Агенцтва Reuters, спасылаючыся на свае падлікі, паведаміла, што 10 красавіка колькасьць сьмерцяў ад новага каранавірусу ў сьвеце дасягнула 100 тысяч, а колькасьць выпадкаў захворваньня на COVID-19 перавысіла 1,6 мільёна.
Першая афіцыйна зафіксаваная сьмерць наступіла ў кітайскім горадзе Ўхань 9 студзеня. Каб зафіксаваць першыя 50 тысяч сьмерцяў, спатрэбілася 83 дні. За восем наступных дзён лічба ахвяраў каранавірусу ўзрасла да 100 тысяч.
Гэтыя лічбы, паводле агенцтва, дазваляюць выказаць здагадку, што сьмяротнасьць ад COVID-19 складае 6,25%, але многія экспэрты лічаць, што фактычны паказьнік сьмяротнасьці ніжэйшы. Гэта тлумачыцца тым, што многія выпадкі лёгкай і бессымптомнай інфэкцыі не ўключаюцца ў гэтую статыстыку.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ