Пандэмія добра паказвае, што для грамадзтва важна, без чаго можна абысьціся, а што нам ня трэба ўвогуле. Рыторыка, у якой жанчыны – слабыя істоты, створаныя для ўпрыгожаньня сьвету, зьнікла ў Беларусі вельмі хутка, і гэта было лягічна.
Да сьвята 1 траўня Белстат апублікаваў статыстыку самых «жаночых» і самых «мужчынскіх» прафэсій у нашай краіне. Больш за ўсё жанчын, як аказалася, сярод тых, хто працуе ў ахове здароўя і сацыяльнай сфэры. І хоць жанчыны ў мэдыцыне цяжка працуюць заўжды, па-сапраўднаму заўважна шмат для каго гэта стала толькі падчас пандэміі.
Здаецца, цяпер зусім зьніклі пахабныя жарты пра мэдсясьцёр і замест іх узьнік зусім іншы дыскурс. Цяпер мэдсёстры – гэта супэргераіні. Гэтак жа як доктаркі, фэльчаркі і санітаркі, якія раптоўна аказаліся «на перадавой», часам нават ня маючы неабходных сродкаў абароны. У чэргах пацыентаў больш не чуваць, што тыя цэлымі днямі п’юць гарбату альбо сьпяць на дзяжурствах. І дакладна іх больш не называюць слабымі.
Прынамсі ў гэтай сфэры гендэрныя стэрэатыпы зьніклі надзвычай хутка. Было б і праўда вельмі дзіўна, калі б жанчын, якія працуюць у небясьпечных і цяжкіх умовах, ратуючы людзей, працягвалі называць мілымі істотамі ці па прыродзе слабымі стварэньнямі. Усе гэтыя псэўдакамплімэнты робяць тыя, хто знаходзіцца ў пазыцыі ўлады, а цяпер сьвет крыху перакуліўся, і ў масавай сьвядомасьці ўлада над самым галоўным – над нашымі жыцьцямі – аказалася ў руках жанчын у абарончай форме.
І стала зразумела, што пад выглядам камплімэнтаў нам прасоўвалі звычайнае прыніжэньне. Называлі жанчын мілымі і слабымі ўпрыгожаньнямі калектываў, офісаў і ўвогуле плянэты, паказваючы тым самым, хто тут робіць важныя справы, а хто нібыта проста стварае дэкарацыі.
Толькі ў сытуацыі крызісу дэкарацыі аказаліся непатрэбнымі, і разам з гэтым стала відавочна, наколькі абсурднымі былі заклікі да жанчын быць мяккімі і залежнымі. Безумоўна, у любой сытуацыі знойдуцца і тыя, хто доктаркам параіць вучыцца «дыхаць мацічкай», але наўрад ці гэта калісьці ўжо будзе мэйнстрымам.
Пандэмія аднойчы скончыцца, лякарні і паліклінікі вернуцца да звычайнага рэжыму працы, і шмат якія зь цяперашніх патасных прамоваў забудуцца. Такое заўжды забываецца. Але мне хочацца быць аптымісткай і верыць, што павагі да жанчын у грамадзтве стане хоць крышачку болей. А зьняваг, замаскаваных пад камплімэнты, – меней.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.