Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белтэлерадыёкампанія набывае абсталяваньне пад Алімпіяду за 46 тысяч рублёў. Але Алімпіяды ня будзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра рашэньне перанесьці Алімпіяду на лета 2021 году было вядома за 7 дзён да таго, як Белтэлерадыёкампанія разьмясьціла тэндэр для закупу абсталяваньня.

24 сакавіка Алімпіяду ў Токіё вырашылі перанесьці з прычыны пандэміі каранавірусу на лета 2021 году. Гэтую інфармацыю з пацьверджаньнем ад Нацыянальнага алімпійскага камітэту ў гэты дзень апублікавала BBC.

31 сакавіка Белтэлерадыёкампанія разьмясьціла тэндэр для закупу абсталяваньня, каб асьвятляць Алімпіяду ў Токіё.

«Набыцьцё тэлевізійнага абсталяваньня для асьвятленьня Алімпіяды ў Токіё 2020 году», — тэндэр з такой назвай разьмешчаны на сайце дзяржзакупаў 31 сакавіка. Абсталяваньне набывае Белтэлерадыёкампанія за 46 789 рублёў.

Паводле тэхнічнага апісаньня, абсталяваньне патрэбнае, каб арганізаваць на Алімпіядзе эфірную апаратную — гэта сэрвэры, маніторы, электронныя носьбіты інфармацыі. У іншы час, калі няма Алімпіяды, абсталяваньне мае выкарыстоўвацца для «арганізацыі спартовых трансьляцый».

Сродкі, паводле заяўкі, — бюджэтныя, закуп не адменены. Аўкцыён прызнаны сапраўдным, тэрміны пастаўкі абсталяваньня — з 14 траўня па 12 ліпеня.

Белтэлерадыёкампанія: «Гэта абсталяваньне для новага павільёну, які запусьціцца ў верасьні»

У Белтэлерадыёкампаніі карэспандэнту Свабоды сказалі, што «набыцьцё плянавалася яшчэ ў студзені», калі не было вядома пра перанос Алімпіяды. І папрасілі даць афіцыйны камэнтар цалкам, без скарачэньняў:

«Набыцьцё дадзенага абсталяваньня зьдзяйсьняецца для тэхнічнага абсталяваньня апаратнай частцы студыйнага павільёна спартовага тэлеканала „Беларусь-5“, запуск якога заплянаваны на верасень. А перад усталяваньнем для працы ў штатным рэжыме ў сыстэме Белтэлерадыёкампаніі камплект тэлевізійнага абсталяваньня, які закупляецца, плянавалася выкарыстоўваць для асьвятленьня мерапрыемстваў Алімпійскіх гульняў у Токіё.

І гэта традыцыйная практыка ў працы мэдыяхолдынгу: так было, напрыклад, і з набыцьцём 4-х ПТС (перасоўная тэлевізійная станцыя), якія Белтэлерадыёкампанія набывала перад Другімі Эўрапейскімі гульнямі ў Менску, каб ня проста аднаразова асьвяціць мерапрыемствы форуму, але і ў далейшым выкарыстоўваць іх у штатным рэжыме на іншых мерапрыемствах.

Паколькі Алімпіяда перанесеная на наступны год, то сёлета абсталяваньне будзе адразу ўсталяванае па месцы сваёй асноўнай эксплюатацыі, а ў далейшым адпрацуе на Алімпіядзе. Адзначу таксама, што працэдура набыцьця дадзенага абсталяваньня была пачатая яшчэ ў студзені, задоўга да таго, калі афіцыйна стала вядома, што Алімпіяда не адбудзецца, а менавіта — 30 сакавіка. Гэта да пытаньня аб тым, чаму на сайце дзяржзакупаў яно было прадстаўлена як „абсталяваньне для Алімпіяды“.

Паколькі сама працэдура закупу займае не адзін месяц, немэтазгодна адклікаць заяўку і спыняць таргі, каб памяняць назву аўкцыёну», — паведаміла прэс-сакратарка Белтэлерадыёкампаніі Сьвятлана Смалонская-Краскоўская.

На што б хапіла гэтых грошай

46 789 рублёў — глядзім, на што б хапіла гэтай сумы ва ўмовах, калі на дапамогу мэдыкам скідаюцца людзі з усёй Беларусі.

  • 31 192 — масак
  • 5198 — рэсьпіратараў трэцяга ўзроўню засьцярогі
  • 71 983 — пар пальчатак
  • 22 823 — мэдычных халатаў
  • ШВЛ — больш за палову кошту аднаго апарата
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG