Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17-гадовая беларуска перамагла на міжнародным кінаконкурсе зь фільмам пра сваіх бацькоў


Эвэліна Бяссонава, фота з уласнага архіву
Эвэліна Бяссонава, фота з уласнага архіву

Беларусы ўзялі Гран-пры на дзявятым міжнародным фэстывалі мабільнага кіно VOKA Smartfilm. Эвэліна Бяссонава і Мікалай Сімончык перамаглі зь фільмам «86», здымкі якога праходзілі ў Барысаве.

«Мам, зрабі там што-небудзь, каб я ўзяла месца!»

У конкурснай праграме ўдзельнічалі 356 фільмаў, зь іх 63 беларускія. Тры тыдні чаканьня, пакуль абвесьцяць пераможцаў, сталі для рэжысэркі сапраўдным выпрабаваньнем. Але фільм, які яна зьняла ў памяць пра сваю маці, усё ж перамог.

«Эмоцыі проста цераз край. На момант абвяшчэньня 2-га месца я ўжо, калі шчыра, апусьціла рукі. Ведаеце, як бы гэта ні прагучала, але я сядзела, глядзела фільм, які ўзяў 2-е месца, і ў думках зьвярталася да мамы. Кажу ёй: „Мам, зрабі там што-небудзь, калі ласка, каб я ўзяла месца!“ І ўзяла ж! І ня нейкае месца, а Гран-пры. Вядома, не таму, што зьвярнулася да мамы, але думаць, што яна побач у такі момант — неверагодна прыемна і важна. Яна заўсёды перажывала больш за ўсё. Заўсёды падтрымлівала. Ведаю, што і тады, падчас прамой трансьляцыі, яна была побач», — дзеліцца эмоцыямі рэжысэрка Эвэліна Бяссонава.

Гісторыя шляху да посьпеху і перамогі цікавая і кранальная.

Эвэліне 17 гадоў, яна пачатковец у рэжысуры і фатаграфіі. Фатаграфіяй займаецца 2 гады, відэа пачала здымаць прыкладна год таму. Менавіта тады, летам мінулага году, Эвэліна паўдзельнічала ў «Эўразія.док: 4 хвіліны». Гэта моладзевы конкурс кароткамэтражных дакумэнтальных фільмаў, які праходзіць у рамках фэстывалю «Эўразія.док». Тэмай у 2019 годзе былі «Людзі, якія зьмянілі сьвет». Тады Эвэліна была самай маладой удзельніцай і ўзяла прыз глядацкіх сымпатый за свой фільм «Дом».

«Я тады пазнаёмілася з валянтэрам аднаго прытулку для жывёл і зразумела, што хто, як не яны, зьмяняюць гэты сьвет да лепшага? Вядома, той фільм я б зьняла ўжо інакш, лепш разоў у 5. Аднак гэта быў мой першы крок, якім я ганаруся, нягледзячы ні на што. У гэтым годзе я пляную зноў удзельнічаць. Спадзяюся, што здыму поўнамэтражную карціну для асноўнага фэстывалю Эўразія.док».

«Дом» прысьвечаны кату Ціму, які пражыў у сям’і рэжысэркі 22 гады. Яго таксама забралі з прытулку.

Кіно «86» для VOKA Smartfilm, кажа Эвэліна, пра каханьне — «як бы банальна гэта ні гучала».

«Пра сапраўднае каханьне. Фільм пра тое, як мая мама ў 1986 годзе назло свайму хлопцу запрасіла першага, хто трапіўся, на павольны танец. У выніку той ад яе не адстаў, і пражылі яны 33 гады разам».

Як і многія, Эвэліна расла на гісторыях бацькоў пра іх дзяцінства і маладосьць. Рэжысэрка кажа, што чула апавяданьне пра іх знаёмства разоў сто, але кожны раз было неверагодна цікава. Пашанцавала і з тэмай сёлетняга фэстывалю: «(Не) звычайная гісторыя». Гэтым разам Эвэліна здымала не адна — у яе зьявілася каманда.

«Нам вельмі пашанцавала. Бо так супала, што мы з Эвай зьбіраліся здымаць кароткі мэтар у памяць аб яе маме да таго, як даведаліся пра конкурс, — расказвае апэратар Мікалай Сімончык. — Літаральна за месяц да апошняга дня прыёму заявак Эва расказала мне пра конкурс. І ў гэты ж дзень расказала гісторыю знаёмства яе бацькоў. Яна мяне кранула.

Мікалай Сімончык, фота з уласнага архіву
Мікалай Сімончык, фота з уласнага архіву

«Гэта не апошняя наша з Эвай перамога»

З апэратарам Мікалаем Сімончыкам рэжысэрка пазнаёмілася ў 2018 годзе на здымках. Некалькі разоў яны разам працавалі, Мікалай здымаў відэа, а Эвэліна фатаграфавала.

«Мы ня толькі разам працуем, мы яшчэ і сябры. Напэўна, менавіта таму часам і ўзьнікаюць непаразуменьні. Ён вось, напрыклад, ня любіць і не разумее чорна-белую карцінку так, як я. Але фільм, як вы бачыце, чорна-белы. Пераканала!» — сьмяецца рэжысэрка.

Мікалай кажа, што зьняць усё ўдалося так, як было задумана. Ён сам не чакаў, што фільм будзе выклікаць такія моцныя пачуцьці.

«Кожны раз, як пераглядаю, мурашкі па скуры на апошнім кадры, і яшчэ больш на словах „У памяць аб маёй маме“. Эва прарабіла велізарную працу. За тыдзень падрыхтавала сцэнар, знайшла актораў, масоўку, касьцюмы, лякацыі, аўто, музыку».

Зь цяжкасьцямі ў працэсе ўсё ж давялося сутыкнуцца. Усе здымкі праходзілі ў родным горадзе Барысаве, адміністрацыя якога не адразу пайшла насустрач маладым рэжысэру і апэратару.

«Нам трэба было памяшканьне, якое прымушае адчуць сябе ў тым часе, у якім знаходзяцца галоўныя героі. Тут нам таксама вельмі пашанцавала, бо будынак, у якім здымалася сцэна з танцамі, цяпер на рэканструкцыі» — хоць і не адразу, але з кіраўніцтвам удалося дамовіцца, тлумачыць апэратар.

Эвэліна кажа, што атрымлівае асалоду ад усяго працэсу здымак — ад моманту, калі ідэя толькі прыйшла, і да таго, калі выкладае гатовую працу ў інтэрнэт і бачыць зваротную сувязь.

«Рабіць кіно — гэта гонар для мяне. Неверагодна гэтым гару!»

А натхненьне, упэўненая Эвэліна, можна знайсьці паўсюль:

«Бывае, што рэкляма нейкіх вокнаў на асфальце так прыгожа ляжыць, што проста звар’яцець! Уявіце, прыгожая, ярка-чырвоная паперка на асфальце. І ў паветры гэты лёгкі пах дажджу, што нядаўна прайшоў. Натхненьне для мяне ўсюды: і ў музыцы, і ў людзях, і ў кіно, і ў прыродзе. Я зараджаюся на працу, калі знаходжуся ў лясах, палях», — кажа яна.

Эвэліна захапляецца музыкай і дакумэнталістыкай. Разам зь Мікалаем яны пачынаюць здымаць дакумэнтальнае кіно на тэму Другой усясьветнай, але дэталяў будучага праекту пакуль не раскрываюць.

«Адназначна гэта не апошняя наша з Эвай перамога, будзем старацца!» — кажа Мікалай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG