Згодна са справаздачай Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у «рэспубліканскім суботніку» 25 красавіка ўзялі ўдзел 2 мільёны 273 тысячы чалавек.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У Беларусі няма карантыну ў сувязі з пашырэньнем каранавірусу, але ўхваленыя захады фізычнага дыстанцыяваньня.
Як паведамляе статыстычнае ведамства, у выніку суботніку ў бюджэт пералічана больш за 9 мільёнаў 100 тысяч рублёў. Гэта больш, чым летась: калі пандэміі не было, на суботнік выйшлі амаль 3 мільёны беларусаў.
Незалежныя прафсаюзы зьвярталіся да кіраўніцтва дзяржавы з патрабаваньнем скасаваць нічым не абгрунтаваны збор людзей, аднак Аляксандар Лукашэнка заявіў, што, нягледзячы на папярэджаньні Сусьветнай арганізацыі здароўя, ніякіх падставаў пераносіць загадзя заплянаванае мерапрыемства няма.
Сам Лукашэнка ў атачэньні маладых дзяўчат і белага шпіца саджаў дрэвы на тэрыторыі нацыянальнага парку «Прыпяцкі» на Гомельшчыне.
На суботніку працавалі і іншыя высокія дзяржаўныя чыноўнікі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ