Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы прапануюць сваім уладам прасіць Беларусь дапамагчы ў тушэньні пажараў


Валянтэр на пажары ў Чарнобыльскай зоне, ілюстрацыйнае фота
Валянтэр на пажары ў Чарнобыльскай зоне, ілюстрацыйнае фота

Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі чарнобыльскіх турапэратараў Сяргей Мірны стварыў і разьмясьціў на афіцыйным сайце прэзыдэнта Ўкраіны пэтыцыю з патрабаваньнем тэрмінова папрасіць у Беларусі дапамогі ва ўтаймаваньні чарнобыльскіх пажараў.

Пэтыцыя зарэгістраваная 21 красавіка і сабрала ўжо амаль тысячу з 25 тысяч неабходных подпісаў.

«Ужо амаль 20 дзён адбываецца найбольшы ў гісторыі незалежнай Украіны чарнобыльскі пажар, за ўвесь пасьляаварыйны пэрыяд. Гараць забруджаныя тэрыторыі і аб'екты, што пагражае распаўсюджваньнем радыяцыі па тэрыторыі Ўкраіны і сумежнай Беларусі», — піша аўтар пэтыцыі.

Ён сьцьвярджае, што пажары дагэтуль працягваюць распаўсюджвацца ў зоне адчужэньня і могуць перакінуцца на лясы і населеныя пункты Беларусі:

«Паводле гэтага сцэнару, давядзецца яшчэ і кампэнсаваць страты іншай дзяржаве».

У пэтыцыі прапануецца тэрмінова зьмяніць падыходы, каб канчаткова зьліквідаваць пажары ў чарнобыльскай зоне:

«Неадкладна трэба зьвярнуцца па дапамогу да міжнародных арганізацый і замежных краін, перш за ўсё да Беларусі, якая, паводле нашай інфармацыі, з трывогай сочыць за пажарамі і гатовая ў гэтым дапамагчы».

Апроч таго, прапануецца мабілізаваць на тушэньне пажараў усе рэсурсы Ўкраіны — як розных дзяржаўных ведамстваў, так і валянтэрскіх, а таксама арганізаваць сталы супрацьпажарны маніторынг зоны адчужэньня. Для каардынацыі ўсіх гэтых работ стварыць адмысловую ўрадавую камісію.

Што гавораць пажарныя

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у тушэньні пажараў у Кіеўскай і Жытомірскай абласьцях удзельнічаюць амаль 2 тысячы чалавек і 400 адзінак тэхнікі, уключна з пажарнай авіяцыяй. Вялікая інжынэрная тэхніка цывільных і вайсковых службаў задзейнічана для стварэньня супрацьпажарных мінэралізаваных палос, агульная працягласьць якіх ужо складае 640 кілямэтраў.

У Кіеўскай вобласьці асноўныя высілкі пажарных накіраваныя на лякалізацыю трох цэнтраў пажараў, адзін зь іх знаходзіцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю ў вёсцы Рудкі, дзе тлеюць рэшткі пагарэлых дрэў і тарфянікі, якімі прайшоўся агонь.

У Жытомірскай вобласьці тленьне сухой травы і ляснога подсьцілу адбываецца на тэрыторыі чатырох лясьніцтваў, у тым ліку Выступовіцкага. Некалькі дзён таму на гэтай тэрыторыі агонь ледзь не перакінуўся на мытны пост «Выступовічы», што на мяжы зь Беларусьсю.

У чарнобыльскай зоне Ўкраіны пажары пачаліся 4 красавіка з наўмыснага падпалу. Праз 10 дзён полымя ўшчыльную наблізілася да аб’ектаў Чарнобыльскай АЭС, але тады верхавыя пажары ўдалося зьлікідаваць.

Празь некалькі дзён з прычыны моцнага ветру пажары зноў пачалі шырыцца. Дым і пах гару даляцеў нават да ўкраінскай сталіцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG