Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы супраць каранавірусу. Галерэя «Ў» стала складам гуманітарнай дапамогі для мэдыкаў


У галерэі «Ў» зрабілі склад гуманітарнай дапамогі мэдыкам. Валянтэры Андрэй Ткачоў (справа) і Зьміцер Нарышкін плянуюць быць там практычна ўвесь дзень
У галерэі «Ў» зрабілі склад гуманітарнай дапамогі мэдыкам. Валянтэры Андрэй Ткачоў (справа) і Зьміцер Нарышкін плянуюць быць там практычна ўвесь дзень

Беларусы працягваюць змагацца з каранавірусам сваімі сіламі і дапамагаць у гэтым мэдыкам. Мы ўжо пісалі пра добрыя ініцыятывы, але кожны дзень зьяўляюцца новыя.

Антысэптыкі і маскі для людзей у грамадзкім транспарце

Актывістка Вольга Быкоўская запусьціла на MolaMola збор сродкаў на маскі, антысэптыкі для рук і памяткі пра каранавірус. Усё гэта валянтэры плянуюць раздаваць на вуліцах Менску і іншых гарадоў.

«Месцам павышанай небясьпекі ва ўмовах пандэміі зьяўляецца грамадзкі транспарт. У некаторых краінах на час карантыну зусім адмовіліся ад яго. Аднак у Беларусі ўлады не ідуць на падобныя крокі. Таму мы, грамадзкія актывісты, хацелі б зрабіць грамадзкі транспарт больш бясьпечным месцам», — сказана ў апісаньні праекту.

Дапамога галерэі «Ў», якая стала складам для валянтэрскіх ініцыятываў

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» закрылася на карантын, а сваё памяшканьне аддала валянтэрам, каб разьмяркоўваць там сабраную дапамогу.

Цяпер падтрымка патрэбная самой арт-галерэі, каб перажыць каранавірусны крызіс. На яе існаваньне зьбіраюць 10 тысяч рублёў. Падтрымаць можна тут.

Кампанія дапамогі мэдыкам #ByCovid19: можна перадаць прадукты

Валянтэры працягваюць зьбіраць грошы на сродкі індывідуальнай дапамогі для беларускіх мэдыкаў. Цяпер яны апублікавалі сьпіс харчоў, якія таксама можна перадаць для лекараў у шпіталі.

Таксама можна прынесьці сродкі індывідуальнай дапамогі і мэдыцынскія апараты. Сьпіс тут.

«Мы жывём і працуем ва ўмовах пандэміі, і наша задача ня толькі падтрымаць мэдыкаў, але і не спрыяць распаўсюджваньню эпідэміі. Таму прыяжджайце да нас у мэдычнай масцы і пальчатках; калі на ўваходзе ў транспартны хаб будзе чарга, трымайце ў ёй дыстанцыю 2 мэтры», — пішуць валянтэры.

Адрас транспартнага хабу — вул. Кастрычніцкая, 19, час працы з 11.00 да 16.00. Уваход з двара (праз шлягбаўм і направа).

Рэстаран WOOGLY пачаў гатаваць ежу для лекараў

Ужо некалькі кавярняў гатуюць абеды для мэдыкаў. Цяпер да іх падключыўся рэстаран WOOGLY (спасылка на кампанію тут). Побач зь ім — гарадзкі клінічны шпіталь № 3, для якога ва ўстанове пачалі гатаваць ежу.

«З панядзелка 6 красавіка мы пачынаем гатаваць для мэдпэрсаналу 3-й гарадзкой клінічнай бальніцы. За месяц плянуем згатаваць каля 3000 комплексаў для нашых лекараў. Мы зьвяртаемся да вас па дапамогу, каб сабраць сродкі на неабходныя харчы і аднаразовы посуд».

...і магілёўская кавярня «Мяса&Лаваш» таксама

Установа закрылася для наведнікаў і пачала гатаваць ссабойкі для мэдыкаў магілёўскай інфэкцыйнай лякарні. Тут ідзе збор сродкаў.

Супрацоўнікі кавярні гатовыя прыняць настольныя пліты, рондлі, патэльні, прадукты, антысэптыкі, пальчаткі і аднаразовы посуд.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG