Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі другога падазраванага ў пажары ў Чарнобыльскай зоне


Украінская паліцыя затрымала другога падазраванага ў датычнасьці да пажару ў зоне адчужэньня Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Супраць падазраванага пачалі крымінальную справу.

Паводле паліцыі, гэта 37-гадовы жыхар мясцовай вёскі, які спальваў сьмецьце каля свайго дому, а затым вывез рэшткі сьмецьця за межы вёскі і высыпаў у сухую траву. Калі там пачалося ўзгараньне, мужчына ня стаў тэлефанаваць ратавальнікам або ў паліцыю, паспрабаваўшы самастойна пагасіць агонь. Гэта не дапамагло, і пажар перакінуўся ў лес, а потым у зону адчужэньня.

Раней быў затрыманы 27-гадовы вясковы жыхар, які дзеля забавы падпаліў дзікарослую траву каля закінутай фэрмы.

Пажар у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС пачаўся яшчэ 4 красавіка. Паводле зьвестак рэгіянальнага Ўсходнеэўрапейскага цэнтру маніторынгу пажараў, агонь прайшоўся па 3,5 тысячы гектараў зоны адчужэньня на ўкраінскай тэрыторыі.

Дзяржаўнае агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня 13 красавіка заклікала не паддавацца паніцы. «Можам сказаць галоўнае – пагрозы для атамнай электрастанцыі, сховішча адпрацаванага паліва і іншых крытычных аб'ектаў у зоне адчужэньня няма!»

Спэцыялісты ў кіраваньні зонай адчужэньня прызнаюцца, што чарнобыльская зона была не гатовая да такога маштабнага пажару.

«Некаторыя асяродкі ў зоне адчужэньня знаходзяцца ў месцах, дзе няма пад’езду, а значыць, і адсутнічае магчымасьць падвозіць транспартныя сродкі. На разьвіцьцё неабходнай пажарнай інфраструктуры спатрэбіцца некалькі гадоў, але сёньня мы павінны зрабіць першачарговыя захады, бо наперадзе сэзон небясьпечнай гарачыні», — заявіла часовая кіраўніца ўкраінскага Дзяржаўнага агенцтва кіраваньня зонай адчужэньня Кацярына Паўлава.

Пажарныя ў чарнобыльскай зоне, 13 красавіка 2020 году
Пажарныя ў чарнобыльскай зоне, 13 красавіка 2020 году

Полымя зьнішчыла адселеныя пункты

Грамадзкія актывісты паведамляюць, што ад пачатку пажараў зьнішчана 12 сёлаў, і адселеных пасьля чарнобыльскай катастрофы. Полымя ахапіла «руды лес» каля АЭС, вайсковы гарадок Чарнобыль-2 і блізка падышло да самой станцыі.

Агенцтва «Чорнобиль Тур», якое зьяўляецца нацыянальным правайдэрам арганізацыі экскурсій у чарнобыльскую зону, абнародавала відэазапіс, як жывёлы ратуюцца ад пажару.

Пажар у чарнобыльскай зоне, 10 красавіка 2020 году
Пажар у чарнобыльскай зоне, 10 красавіка 2020 году


Белгідрамет: Лясныя пажары ў чарнобыльскай зоне не паўплывалі на радыяцыйны фон у Беларусі

Лясныя пажары ў чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Ўкраіны, Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей не паўплывалі на стабільны радыяцыйны фон у Беларусі, заявіў БелаПАН начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамету Міхаіл Каваленка.

Паводле Каваленкі, з 4 па 13 красавіка радыяцыйнае становішча ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях і ў цэлым па краіне заставалася стабільным: «Ні па дадзеных са стацыянарных пунктаў, ні па дадзеных у аўтаматызаваных пунктах перавышэньня дозы радыяцыі над усталяванымі шматгадовымі значэньнямі не зафіксавана».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG