Аляксандар Лукашэна падпісаў пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам і рэадмісіі. Перад гэтым яго ратыфікавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Як паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, цяпер дакумэнт павінны зацьвердзіць у Эўрапарлямэнце, а затым Рада Эўразьвязу зможа афіцыйна завершыць ратыфікацыю пагадненьняў.
Пасьля гэтага шэнгенская віза для беларусаў будзе каштаваць 35 эўра. Мяркуецца, што новая цана пачне дзейнічаць ад сёлетняга чэрвеня.
Да нядаўняга часу шэнгенская віза абыходзілася беларусам у 60 эўра. Але ад пачатку году Эўразьвяз увёў новыя правілы, згодна зь якімі яе цана падвысілася да 80 эўра.
У зьвязку з пандэміяй каранавірусу бальшыня амбасадаў краін Эўразьвязу спынілі прыём заяваў на атрыманьне шэнгенскай візы ў Менску і рэгіянальных кансулятах.