Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб камэрцыйнай здабычы рэсурсаў на Месяцы і іншых нябесных целах.
«У амэрыканцаў павінна быць права на камэрцыйнае дасьледаваньне, здабычу і выкарыстаньне рэсурсаў у касьмічнай прасторы», — гаворыцца ў дакумэнце.
Указ адзначае, што ЗША лічаць космас унікальнай прасторай для дзейнасьці чалавека, а не грамадзкім здабыткам, таму плянуюць «стымуляваць міжнародную падтрымку здабычы і выкарыстаньня рэсурсаў у космасе».
ЗША таксама не прызнаюць прынятае ў 1979 годзе ў ААН Пагадненьне аб дзейнасьці дзяржаваў на Месяцы і іншых нябесных целах, паводле якога дасьледаваньне прыроднага спадарожніка Зямлі становіцца здабыткам чалавецтва і праводзіцца ў інтарэсах усіх краінаў.