Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ад COVID-19 памёр генэральны канструктар касьмічных праграмаў


Акадэмік Яўген Мікрын, фота ТАСС
Акадэмік Яўген Мікрын, фота ТАСС

Генэральны канструктар пілятаваных касьмічных праграмаў Расеі Яўген Мікрын памёр на 65-м годзе ў бальніцы ў маскоўскай Камунарцы, у яго была дыягнаставаная каранавірусная інфэкцыя.

Пра гэта паведамляе агенцтва РІА «Навіны» са спасылкай на прэс-службу Раскосмасу.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Ракетна-касьмічная карпарацыя «Энэргія» імя Каралёва — вядучае прадпрыемства ракетнай прамысловасьці РФ, створанае на базе АКБ-1 (Асобнага канструктарскага бюро), якое ў 1956-66 узначальваў акадэмік, генэральны канструктар Сяргей Каралёў.

Як і ягоны знакаміты папярэднік, Яўген Мікрын быў акадэмікам, уваходзіў у склад прэзыдыюму Расейскай акадэміі навук (РАН).

«Фактычна мы страцілі ключавога навукоўца, які адказваў за сувязь фундамэнтальнай навукі з практычным космасам», — распавёў ТАСС прэзыдэнт РАН Аляксандр Сяргееў.

Акадэмік Мікрын удзельнічаў у распрацоўцы праграмнага забесьпячэньня для кіраваньня аб’яднанай рухальнай устаноўкай сыстэмы «Энэргія — Буран», сыстэмаў кіраваньня модулямі Міжнароднай касьмічнай станцыі, сыстэмамі кіраваньня апошніх пакаленьняў караблёў «Прагрэс» і «Саюз».

9 красавіка Мікрын прысутнічаў на пілятаваным запуску з касмадрома Байканур, падчас якога на МКС быў адпраўлены новы экіпаж, адзначае РІА «Навіны». На фотаздымках зь месца падзеяў ён сядзіць побач з кіраўніком Раскосмосу Дзьмітрыем Рагозіным. Касманаўты ад іх былі ізаляваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG