Выступаючы на велікоднай службе ў Ватыкане, Папа Рымскі Францішак ушанаваў памяць ахвяраў пандэміі каранавіруса SARS-CoV-2 і пажадаў шмат сіл мэдработнікам.
Праз пандэмію каранавіруса SARS-CoV-2 велікодная служба ў Ватыкане ў нядзелю, 12 красавіка, прайшла без вернікаў.
Відэатрансьляцыя набажэнства ў саборы Сьвятога Пятра вялася ў эфіры шэрагу тэлеканалаў і даступная ў інтэрнэце. З традыцыйным пасланьнем Urbi et Orbi ( «Гораду і сьвету») Папа выступіў не, як традыцыйна, з балкону сабору перад шматтысячным натоўпам, а ўнутры сабора.
Пантыфік ушанаваў памяць ахвяраў пандэміі каранавіруса, якая, паводле яго слоў, падвергла ўсё чалавецтва цяжкому выпрабаваньню, і заклікаў усе краіны сьвету да згуртаванасьці. Абыякавасьць і эгаізм недапушчальныя, падкрэсьліў пантыфік, асобна згадаўшы бежанцаў, якія знаходзяцца ў «невыносных умовах» у лягерах часовага разьмяшчэньня ў розных краінах. Ён таксама пажадаў шмат сіл мэдычным супрацоўнікам і іншым людзям, якія схільныя рызыцы заражэньня каранавірусам.