Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта найлепшы спосаб клапаціцца пра людзей». Як прайшоў Вялікдзень у пратэстанцкай царкве, якая ўжо месяц моліцца онлайн


Царква «Троіца» аб’ядноўвае маладых пратэстанцкіх вернікаў. Перавесьці царкоўнае жыцьцё ў Інстаграм і Youtube вырашылі на самым пачатку эпідэміі каранавірусу ў Беларусі.

«Так атрымалася, што як раз месяц таму я зьлёг з не да канца зразумелі сымптомамі, — распавядае пастар царквы Тарас Цялькоўскі. — Ня ведаю, ці гэта быў грып ці пнэўманія. Тэмпэратуры не было, але я жахліва пачуваўся. Дзён дзесяць я ляжаў дома, а за гэты час сталі ў царкве захворваць іншыя людзі. Так мы зразумелі, што найлепшы спосаб, як мы можам клапаціцца цяпер пра людзей — гэта перавесьці ўсе нашыя служэньні онлайн».

Сярэдні ўзрост вернікаў — 25-35 гадоў. У онлайн перанесьлі і традыцыйныя штотыднёвыя сустрэчы і нядзельні сход.

«Арганізоўваем стрым, людзі падлучаюцца. Працягваем маліцца адзін за аднаго, — распавядае Тарас Цялькоўскі. — На нядзельную імшу прыходзіць пастар і музыкальны гурт, які сьпявае хрысьціянскія песьні».

Пастар царквы Тарас Цялькоўскі з сям'ёй
Пастар царквы Тарас Цялькоўскі з сям'ёй

У царкву прыходзяць замежнікі, таму ў онлайн-трасьляцыю адразу арганізавалі пераклад на ангельскую мову.

Онлайн праводзілі і перадвелікодны сход у Вялікую пятніцу. Онлайн прайшоў і сам Вялікдзень.

«Было ўрачыста», — дзеліцца ўражаньнямі ад сьвяточнай імшы пастар Цялькоўскі. Пасьля сходу вернікі камунікавалі праз Zoom.

«Мы былі разам, хаця людзі і не прыйшлі ў царкву, — кажа пастар. — Пасьля ў чаце яны дзяліліся ўражаньнямі, скідвалі фотаздымкі, як глядзелі імшу, абменьваліся ўражаньнямі ад казані».

Тарас кажа, што супольнай малітвы вернікам, канечне, не хапае, але камунікацыя паміж людзьмі ў онлайне стала яшчэ бліжэйшай.

«Мы царква супольнасьці і стараемся шмат нефармальна часу праводзіць адзін з адным. Калі ў кагосьці зьяўляюцца пэўныя патрэбы — матэрыяльныя, сацыяльныя ці псыхалягічныя, уся супольнасьць яму дапамагае, — распавядае Тарас.

Пастар кажа, што каранавірус прынёс у царкву свае зьмены.

«Некаторыя людзі падчас пандэміі сталі губляць працу. Тыя ахвяраваньні, якія мы звычайна зьбіраем, цяпер будуць ісьці на падтрымку іх і іх сем’яў. Таксама ў царкве зьбіраюць сродкі на ежу, маскі для дактароў».

«Мы шукаем магчымасьці, як царква можа быць карыснай грамадзтву ў гэты час», — кажа пастар Тарас Цялькоўскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG