Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэратар А1 дасьць беларускім мэдыкам 500 смартфонаў зь безьлімітнай сувязьзю, МТС — 100 пляншэтаў

абноўлена

Смартфон «А1 Альфа» — апэратар падорыць 500 такіх беларускім мэдыкам
Смартфон «А1 Альфа» — апэратар падорыць 500 такіх беларускім мэдыкам

Мабільныя апэратары Беларусі абяцаюць забясьпечыць мэдыкаў, якія змагаюцца з эпідэміяй COVID-19, смартфонамі і пляншэтамі для сувязі з калегамі, а таксама прапануюць бясплатны інтэрнэт і хвіліны.

А1 дасьць мэдыкам 500 смартфонаў зь безьлімітнай сувязьзю і адкрыў кароткія дабрачынныя нумары

500 камплектаў, якія плянуюць раздаць, складаюцца з SIM-карткі зь безьлімітным інтэрнэтам і безьлімітнымі званкамі ва ўсе сеткі, а таксама бюджэтнага Android-смартфона «A1 Альфа» (ZTE Blade V10 Vita).

«Плянуецца, што камплекты сувязі будуць выкарыстоўвацца ў самых гарачых зонах, там, дзе адбываецца лячэньне пацыентаў зь віруснай інфэкцыяй — у аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі, інфэкцыйных аддзяленьнях, пры працы на хуткай мэдычнай дапамозе, у лябараторыях, дзе праводзіцца тэставаньне аналізаў на COVID-19, — піша кампанія. — Такі падыход дасьць магчымасьць мінімізаваць выкарыстаньне асабістых тэлефонаў і зьнізіць рызыку распаўсюду інфэкцыі за межамі інфікаваных зонаў».

Таксама А1 адкрыў кароткія дабрачынныя нумары для дапамогі мэдыкам. Пералічыць грошы можна з дапамогай USSD-запыту, SMS на кароткі нумар або з дапамогай мабільнай праграмы A1 banking. Пры адпраўцы USSD-запыту на нумар *222*19#, карыстальнік можа выбраць адну з трох сум — 2, 5 або 10 рублёў. Пры адпраўцы SMS на кароткі нумар 219 дабрачынны ўнёсак фіксаваны — 2 рублі. Максымальная сума ахвяраваньня праз A1 banking — 100 рублёў у месяц.

Раней А1 таксама зрабіў бясплатнымі для жыхароў Беларусі тэлефанаваньні на «гарачыя лініі» прафіляктыкі COVID-19, прапанаваў да канца лета бясплатны безьлімітны мабільны інтэрнэт, ужо дапамагаў Менскай гарадзкой клінічнай лякарні.

МТС дасьць мэдыкам безьліміт інтэрнэту, хвілін і пляншэты для сувязі з калегамі

МТС плянуе даць безьлімітны інтэрнэт на хуткасьці да 1 Мбіт /сэкунду і 3000 хвілін ва ўсе сеткі краіны для мэдыкаў на карпаратыўных тарыфных плянах. Спэцыяльная прапанова будзе дзейнічаць з 4 траўня па 31 жніўня.

Таксама плянуюць перадаць мэдыкам 100 пляншэтаў для тэрміновай сувязі з калегамі і абмену інфармацыяй у рамках барацьбы з COVID-19.

Life:) прапануе бясплатныя хвіліны і інтэрнэт-трафік

Тым часам апэратар Life:) прапанаваў усім мэдыкам зь ліку сваіх абанэнтаў бясплатныя 1500 хвілін тэлефанаваньняў і 150 Гб інтэрнэт-трафіку. Для падачы заяўкі патрэбна толькі фота дакумэнту, які пацьвердзіць працу ва ўстанове аховы здароўя.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG