Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп лічыць, што вакцына ад каранавіруснай хваробы будзе гатовая да канца году. У той жа час чыноўнікі са сфэры аховы здароўя папярэджваюць, што толькі распрацоўка бясьпечнай вакцыны можа заняць ня менш за год.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Мы вельмі ўпэўненыя, што будзем мець вакцыну да канца году... Зараз лекары скажуць: „Вы не павінны так казаць“. Я скажу, што я думаю... Я думаю, што мы будзем мець вакцыну хутчэй раней, чым пазьней», — сказаў Трамп падчас жывога эфіру з мэмарыялу Лінкальна ў Вашынгтоне.
Сотні кампаній і дасьледчых інстытутаў ва ўсім сьвеце спрабуюць распрацаваць вакцыну ад COVID-19 і шляхі лячэньня хваробы. Экспэрты адзначаюць, што вакцына будзе неабходна да моманту, калі жыцьцё вернецца ў дакаранавірусныя часы без сацыяльнай дыстанцыі і іншых абмежаваньняў.
4 траўня Эўрапейскі зьвяз ладзіць онлайн-канфэрэнцыю для збору сродкаў на дасьледаваньні, зьвязаныя зь лячэньнем COVID-19 і вытворчасьцю вакцыны. Сабраныя грошы стануць штуршком да «беспрэцэдэнтнага глябальнага супрацоўніцтва паміж навукоўцамі і рэгулятарамі, індустрыяй і ўрадамі, міжнароднымі арганізацыямі, фондамі і прафэсіяналамі з сфэры здароўя», заявілі лідэры Эўразьвязу перад маратонам, які працягнецца месяц.
Яны адзначаюць, што, нават у выпадку распрацоўкі вакцыны, яшчэ больш грошай трэба будзе для яе масавай вытворчасьці і дастаўкі даступных лекаў ва ўсім сьвеце.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.