Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прэтэндэнткі на «адзінага кандыдата» ад апазыцыі арыштавалі аўтамабіль і банкаўскія рахункі


Вольга Кавалькова, архіўнае фота
Вольга Кавалькова, архіўнае фота

Судовыя выканаўцы наклалі арышт на аўтамабіль і рахункі сустаршыні «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Вольгі Кавальковай, піша БелаПАН. Ад яе патрабуюць сплаціць ранейшыя штрафы за акцыі пратэсту.

Кавалькову аштрафавалі сумарна на 2800 рублёў за сьнежаньскія акцыі пратэсту супраць «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Частку грошай на штрафы яна сабрала праз краўдфандынг (170 рублёў сабралі, збор працягваецца), частку заплаціла са сваіх сродкаў. Агулам яна апплаціла каля 800 рублёў.

Цяпер у яе заблякаваныя банкаўскія карткі, зь іх зьнятыя ўсе грошы. Аўтамабіль пакуль не канфіскаваны, але фармальна арыштаваны.

Яна падавала хадайніцтва аб растэрміноўцы, але адказу не атрымала. На думку Кавальковай, абскарджваць штрафы «па палітычных рашэньнях нерэальна». Кавалькова мяркуе, што гэта «палітычныя рэпрэсіі» і «загад зьверху» з мэтай ціску.

«Празь дзень мне ў вайбэр піша судовы выканаўца з пытаньнем, колькі я аплаціла, — расказвае Кавалькова. — Яна кажа, што ў мяне забяруць правы, забароняць выезд за мяжу, выкарыстоўвае такія выразы, як „Вы ж разумееце, як ставяцца да такіх, як вы“».

Кавалькова ня толькі сустаршыня незарэгістраванай партыі (фармальна — арганізацыйнага камітэту па стварэньні партыі), але і ўдзельніца праймэрыз апазыцыі, на якім шэраг структураў выбірае «адзінага кандыдата» для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.

Паводле зьвестак кампаніі «Адзіны кандыдат» 2020, цяпер Кавалькова мае найменш галасоў з трох кандыдатаў на праймэрыз, але разрыў між кандыдатамі невялікі. За старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі падалі 34,63% галасоў, за старшыню руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча — 33,68%, за Вольгу Кавалькову — 31,69%.

Раней з праймэрыз зьняліся сустаршыня БХД Павал Севярынец (які быў лідэрам галасаваньня ў рэгіёнах) і намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG