Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазытыўны Міхал. Як адзін гаспадар падтрымлівае жыцьцё цэлай вёскі


Міхал Кавальчык з нованароджанымі трусікамі
Міхал Кавальчык з нованароджанымі трусікамі

За часамі савецкай калектывізацыі аднаасобніка кшталту Міхала Кавальчыка асудзілі б як «кулака» ды выправілі б этапам у Сыбір. Сёньня ён цешыцца, што гаспадарыць на зямлі, якая адказвае яму ўзаемнасьцю.

Кабылы, мацёры і бескантрольныя трусы

«Ну вось цяпер заклапочаныя тым каранавірусам, ліха на яго... Але і дурню зразумела: дзе зьбіваюцца ў кучы, там і больш шанцаў падхапіць заразу. У мяне, скажу так, антывірусныя соткі — мае зносіны мінімальныя, зьвяры ды птушкі, я паўсутак на сьвежым паветры... Зь вёскі ўсе паўцякалі, а цяпер стогнуць, баяцца выйсьці са сваіх бэтонных сотаў. Дык вяртайцеся, дурні! У поле, лесе няма вірусу!» — кажа Міхал Кавальчык.

Вёска Гукова пад Ляхавічамі ўсё яшчэ застаецца на мапе дзякуючы ягонай прыватнай гаспадарцы. Як скінуць вокам, за межамі ягонага аазісу — неасвоеныя гектары палеткаў і ніводнай жывой душы. Затое ягоны панадворак акупавала армія птушак ды жывёл.

Сядзіба гукоўскага аднаасобніка
Сядзіба гукоўскага аднаасобніка

Дзьве кабылы (адна рыхтуецца прынесьці прыплод), зь дзясятак парсюкоў, асобна мацёра з парасяткамі, індыкі, гусі, качкі, куры, кураняты пад лямпай, туды ж на чарзе індычыныя і гусіныя яйкі, рыба ў рукатворным ставе, — загінае пальцы гаспадар. Трусоў не зьлічыць, прырастаюць у арытмэтычнай прагрэсіі.

Чаго ня скажаш хіба пра пчол, тут суцэльны мінус: дружна зьняліся з вульляў і ўсім роем зьніклі ў невядомым напрамку. Ну, а сабакі, каты — абавязковы фон вясковага быцьця.

Трусіная гаспадарка
Трусіная гаспадарка

Гукоўцы здаўна абралі за мадэль хутарскую сыстэму. «Страха да страхі» тут не будаваліся, вяскоўцам патрэбная была прастора. Нават калектывізацыя ня надта парушыла звыклы лад: шматгалосае пагалоўе ў хлявах, вялікія прысядзібныя надзелы.

Словамі Міхала, у не такім і даўнім мінулым па дзьве грамады выходзілі ў поле пасьвіць кароў — столькі было жывёлы. Але ўрбанізацыя зрабіла сваю справу. Сёньня няма каго адправіць на праполку калгасных буракоў — пяць старых на ўсю вёску.

Мацёра з патомствам
Мацёра з патомствам

Хутка Міхал Кавальчык справіць 60-гадовы юбілей. Сам ён не тутэйшы, нарадзіўся непадалёк, у Рагачах. У Гукова быў разьмеркаваны ў 1982-м — пасьля Ляхавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікуму і далейшай службы ў войску.

Пачынаў заатэхнікам у калгасе «Альхоўскі», потым ініцыятыўнага маладога спэцыяліста прызначылі загадчыкам фэрмы. Неўзабаве ажаніўся ды так і застаўся ў прымах. Разбудоўваўся, пашыраў уладаньні, гадаваў бычкоў, вырошчваў збожжа.

Гаспадар падворку
Гаспадар падворку

«Тут усё зроблена сваімі рукамі, а нешта дык і двойчы — лазьня згарэла, давялося аднаўляць, — не пераймаецца гаспадар. — Я не куркуль, такі лад жыцьця. Цішыня, спакой, ніхто не замінае, што яшчэ трэба? На халеру той калгас, куды загналі і плацяць мізэр? А я сам па сабе, ніхто пляны зьверху не спускае. Ёсьць праблема — вырашаю. Вось сьнегу не было, вада сышла са студні, з сажалкі. Гэта бяда. Астатняе — мітусьня».

Шчасьлівы ня той, хто мае, а той, хто дае

Сялянскі выбар цалкам асэнсаваны, кажа Міхал. Такім ладам жылі продкі, гэткі ж шлях выбраў і ён. У бацькі было дзевяць братоў і сясьцёр. Каб пракарміцца, цяжкую справу асвойвалі змалку. Спадзявацца на некага не выпадала.

Верны сябра Барадач
Верны сябра Барадач

«Тата ад 5-6 гадоў ужо ганяў кароў у поле, — расказвае Міхал. — На досьвітку соннага маці падымала, і бяз лішніх словаў — наперад. Хай сабе і лета, а раса халодная, усе ж босыя, абуць няма чаго. Дык чакае, пакуль якая карова пас...ць у траву, бяжыць туды, каб пагрэць ногі ў цёплай лужыне. А ў 10 гадоў ужо за плуг стаў. Вось такая загартоўка».

За палякамі, разважае ён, альтэрнатывы і не было — жылі са сваёй гаспадаркі. Саветы моцна парушыць схему не пасьпелі, бо неўзабаве пачалася вайна. У чэрвені 1941-га немцы забілі Міхалавага дзеда, пакінуўшы сям’ю ў поўным адчаі. Аказалася, гэта яшчэ ня ўсё. Праз колькі часу вярнуліся бальшавікі і ўчынілі экспрапрыяцыю ўласнасьці. Толькі цяпер унук аднаўляе гістарычную справядлівасьць на сваёй зямлі.

Насельнікі падворку
Насельнікі падворку

Фэрмэрам сябе Міхал ня лічыць, бо камэрцыйнага інтарэсу не перасьледуе. Хутчэй, кажа, ён аднаасобнік: і самому падабаецца, і склеп заўсёды поўны. Сапраўдны беларус — бо запасьлівы, кпіць ён сам зь сябе.

«Я не прадаю, я раздаю — сваякам, сябрам, вяскоўцам. Не, гэта ня бартэр, даў — ды забыўся. Скажам, дзеля лепшага севаабароту на 50 сотках вырошчваю гарбузы ці сланечнік. Потым на гэтае месца саджаю бульбу. Дык вось летась па вёсках прычэпамі разьбіралі гарбузы, сьвіньні апляталі за мілую душу. Шчасьлівы ня той, хто мае, а той, хто дае», — па-філязофску рэзюмуе ён.

Мясны правіянт
Мясны правіянт
Гаспадар з Гукова
Гаспадар з Гукова

Праца калгасным заатэхнікам засталася ў далёкім мінулым, але з вонкавым сьветам сувязь яшчэ трымае — некалі разоў на тыдзень дзяжурыць у кацельні ляхавіцкай лякарні. Калі жонка ўжо на заслужаным адпачынку, то яму пэнсію яшчэ не налічылі, узрост увесь час ссоўваецца. А грошы на хлеб, цукар, запалкі патрэбныя так ці інакш.

Камічныя гараджане бяз плуга і касы

Міхал засмучаны, што беларусы так шпарка ператвараюцца ў гараджанаў. Хоць па сваёй прыродзе гэта прыроджаныя гаспадарнікі, чыю вясковасьць выбіць немагчыма. Можна толькі сапсаваць, адарваўшы ад плуга ды касы, перакананы ён.

У пакойчыку, стылізаваным пад «дзядоўскі»
У пакойчыку, стылізаваным пад «дзядоўскі»

Таму і п’юць, бязмэтна бадзяюцца, апускаюцца на дно, ставіць дыягназ суразмоўца. Наняў двух такіх «гарадзкіх», каб дапамаглі накрыць навес у двары. Дык за дзень справіліся толькі з чатырма лістамі шыфэру. Астатні час клянчылі «астаграміцца», бо няма «працоўнага стымулу».

Незавершаны навес для рарытэтных саней
Незавершаны навес для рарытэтных саней

Міхал прызнаецца, што нават жонка не ў захапленьні ад ягонай самаахвярнасьці і лепш бы жыла сярод гарадзкіх выгодаў. А таму «кулакоўскую» лямку цягне збольшага адзін. Хіба 94-гадовая цешча яму саюзьніца — горад не ўспрымае як зьяву.

Сын і дачка зьехалі, жывуць і працуюць у Баранавічах, толькі ў выходныя з унукамі наяжджаюць дапамагчы па гаспадарцы, запасьціся правіянтам і папарыцца ў бацькавай лазьні. У выходныя маюць пасадзіць бульбу і адзначыць Вялікдзень. А для малых, каб не сумавалі, дзед абсталяваў паўнавартасную забаўляльную пляцоўку.

Дзіцячая пляцоўка пад адной з бусьлянак
Дзіцячая пляцоўка пад адной з бусьлянак

На пытаньне, ці ведае каго з акругі, хто гэтак жа апантана вядзе гаспадарку, Міхал толькі разводзіць рукамі — ня чуў і ня бачыў. Кажа, што цяпер цяжка знайсьці па хлявах ня тое што карову, а нават казу. Сам жа, як заклінаньне, паўтарае: няма нічога лепшага, як рабіць на зямлі, быць у гармоніі з прыродай.

Бясцэнная памяць пра спарахнелыя сані

Ягоны побыт не абмежаваны працаю. Знаходзіць час паклапаціцца пра навакольную фаўну. На слупах каля сажалкі абсталяваў некалькі бусьлянак, з дня на дзень чакае чырванадзюбых «кватарантаў». Дрэвы абапал сядзібы паабвешваныя дзясяткамі шпакоўняў.

Шпакоўні на слупах і дрэвах
Шпакоўні на слупах і дрэвах

На падворку вялізныя інкруставаныя сані, якія сёлета так і не ўдалося скарыстаць — бадай, упершыню за сваё жыцьцё ад’езьдзіў зіму на колах. Нягледзячы на прыродныя катаклізмы, як у той прымаўцы, да наступнага сэзону зьбіраецца рыхтавацца загадзя — задаўся мэтай іх рэстаўраваць.

Старыя сані чакаюць рэстаўрацыі
Старыя сані чакаюць рэстаўрацыі

«Гэта сані пачатку 1950-х, унікальны экспанат. Пару гадоў таму мне за іх 150 даляраў давалі, я адмовіўся. Навошта? Свае няма куды дзяваць, — кажа суразмоўца. — Хай лепш стаяць, пра дзяцінства нагадваюць, як з казкі „12 месяцаў“. Але як увесь час пад дажджом, сьнегам, дык і спарахнелі. Чаму і задумаў навес — каб і адны, і другія не прапалі. Абавязкова аднаўлю, зноў будуць радаваць вока».

Празь бясьсьнежную зіму з сажалкі сышла вада
Празь бясьсьнежную зіму з сажалкі сышла вада

Міхал рады гасьцям, шчодра выстаўляе на стол запасы «свойскай» саракаградуснай. У сьвірне прыхаваныя вясковыя прысмакі: сала, кілбасы, паляндвіцы, розныя закаткі, мёд, бярозавік.

«Я і сам магу чарку кульнуць, як бяз гэтага? — сьмяецца Міхал. — Але ж заўсёды трэба памятаць, што ніхто за цябе тваю працу ня зробіць. Нап’есься як цюцька — застануцца някормленымі і кабылкі, і сьвінкі, і Барадач (мянушка сабакі. — РС). Гаспадар — гэта ня права рабіць што заўгодна, гэта вялізная адказнасьць».

Праз шырокі прастор уладаньняў Міхала Кавальчыка
Праз шырокі прастор уладаньняў Міхала Кавальчыка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG