Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што цяпер робяць стуардэсы, машыністы, акторы? Спыталі ў беларусаў, якія часова ня маюць працы праз каранавірус


Ілюстрацыйнае фота. Самалёты ў «Белавія» ў Нацыянальным аэрапорце Менск
Ілюстрацыйнае фота. Самалёты ў «Белавія» ў Нацыянальным аэрапорце Менск

Афіцыйна карантын у Беларусі ня ўведзены, улады сьцьвярджаюць, што ў ім няма неабходнасьці. Гэта не замінае некаторым арганізацыям і ўстановам адпраўляць сваіх супрацоўнікаў у вымушаныя адпачынкі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Пакуль мы ў аплатным адпачынку»

Адной зь першых дзяржаўных установаў, якую адправілі на неафіцыйны карантын, стаў віцебскі тэатар імя Якуба Коласа. Гэта адбылося неўзабаве пасьля сьмерці актора тэатру Віктара Дашкевіча, у якога знайшлі каранавірус. У адпачынак да 26 красавіка адправілі ўсю трупу, на працоўных месцах засталася толькі адміністрацыя. Як сказала Свабодзе акторка тэатру Ірына Цішкевіч, ёй разам з калегамі далі аплатны адпачынак.

Ірына Цішкевіч
Ірына Цішкевіч

«Звычайна мы ў жніўні сыходзім, але цяпер вось так атрымалася, — кажа Ірына. — Калі я пісала заяву, я размаўляла з дырэктарам. Ён паведаміў, што на травень рыхтуюцца нейкія спэктаклі. Прыкладна з 10 чысла. Але цяпер невядома, што будзе. Мы з дырэктарам размаўлялі акурат, калі паведамілі, што пік эпідэміі прагназуецца на пачатак траўня. У нас у запасе яшчэ будуць дні, на якія мы зможам пайсьці ў аплатны адпачынак, але што далей, пакуль немагчыма сказаць».

Па словах Ірыны, пакуль яны з калегамі плянуюць выйсьці на працу 29 красавіка, пасьля Радаўніцы. Да рашэньня адміністрацыі прыпыніць выступы ўсе ў тэатры паставіліся з разуменьнем. Нягледзячы на тое, што вымушаны адпачынак пацягне за сабой фінансавыя складанасьці.

«Я працую з 1998 году, і тэатар быў на вакацыях заўсёды ў жніўні, — кажа акторка. — Жнівень — пачатак верасьня. Як будзе сёлета, невядома. Мы пакуль не загадваем. Рашэньне дырэктара зрабіць адпачынак цяпер усе ў тэатры падтрымалі. Да нас жа прыходзяць людзі, а ў нас ужо вядома, што некалькі чалавек захварэлі на каранавірус. Рэпэтыцыі зноў жа ў нас неабходныя. Трэба абдымацца, цалавацца, танцаваць адзін з адным. Дыстанцыю не атрымаецца захаваць.

Зразумела, гэта адаб’ецца на нас фінансава. Калі ты выходзіш з адпачынку, то першы час грошай няма. Ніхто з нас ня быў падрыхтаваны, каб вось цяпер трапіць у такую сытуацыю. Ня ведаю, што будзе далей. Я яшчэ працую ў гімназіі, у тэатральнай студыі. Там просяць пісаць „за свой кошт“. Вакацыі ў школах працягнулі на трэці тыдзень, што далей будзе, таксама невядома. Вось так. Нейкі прыбытачак быў невялічкі, зараз і яго ня будзе».

«Заробкі зьнізіліся на 15–20%»

Пусты пэрон на Віцебскім чыгуначным вакзале 31 сакавіка 2020 году, ілюстрацыйнае фота
Пусты пэрон на Віцебскім чыгуначным вакзале 31 сакавіка 2020 году, ілюстрацыйнае фота

Няпростая сытуацыя ня толькі ў культурнай сфэры. На працягу сакавіка Беларуская чыгунка была вымушаная адмяніць практычна ўсе міжнародныя пасажырскія рэйсы. Апошнімі «здаліся» цягнікі да Масквы. У ведамстве не змаглі апэратыўна адказаць, што стала з правадніцамі і машыністамі, якія былі задзейнічаныя на гэтых маршрутах. На ўмовах ананімнасьці расказаць пра сытуацыю Свабодзе пагадзіліся два машыністы.

«Праз тое, што адмянілі міжнародныя цягнікі, амаль ня стала працы ў тых, хто працуе на пасажырскіх саставах у кірунку да Берасьця, Масквы і Вільні, — гаворыць адзін зь іх. — Машыністаў і іх памочнікаў, якія засталіся бяз працы, прыцягваюць да іншых маршрутаў. Могуць на манэўровы цеплавоз пасадзіць. Ёсьць яшчэ такое месца, як машыніст-прыёмшчык. Яны на вакзалах сядзяць. Пэнсіянэры, як правіла. Там цяпер машыністы зь міжнародных маршрутаў ёсьць. Яны аглядаюць цеплавозы, якія прыбываюць на станцыю».

Па словах суразмоўцаў Свабоды, праблемы з наяўнасьцю працы пачаліся на чыгунцы яшчэ да каранавірусу, калі ў Беларусь перасталі пастаўляць расейскую нафту. Аднак цяпер яны значна больш сур’ёзныя, таму што на пасажырскіх перавозках было задзейнічана шмат людзей.

«Практыкуецца такая мера, як адпачынак за свой кошт, — кажа суразмоўца. — Гэта ў першую чаргу закранула тых, хто працуе па кабінэтах у дэпо. Машыністаў радзей гэта тычыцца. Але часам тэлефануюць, просяць прыйсьці напісаць заяву за свой кошт на пару дзён. Працы стала менш, норму цяжэй зрабіць цяпер».

Гавораць, што цяжкасьці закранулі і заробак. У машыністаў ён зьнізіўся прыкладна на 15–20%.

Пілёты і стуардэсы — у адпачынках

Ілюстрацыйнае фота. У нацыянальным аэрапорце Менск, 17 сакавіка 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. У нацыянальным аэрапорце Менск, 17 сакавіка 2020 году

Складанасьці, выкліканыя закрыцьцём межаў праз пандэмію, закранулі ня толькі чыгунку. Па словах намесьніка генэральнага дырэктара «Белавія» Ігара Чаргінца, праз каранавірус пасажырапаток зьнізіўся ажно на 90%. У авіякампаніі Свабодзе расказалі, як стараюцца даць гэтаму рады.

«Улічваючы сытуацыю на рынку, авіякампанія „Белавія“ пастаянна вывучае і актыўна ўжывае магчымыя варыянты зьніжэньня выдаткаў, — кажуць у авіякампаніі. — Мы вядзем перамовы па зьніжэньні тарыфаў на паліва, аэрапортавыя зборы і лізінгавыя плацяжы. Таксама на дадзены момант разглядаецца вяртаньне часткі паветраных судоў лізінгадаўцу».

У «Белавія» таксама кажуць, што стараюцца ўтрымаць усіх пілётаў і стуардэс. Пакуль вольныя ад працы супрацоўнікі кампаніі ў адпачынках.

«Што тычыцца пэрсаналу, то для авіякампаніі на дадзены момант самае важнае — захаваць высокапрафэсійныя кадры і ўстойлівасьць працы арганізацыі, — сказалі Свабодзе ў „Белавія“. — Аплата працы ў пілётаў і бортправаднікоў зьдзельная. Яна залежыць ад выкананай колькасьці рэйсаў. Цяпер палётаў вельмі мала, таму пілёты і бортправаднікі, у якіх набраліся вялікія адпачынкі, выкарыстоўваюць гэтую магчымасьць. Верагодна, у будучыні будзе ўжывацца і сыстэма адпачынкаў без аплаты».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG