Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія хоча ўзгодненага зьмякчэньня карантыну, каб не справакаваць другой хвалі COVID-19


Краіны Эўрапейскага зьвязу павінны каардынаваць захады ў зьмякчэньні карантыну, каб прадэманстраваць зладжаны падыход да барацьбы з пандэміяй COVID-19. Пра гэта паведамляе The Financial Times.

Афіцыйна тэкст дарожнай мапы мае быць апублікаваны на гэтым тыдні. ​

Кіраўніца Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен незадаволеная тым, як няўзгоднена дзейнічалі нацыянальныя ўрады, закрываючы мяжы. Гэта, у прыватнасьці, прывяло да чэргаў і праблемаў зь перапраўкай мэдыкамэнтаў.

Цяпер нацыянальным урадам накіраваны чарнавік дарожнай мапы. У ім пазначана, што па меры змякчэньня карантыну рост заражэньняў каранавірусам непазьбежныя. Адпаведна, перад тым, як здымаць абмежаваньні на працу кампаній і грамадзкіх установаў, краіны павінны пераканацца, што іх сыстэмы аховы здароўя змогуць дапамагчы хворым.

Эўракамісія папрасіла краіны – удзельніцы Эўразьвязу пра наступнае:

  • загадзя інфармаваць іншых чальцоў пра зьмены ў сваім карантынным рэжыме;
  • зьмякчаць карантын паступова;
  • засьцерагчы ад заражэньня групы рызыкі — людзей пажылога ўзросту і з хранічнымі захворваньнямі.

Хоць у Эўракамісіі імкнуцца выпрацаваць агульную стратэгію барацьбы зь вірусам, многія краіны працягваюць прымаць рашэньні ў аднабаковым парадку.

Так, аб захадах для нармалізацыі бізнэс-актыўнасьці ўжо заявілі ўлады Аўстрыі, Чэхіі ды іншых дзяржаваў. У сувязі з гэтым эўрачыноўнікі асьцерагаюцца, што дачаснае зьмякчэньне абмежавальных захадаў справакуе другую хвалю заражэньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG