Затрыманы лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку апазыцыйны палітык Павал Севярынец. «Уламіліся дахаты і вывезьлі, міліцыя», — напісаў ён.
Павал Севярынец расказаў Радыё Свабода, што да Ўрбановіча дадому ў Менску прыехалі некалькі міліцыянтаў і загадалі праехаць зь імі. Урбановіч пасьпеў пазваніць паплечнікам і ўключыць на кароткі час трансьляцыю ў ВК.
Свабода датэлефанавалася да грамадзкага актывіста Зьмітра Марчука, які прыехаў у апорныя пункт міліцыі на вуліцы Кіжаватава ў Менску, дзе знаходзіўся Ўрбановіч. Як патлумачыў Марчук, міліцыянты бралі ва Ўрбановіча пісьмовае тлумачэньне ў сувязі з тым, што ў яго шмат нявыплячаных штрафаў за ўдзел у акцыях пратэсту.
Пазьней атрымалая скантактавацца з самім Дзянісам Урбановічам, якога ўжо выпусьцілі з пастарунку. Ён расказаў, што акрамя тлумачэньняў па штрафах міліцыя патрабавала ад яго таксама даць пісьмовыя тлумачэньні па крымінальнай справе 2015 году, калі ён зьняў дзяржаўны сцяг над будынкам ў вёсцы Кораньшчына ў Лагойскім раёне, дзе праходзіла галасаванне, а яшчэ на шыльдачцы «выбары» напісаў «За празрыстыя выбары». Паводле Ўрбановіча, міліцыянты таксама цікавіліся, дзе ён плянуе быць на Дзень Волі 25 сакавіка.