Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: на Беларускім мэталюргічным заводзе вымушаныя водпускі, але не ва ўсіх


Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне
Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне

На Беларускім мэталюргічным заводзе Свабодзе паведамілі пра зьніжэньне вытворчай актыўнасьці на фоне пандэміі каранавірусу.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка заводу ў Жлобіне Аляксандра Алесіка, з гэтай нагоды загадам кіраўніцтва БМЗ прадугледжаныя дадатковыя адпычынкі ў красавіку.

«Згодна з рашэньнем, пэўным катэгорыям супрацоўнікаў даецца магчымасьць цягам красавіка ўзяць пяць дзён водпуску з захаваньнем заробку ў памеры 2/3 ад тарыфнага акладу, — патлумачыў ён Свабодзе. — Аднак прынцыповы момант, што гэта не прымусовая адпраўка па дамах, мае быць жаданьне самога работніка».

Аляксандар Алесік кажа, што загад не распаўсюджваецца на тэхналягічны пэрсанал, задзейнічаны ў вытворчасьці, упакоўцы і адгрузцы прадукцыі, а таксама на выкананьні іншых неадкладных работ. Завод працягвае выконваць свае абавязаньні перад спажыўцамі, запэўнівае прадстаўнік заводу.

Сярод іншага такая мера сапраўды дапамагла б зьменшыць адначасовую прысутнасьць людзей — колькасьць заводзкага пэрсаналу перавышае 10 тысяч чалавек.

Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, у Жлобінскім раёне зафіксаваны адзін выпадак захворваньня з папярэднім станоўчым тэстам на каранавірус.

Адпачынкі і ў Магілёве

Калектыў Магілёўскага мэталюргічнага заводу адправілі ў водпуск з аплатай заробку паводле 2/3 тарыфнай стаўкі.

Пасьля публікацыяў у незалежнай прэсе рабочых былі адклікалі з адпачынкаў, але празь дзень іх азнаёмілі з загадам, паводле якога прадпрыемства будзе прастойваць да 12 красавіка.

«У сувязі з праблемамі са збытам прадукцыі, выкліканымі ўвядзеньнем карантынных захадаў суседнімі краінамі праз распаўсюджваньне каранавіруснай інфэкцыі», — гаворыцца ў загадзе дырэктара Алега Пракопава. Пра спыненьне вытворчасьці паведамілі Свабодзе рабочыя заводу 4 красавіка. Водпуск у іх меў пачацца 6 красавіка.

Паводле работнікаў, прадпрыемству бракуе сыравіны (мэталу для трубнага пракату). Ім давялі, што кіраўніцтва прадпрыемства, паводле заканадаўства, у форс-мажорных абставінах мае права плаціць мінімальны заробак.

Адміністрацыя ўстрымліваецца ад камэнтароў. Мэталюргічны завод — найстарэйшае прадпрыемства Магілёва. Ён уваходзіць у склад Беларускай мэталюргічнай кампаніі, галоўнае прадпрыемства якой месьціцца ў Жлобіне. На заводзе працуе блізу 800 чалавек. Ён вырабляе трубы рознай мадыфікацыі, шрот, чыгунныя люкі ды іншую прадукцыю. Прадукцыя пастаўляецца у 22 краіны, у тым ліку Нарвэгію, Данію, Швэцыю, Нямеччыну і краіны Балтыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG