Міністэрства абароны Беларусі адказала на пэтыцыю, у якой грамадзяне патрабуюць адмяніць вайсковы парад, заплянаваны на 9 траўня ў Менску. Як вынікае з адказу, парад і рэпэтыцыі адмяняць не зьбіраюцца.
«Эпідэміялягічная сытуацыя, якая складваецца ў цяперашні момант у Рэспубліцы Беларусь, дазваляе Узброеным сілам праводзіць плянавыя мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі. Падрыхтоўка і правядзеньне параду зьяўляецца складовай часткай баявой падрыхтоўкі войскаў», — гаворыцца ў адказе Мінабароны, які падпісаў міністар абароны Віктар Хрэнін.
Ведамства дадае, што падчас рэпэтыцый параду мэдыцынскія службы Узброеных сіл выконваюць «комплекс супрацьэпідэміялягічных і лячэбна-прафіляктычных мерапрыемстваў».
«Для Беларусі вайсковыя парады гэта даніна гераізму і стойкасьці нашага народа, самаадданай барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў, бяспрыкладнаму працоўнаму подзьвігу тых, хто ўздымаў рэспубліку з руін. Гэта таксама традыцыя, якая сымбалізуе гатоўнасьць беларускага народа адстойваць нацыянальныя інтарэсы дзяржавы», падкрэсьліваюць у міністэрстве.
Адказ Мінабароны датаваны 16 красавіка. У гэты ж дзень быў афіцыйна пацьверджаны першы выпадак каранавірусу ў беларускім войску — ў службоўца вайсковай часткі № 3310 — гэта брыгада ўнутраных войскаў МУС, якая дысьлякуецца ў паселішчы Ваколіца пад Менскам. На наступны дзень Мінабароны пацьвердзіла яшчэ два выпадкі каранавірусу ў вайскоўцаў.
Пад пэтыцыяй на сайце Petitions.by за скасаваньне вайсковага параду 9 траўня падпісаліся 7305 чалавек.
Аляксандар Лукашэнка раней заяўляў, што ніякія заплянаваныя да сьвяткаваньня Дня Перамогі мерапрыемствы не адмяняюцца, а яго адміністрацыя шукае рашэньне, пры якім прэзыдэнт зможа ўзяць удзел у сьвяткаваньнях і ў беларускай сталіцы, і ў Маскве.
16 красавіка Ўладзімір Пуцін адклаў правядзеньне параду ў Маскве на нявызначаны тэрмін праз сытуацыю з каранавірусам.