Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Расеі выказаўся пра сюжэт, які прывёў да пазбаўленьня акрэдытацыі групы расейскага «Первого канала»


Пасол Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў
Пасол Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў

Дзяржаўнае агенцтва БелТА зьвярнулася да пасла Расеі ў Беларусі Дзьмітрыя Мезенцава з пытаньнем пра сюжэт расейскага Першага фэдэральнага тэлеканалу «Правядзеньне масавых мерапрыемстваў прывяло да рэзкага пагаршэньня віруснай сытуацыі ў Беларусі».

Пасьля гэтага сюжэту Міністэрства замежных спраў Беларусі пазбавіла акрэдытацыі здымачную групу «Первого канала». Невядома, ці быў пасол ужо паінфармаваны пра гэта, калі адказваў на пытаньне.

Дзьмітрый Мезенцаў спачатку сказаў, што ня справа кіраўніка дыпляматычнай місіі – камэнтаваць журналісцкія сюжэты:

«Гэта фэдэральны, але не дзяржаўны канал.

Мяркую, што сыстэма міждзяржаўных стасункаў Расеі і Беларусі вызначаецца нацыянальнымі лідэрамі – прэзыдэнтамі нашых краін, узаемадзеяньнем урадаў, міністэрстваў, ведамстваў, маштабным супрацоўніцтвам рэгіёнаў, гарадоў-пабрацімаў. Асаблівая роля адведзена парлямэнтам. І таму вельмі шмат годных, значных і важкіх прыкладаў.

Калі агенцтва БелТА ацэньвае той ці іншай рэпартаж як фактар, які нэгатыўна ўплывае на сыстэму нашых адносін, пагадзіцца з гэтым не магу. Таму што любы журналіст, любая рэдакцыя таго ці іншага СМІ – у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам як Расеі, так і Беларусі – сама вызначае той набор матэрыялаў, які дае аўдыторыі. Перакананы, што чытач, глядач або слухач маюць дастатковы досьвед, могуць самастойна зрабіць для сябе высновы, зыходзячы з мэдыйнага матэрыялу.

Мяркую, калі ёсць пытаньні да падачы ў тым ці іншым матэрыяле фактаў, якія пададзены журналістамі, то гэтая тэма павінна абмяркоўвацца ў рамках прафэсійных саюзаў, якія аб'ядноўваюць прадстаўнікоў мэдыйнага сьвету, у кампэтэнцыі якіх знаходзіцца фармаваньне дзелавой этыкі журналістаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG