Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі пракамэнтаваў рост колькасьці інфікаваных COVID-19


Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў
Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў

Міністэрства аховы здароўя Беларусі лічыць сытуацыю з каранавірусам кантраляванай і тлумачыць рост выпадкаў колькасьцю праведзеных тэстаў. Пік захворваньня, паводле прагнозаў, меў наступіць у канцы красавіка —​ пачатку траўня. Аднак статыстыка сьведчыць пра іншае.

Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў у камэнтары для Tut.by адзначыў, што асноўнай прычынай хуткага разьвіцьця эпідэміі ў краіне застаецца брак адэкватных захадаў фізычнага дыстанцыяваньня.

«Тэмпы прыросту новых выпадкаў у Беларусі адны з найвышэйшых у эўрапейскім рэгіёне, — адзначыў адмыслоўца. — Эпідэмія ў Беларусі перайшла ў фазу мясцовай трансмісіі інфэкцыі сярод насельніцтва, што патрабуе неадкладных дзеяньняў на ўзмацненьне фізычнага дыстанцыяваньня. Намаганьняў аднаго сэктару аховы здароўя недастаткова для стрымліваньня тэмпаў распаўсюду хваробы. Таму няма падставаў бліжэйшым часам чакаць пералому ў гэтым працэсе».

У рэкамэндацыях Сусьветнай арганізацыі здароўя для Беларусі падкрэсьліваецца неабходнасьць агульнанацыянальных захадаў дзеля мінімізацыі колькасьці інфікаваных:

• недапушчальнасьць масавага збору людзей, уключна са спартыўнымі, культурнымі і рэлігійнымі імпрэзамі

• укараненьне фарматаў аддаленай працы і дыстанцыйнага навучаньня, прыпыненьне дзейнасьці другарадных арганізацый і прадпрыемстваў

• забесьпячэньне строгага выкананьня мераў прафіляктыкі і інфэкцыйнага кантролю на тых працоўных месцах, дзе немагчымая выдаленая праца

• абмежаваньне колькасьці нарадаў і сустрэчаў, забесьпячэньне належнай вэнтыляцыі, асабліва ў мэдычных установах

• мінімізацыя неабавязковых перасоўваньняў, асабліва для групаў высокай рызыкі і уразьлівых пацыентаў.

Пры захаваньні існуючай сытуацыі, хутчэй за ўсё, давядзецца канстатаваць далейшы рост новых выпадкаў. З аднаго боку, Беларусь павялічвае колькасьцць лябараторных тэставаньняў на COVID-19, што ўплывае на рост інфікаваных. Зь іншага боку, адсутнасьць адэкватных мераў на недапушчальнасьць фізычнага дыстанцыяваньня спрыяе далейшаму распаўсюду эпідэміі ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG