Вынікі тэсту пацьвердзіла Нацыянальная лябараторыя вэтэрынарнай службы, паведамляе «Голас Амэрыкі».
У 4-гадовай тыгрыцы па імі Надзя (Nadia), якая знаходзіцца ў заапарку Бронксу, дыягнаставаны каранавірус SARS-CoV-2, які выклікае хваробу COVID-19, паведаміла ў нядзелю адміністрацыя заапарку.
У паведамленьні адзначаецца, што ў Надзі, яе сястры па імі Азуль, двух амурскіх тыграў і трох афрыканскіх львоў назіраецца сухі кашаль. Чакаецца, што ўсе згаданыя жывёлы паправяцца.
Вынікі праведзенага тэсту пацьвердзіла Нацыянальная лябараторыя вэтэрынарнай службы, якая базуецца ў Эймсе, штат Аёва.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.