Аляксандар Лукашэнка наведаў рэспубліканскі палігон для выпрабаваньняў мабільных машын Аб’яднанага інстытуту машынабудаваньня НАН, дзе азнаёміўся з распрацоўкамі ў галіне электратранспарту.
«У цэлым нам трэба сурʼёзна рэвізаваць працу Акадэміі навук. Хоць гэта няпроста. Там сапраўды разумныя, таленавітыя людзі. І паглядзець па асноўных кірунках: як працуе, як выканалі прынятыя рашэньні», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Паводле Лукашэнкі, пасьля ўводу Беларускай АЭС у краіне ўтворыцца «вялікі прафіцыт электрычнасьці». І гэтым неабходна разумна скарыстацца.
«Гэта абсалютна чыстая крыніца энэргіі. Наша краіна знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, груба скажу, у гэтым гадзючніку! І зьлева, і справа, і з поўначы, і з поўдня — усё сьцякаецца тут. І нам, як ніякаму іншаму народу, трэба непакоіцца за экалёгію. Ня проста на словах: „А, лес вакол, пранясе. Балоты кісларод даюць, і гэтак далей“. А вось бачыце, ня пранесла, калі на злобу дня. Таму прынята рашэньне. Наша дзяржава — аўтамабілебудаўнічая, будуем ўсе аўтамабілі. Трэба пераходзіць на электрычнасьць», — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго, у наступнай пяцігодцы трэба актыўна падключаць навуку да разьвіцьця краіны, улічваючы рост тэхналягічнай канкурэнцыі ў сьвеце.
«Нам у гэтай жорсткай барацьбе давядзецца выстаяць, каб людзьмі звацца і ня страціць той кавалак зямлі, на якой жывём», — сказаў Лукашэнка і даручыў заняцца арыентацыяй прадпрыемстваў на вытворчасьць кампанэнтаў для ўсяго спэктру электратранспарту.