Беларускі рубель умацоўваецца да даляра 11 дзён запар. Калі ў канцы сакавіка даляр у абменьніку можна было ўбачыць па 2,7 рубля, то цяпер яго можна набыць па 2,45. Глядзім, з чым гэта зьвязана і ці апусьціцца даляр да 2,2, як у пачатку сакавіка.
Сьцісла:
- Даляр можа зьнізіцца яшчэ на 5-10 капеек.
- Замежная валюта можа зноў вырасьці, калі ўлады будуць друкаваць лішнія грошы.
- Замежная валюта можа вырасьці, калі экспарт зьнізіцца больш, чым імпарт.
- Цэны на прадукты і тэхніку мусяць зьніжацца з прычыны нізкай пакупніцкай здольнасьці.
Працэсы, якія цяпер адбываюцца вакол замежнай валюты ў Беларусі, можна назваць «карэкцыяй сакавіцкага гістэрычнага падзеньня рубля», лічыць старшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб.
«Каб замежная валюта расла, трэба каб і насельніцтва, і прадпрыемствы актыўна куплялі валюту. Як толькі актыўная купля заканчваецца, рост замежнай валюты спыняецца ці яна пачынае апускацца. Думаю, людзі большую частку сваіх мабільных ашчаджэньняў перавялі ў валюту ў сакавіку. Цяпер яны ня маюць рублёвага рэсурсу, каб набываць валюту гэтаксама актыўна, як у сакавіку. Зьніжэньне даходаў людзей у валюце зьнізіла попыт на тэхніку, у адказ на гэта імпартэры менш закупляюць тэхнікі з-за мяжы і менш набываюць валюту», — мяркуе Вадзім Іосуб.
Такім чынам, калі замежную валюту няма каму набываць, яна пачынае таньнець, што цяпер і адбываецца.
Як доўга будзе ўмацоўвацца рубель
Пакуль няма ўмоваў, каб курсы замежнай валюты вярнуліся да ўзроўню пачатку сакавіка, прагназуе Вадзім Іосуб. Тады, нагадаем, даляр каштаваў 2,2 рубля, эўра — 2,4. «Магчымы рух даляра ўніз на 5-10 капеек. Пасьля гэтага курсы, хутчэй за ўсё, на нейкі час застануцца на адным узроўні», — кажа аналітык.
Ці можа даляр зноў пачаць расьці
Даляр можа пачаць расьці, калі ўлады Беларусі ўключаць «друкарскі станок», каб дапамагчы прадпрыемствам грашамі ў крызісныя часы. Гэта значыць, проста надрукуюць лішнія грошы. І нават калі гэтага не адбудзецца, рызыка зьніжэньня рубля ўсё адно ёсьць.
«Ёсьць барацьба двух фактараў. Калі запавольваецца актыўнасьць эканомікі, запавольваецца і імпарт (зьніжаецца попыт на валюту) і запавольваецца экспарт (паступленьне валюты ў краіну), ад дынамікі гэтых дзьвюх рэчаў і будзе залежаць курс валюты. Калі імпарт будзе запавольвацца хутчэй, беларускі рубель будзе расьці, калі будзе хутчэй запавольвацца экспарт — будзе зьніжацца», — гаворыць Вадзім Іосуб.
Ці патаньнеюць разам з далярам цэны на харчы
У пачатку красавіка наведнікі менскіх крамаў заўважылі, што вырасьлі цэны на прадукты. Найбольш падаражэлі часнык, лімон, імберац. Таксама вырасьлі цэны на мяса, рыбу. Зразумела, што пры росьце даляра імпартэрам ад рытэйлу даводзіцца траціць больш рублёў на куплю імпартнай прадукцыі. Але ж цяпер даляр ідзе ўніз?
«Перадумовы для зьніжэньня цэнаў ёсьць. І гэта ня толькі зьніжэньне даляра, а таксама зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці. Можна як заўгодна падняць цану, але калі тавар не купляюць, выгады не будзе. Цяпер рытэйл вымушаны ці то зьніжаць цэны, ці адмаўляцца ад нейкай імпартнай прадукцыі. Калі раней у крызіс людзі набывалі трэці тэлевізар ці другую лядоўню, то цяпер у людзей няма на гэта грошай, бо заробкі намінальна расьці не будуць. Яны будуць зьніжацца з прычыны пандэміі: нехта адправіў людзей у адпачынак, нейкія арганізацыі спынілі працу, у кагосьці няпоўны працоўны дзень», — кажа Вадзім Іосуб.