Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека.
Сёньня прапануем вашай увазе адказы палітоляга, каардынатара праграмы „Замежная палітыка Беларусі“ Рады міжнародных адносінаў «Менскі дыялёг» Дзяніса Мельянцова.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сьцісла:
- Карантынныя захады на буйных прадпрыемствах Беларусі прывядуць да каляпсу эканомікі
- Гуманнасьць — яна звычайна для мірнага сытага часу. У складаныя часы дамінуе лёгіка выжываньня
- У выпадку, калі эпідэмія набудзе катастрафічныя маштабы, менавіта прэзыдэнт у вачах беларусаў будзе несьці пэрсанальную адказнасьць за сьмерці людзей
- І Захад, і Расея, і Кітай выйдуць з эпідэміі настолькі аслабленымі, што ім будзе не да вайны
- Узрасьце расчараваньне інтэграцыяй і глябалізацыяй
— Беларусь — адна зь нешматлікіх краінаў у сьвеце, якая не прыняла жорсткіх захадаў супраць пандэміі: не закрыла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія — гэта «псыхоз», маўляў, на трактары ніякі каранавірус ня страшны, краіна адзіная ў Эўропе правяла футбольны чэмпіянат. Падобнай жа рыторыкай карыстаецца і прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару. З кіраўнікоў іншых больш менш вядомых краінаў — здаецца, ніхто. Як вы ацэньваеце імавернасьць таго, што Лукашэнка ўсё ж мае рацыю ў сваёй амаль ні на каго не падобнай палітыцы адносна пандэміі?
— Варта дадаць, што і такая краіна Эўразьвязу, як Швэцыя, таксама трымаецца падобнай стратэгіі — адсутнасьць жорсткіх абмежаваньняў для грамадзян і рэкамэндацыйны характар сацыяльнага дыстанцыяваньня. То бок гэта не нейкая ўнікальная рыса асобных аўтарытарных кіраўнікоў. Абстрагуючыся ад часам эпатажнай рыторыкі беларускага прэзыдэнта, рацыя ў яго паводзінах адносна эпідэміі прысутнічае.
Беларуская эканоміка — адкрытага тыпу, наш прыбытак складаецца шмат у чым з экспарту таго, што мы вырабляем. І карантынныя меры на буйных прадпрыемствах проста прывядуць да каляпсу эканомікі. Перазапусьціць гэтыя прадпрыемствы будзе каштаваць надта дорага, калі ў прынцыпе магчыма. І ў той час, калі заможныя краіны могуць сабе дазволіць уводзіць якія заўгодна меры барацьбы з каранавірусам, Беларусь вымушаная спадзявацца выключна на сваю сыстэму мэдыцыны (далёка не такую кепскую, як многія думаюць) і дысцыплінаванасьць грамадзян. Адсюль і тыя абмежаваныя меры (а яны ўсё ж ёсьць) супрацьдзеяньня эпідэміі, якія мы зараз назіраем.
— Цяперашняя пандэмія на думку некаторых спараджае суровую дылему паміж выжываньнем людзей, уратаваньнем іх ад хваробы, і выжываньнем эканомікі, якая таксама ёсьць умова выжываньня людзей. Пра гэта гаворыць, прынамсі, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ды і палітыкі — прыхільнікі карантыну і локдаўну — таксама гавораць. Ці ёсьць рашэньне гэтай праблемы ў агульным выглядзе, ад чаго залежыць яе рашэньне ў той ці іншай краіне?
— Гэта канечне ілжывая дылема — выратаваньне людзей або выратаваньне эканомікі. Абсалютна ня факт, што жорсткі карантын не прывядзе да мноства пабочных ахвяр (праз адсутнасьць неабходнай і своечасовай мэдычнай дапамогі, рост хатняга гвалту, забурэньні з-за недахопу прадуктаў харчаваньня і г.д.). Пра гэта ўжо многа пісалі і гаварылі. Зь іншага боку, у Беларусі, як і ў Швэцыі, людзей ратуюць і без карантыну. У існуючай праблемы ёсьць цэлы спэктар магчымых рашэньняў: пачынаючы ад мяккіх (частковыя абмежаваньні, дадатковыя рэсурсы для мэдычных устаноў і г.д.), і заканчваючы татальным карантынам і прыпыненьнем усёй сацыяльна-эканамічнай і палітычнай дзейнасьці. Ёсьць меры танныя, а ёсьць зусім нятанныя. Дык вось нятанныя меры мы проста не можам сабе дазволіць.
— Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці гэтая дылема? Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці пікавыя перагрузкі шпіталёў хворымі, недахоп неабходнага мэдычнага абсталяваньня — калі даводзіцца рабіць выбар — каго лячыць?
— Гуманнасьць — яна звычайна для мірнага сытага часу. У складаныя часы дамінуе лёгіка выжываньня. Нечым абавязкова трэба ахвяраваць, каб не страціць нешта больш значнае і каштоўнае. І выйграе ўрэшце не больш гуманны, а больш рацыянальны — той, хто выйдзе з пандэміі з меншымі стратамі ва ўсіх сэнсах. У гэтым сэнсе кіраўніцтву дзяржаў зараз не пазайздросьціш. Яны вымушаныя прымаць цяжкія рацыянальныя рашэньні, нават калі іх за тое вельмі моцна крытыкуюць.
— На ваш погляд, ці магчымыя ў Беларусі кардынальныя палітычныя зьмены, калі, насуперак перакананьні прэзыдэнта Лукашэнкі, эпідэмія ў краіне набудзе значныя маштабы?
— Не ўпэўнены, што Лукашэнка перакананы ў адсутнасьці эпідэміі ці ў тым, што яна моцна не закране Беларусь. Разьлік на іншае — зьнізіць градус напалу і панікі ў грамадзтве. І другое — як мага расьцягнуць колькасьць захварэўшых у часе, каб мэдыцына магла даць рады эпідэміі.
Безумоўна прэзыдэнт вядзе вельмі небясьпечную гульню. Фактычна, у адрозьненьні ад таго ж Пуціна, ён бярэ на сябе ўсю адказнасьць за рашэньні ў сёньняшняй сытуацыі. І ў выпадку, калі эпідэмія набудзе катастрафічныя маштабы, менавіта прэзыдэнт у вачах беларусаў будзе несьці пэрсанальную адказнасьць за сьмерці людзей.
Іншая справа — ці адаб’ецца гэта на рэальнай палітыцы? Зусім не абавязкова. Ужо зараз зразумела, што нягледзячы на адсутнасьць карантынных мераў у самой краіне, нам не пазьбегнуць глябальнага эканамічнага крызісу, і як сьледзтва — спаду ў беларускай эканоміцы. А як паказвае нам гісторыя і нашай краіны, і прыклады палітычных трансфармацыяў у іншых частках сьвету, эканамічныя крызісы зусім не абавязкова прыводзяць да зьменаў у палітычнай сыстэме. У выпадку эканамічных праблем людзі часьцей засяроджваюцца на пошуку індывідуальных стратэгіяў выжываньня, чым на палітычных пратэстах. Груба кажучы, калі рэальна паўстане праблема голаду, сярэдні беларус пойдзе не на плошчу, а ў поле — і пасадзіць у тры разы больш бульбы, чым звычайна.
— Ужо зараз эканамічныя экспэрты фіксуюць падзеньне ўсясьветнай эканомікі, і прагназуецца далейшае падзеньне — спрэчкі толькі пра тое, наколькі глыбокім ён будзе. Хто з гэтага віру выйдзе пераможцам ці хаця б хто прайграе менш за іншых — ЗША, Кітай, ЭЗ, Расея?
— Мы пакуль ня бачым дакладнай пэрспэктывы сканчэньня эпідэміі, таму рабіць нейкія прагнозы проста бессэнсоўна. Адзінае, што пакуль відавочна, гэта тое, што Кітай ужо справіўся з асноўнай хваляй захворваньня і паступова выходзіць на штатнае функцыянаваньне. І танная нафта вельмі спрыяе гэтаму працэсу.
— І ці чакаеце вы ў выніку крызісу вялікай, усясьветнай вайны?
— З чаго б гэта? І Захад, і Расея, і Кітай выйдуць з эпідэміі настолькі аслабленымі, што ім будзе не да вайны. Калі новая ўсясьветная вайна некалі і адбудзецца, то яна наўрад ці стане наступствам менавіта гэтага крызісу.
— Як пандэмія ўжо мяняе і яшчэ памяняе сьвет у сэнсе інтэлектуальнай моды? Якія ідэалёгіі, вераваньні набудуць большую папулярнасьць, як сьвет сам сабе будзе тлумачыць, што зь ім адбываецца?
— Гэтая эпідэмія паскарае тыя працэсы, якія і так ужо ішлі. Напрыклад большая дыгіталізацыя — дыстанцыйныя сродкі і плятформы для камунікацыі, бескантактныя спосабы кіраваньня, большы кантроль за грамадзянамі і таму падобнае. Узрасьце расчараваньне інтэграцыяй і глябалізацыяй. Эпідэмія з усёй выразнасьцю паказала актуальнасьць тэорыі палітычнага рэалізму ў міжнародных адносінах — як у выпадку Эўразьвязу, гэтак і ў іншых частках сьвету, мы назіралі, як дзяржавы вяртаюць сабе сувэрэнітэт і ў крытычных сытуацыях аддаюць перавагу аднаасобным дзеяньням, а не кіруюцца блёкавай салідарнасьцю і кансэнсусам. Натуральна, не варта чакаць распаду існуючых саюзаў і поўнага згортваньня глябалізацыі. Але энтузіязму відавочна паменее. Як і прыўкраснадушнага ідэалізму.
— Пандэмія спараджае ў сьвеце і прыклады салідарнасьці, узаемадапамогі, ахвярнасьці і прыклады эгаізму, прама лягерным законе — памры ты сёньня, а я — заўтра. А чаго больш? І чаго будзе больш далей?
— Як я ўжо адзначаў, першая рэакцыя нацыянальных урадаў была закрыцца і максымальна выкарыстаць існуючыя магчымасьці на сваю карысьць. Гэта нармальная здаровая рэакцыя на небясьпеку — рост падазронасьці да любых «чужакоў» і адначасова падвышэньне ўнутрыгрупавой салідарнасьці. Таму тут ахвярнасьць і эгаізм — гэта не супрацьлеглыя рэчы, яны проста разьмеркаваныя па-рознаму. Ці будуць гэтыя фактары нарастаць, або ісьці на спад, адпаведна, залежыць ад таго, наколькі зацягнецца гэтая эпідэмічная сытуацыя, наколькі балючыя будуць яе наступствы, наколькі функцыянальнымі будуць каналы камунікацыі паміж грамадзтвамі і ўнутры краінаў паміж рознымі сацыяльнымі і палітычнымі групамі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ