялягічнай бомбай». Мэр Бэргама таксама лічыць, што гэты матч стаў асяродкам пашырэньня каранавіруснай інфэкцыі.
Матч у Лівэрпулі
11 сакавіка, за некалькі дзён да таго, як футбольныя матчы ў Вялікай Брытаніі былі спыненыя на няпэўны тэрмін, у брытанскім Лівэрпулі правялі гульню Лігі чэмпіёнаў паміж мясцовай камандай і мадрыдзкім клюбам Atletico. Каля 3000 заўзятараў прыехалі на матч з Мадрыду, дзе ўжо бушаваў каранавірус і былі забароненыя масавыя мерапрыемствы з удзелам больш як 1000 чалавек.
Гарадзкая рада Лівэрпулю пачынае сьледзтва, каб высьветліць магчымую сувязь паміж матчам і ўсплёскам захворваньняў на каранавірус у рэгіёне Мэрсісайд, да якога адносіцца Лівэрпуль.
— Калі людзі заразіліся каранавірусам у выніку спартовага мерапрыемства, якое, на нашу думку, не павінна было адбыцца, то гэта скандальна. Мы заўважылі скачок хваробаў менавіта пасьля гэтага матчу, — сказаў мэр Лівэрпулю Стыў Ротэрам.
Манчэстэрскае дэрбі
Так называюцца футбольныя матчы паміж ангельскімі клюбамі Manchester City і Manchester United. Сёлета каманды згулялі матч Ангельскай прэм’ер-лігі ў Манчэстэры 8 сакавіка пры поўным стадыёне Old Trafford.
Вядучая брытанская аналітычная кампанія Edge Health параўнала пасьля імпрэзы статыстыку сьмерцяў за дзень у шпіталях Манчэстэру і ў іншых шпіталях падобнай умяшчальнасьці ў рэгіёне. Досьледы зафіксавалі рост паказьніка сьмяротнасьці ў рэгіёне праз 20–35 дзён пасьля Манчэстэрскага дэрбі.
Зьезд эвангелістаў у Мюлюзе
Горад Мюлюз на ўсходзе Францыі ў рэгіёне Гранд-Эст стаў адным зь першых і галоўных асяродкаў заражэньня каранавірусам у Францыі. Сёлета ў сярэдзіне лютага тут прайшоў зьезд эвангелістаў з Хрысьціянскай царквы адчыненых дзьвярэй. Сюды зьехаліся 2200 паломнікаў з усёй Францыі, Швайцарыі, Нямеччыны, Бэльгіі. Згодна з абрадамі, яны падчас сустрэчаў 5 дзён абдымаліся і разам прычашчаліся.
Сёньня Мюлюз ня можа самастойна даць рады хваробе: тут разгорнуты вайскова-палявы шпіталь для хворых на каранавірус, іх развозяць у шпіталі іншых рэгіёнаў Францыі. Інфікаваных з Эльзасу пагадзіліся прыняць таксама суседнія Нямеччына і Люксэмбург.
«Фэмінісцкі бунт» у Мадрыдзе
8 сакавіка ў Мадрыдзе адбылася масавая маніфэстацыя, прымеркаваная да Міжнароднага жаночага дня. Агульны лёзунг акцыі, у якой узялі ўдзел каля 120 000 чалавек, — «Фэмінісцкі бунт. З правамі, без бар’ераў. Фэміністкі бязь межаў». Удзельніцы патрабавалі роўных правоў у працы, свабоды прымаць рашэньні наконт абортаў і спыненьня гвалту ў дачыненьні да жанчын.
Напярэдадні кабінэт міністраў краіны, які называюць «самым левым урадам у Эўразьвязе», заклікаў да актыўнага ўдзелу ў дэманстрацыі. На чале маніфэстацыі былі, сярод іншых, жонка і маці прэм’ера Пэдра Санчаса, а таксама тры жанчыны-міністаркі. Пазьней у іх ва ўсіх знайшлі каранавірус. Урадавы комплекс у Мадрыдзе закрылі на дэзынфэкцыю.
Апазыцыя падала ў суд на ўсіх чальцоў ураду, уключна з прэм’ерам, вінавацячы іх, што дазволілі маніфэстацыю ў час, калі шырыцца каранавірус.