Украіна зацікаўленая ў разьвіцьці палітычнага дыялёгу зь Беларусьсю, але правы і свабоды чалавека — галоўныя каштоўнасьці, заявілі Свабодзе ў МЗС Украіны.
Міністэрства замежных спраў Украіны ў адказ на запыт Свабоды пра матывы далучэньня Ўкраіны да санкцый Эўразьвязу супраць беларускіх уладаў заявіла, што вяршэнства закону і павага да правоў чалавека і асноўных свабодаў — адзін з ключавых прыярытэтаў у супрацоўніцтве Ўкраіны з Эўразьвязам згодна з дамовай аб асацыяцыі.
«Згодна з артыкулам 7 дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам бакі павінны паглыбляць дыялёг і супрацоўніцтва ды спрыяць паступовай канвэргенцыі ў сфэры вонкавай палітыкі і палітыкі бясьпекі. Украіна пасьлядоўна далучалася да заяў ЭЗ у рамках міжнародных арганізацый у пытаньнях правоў чалавека і асноўных свабод».
У Міністэрстве замежных спраў Украіны таксама дадалі, што беларускі бок не зьвяртаўся да Ўкраіны з запытамі з нагоды далучэньня да санкцыяў.
«Яшчэ трэба мець на ўвазе, што Беларусь пасьлядоўна галасуе ў рамках ААН і іншых міжнародных арганізацый супраць рэзалюцый аб падтрыманьні сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», — адзначаецца ў адказе МЗС Украіны.
У той жа час у МЗС Украіны дадалі, што «сучасны стан украінска-беларускіх дачыненьняў сьведчыць пра іх дружалюбны і канструктыўны характар»:
«Абодва бакі зацікаўленыя ў працягу далейшай гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай супрацы, падтрыманьні палітычнага дыялёгу на ўсіх узроўнях і разьвіцьці міжасабовых кантактаў».
Некалькі дзён таму на афіцыйным сайце Эўрапейскай Рады зьявілася паведамленьне пра далучэньне да санкцыяў супраць Беларусі краін-кандыдатак на далучэньне да Эўразьвязу — Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі і Альбаніі, чальцоў Эўрапейскай зоны свабоднага гандлю — Ліхтэнштэйну і Нарвэгіі, а таксама ўдзельнікаў працэсу асацыяцыі з Эўразьвязам — Босьніі і Герцагавіны ды Ўкраіны.
Украіна падпісала пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам у 2014 годзе.
Якія гэта санкцыі?
Эўрапейскія санкцыі, падоўжаныя да 28 лютага 2021 году, уключаюць у сябе эмбарга на пастаўкі зброі і абсталяваньня, якія могуць быць ужытыя ў Беларусі для рэпрэсій, замарожваньне рахункаў і забарону на паездкі чатырох чалавек. Пры тым Эўразьвяз падоўжыў выключэньне, якое дазваляе пастаўляць пэўную колькасьць спартовых вінтовак і пісталетаў.
Першапачаткова ў санкцыйны сьпіс ЭЗ уваходзілі чатыры беларускія чыноўнікі — Уладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка. Паводле ЭЗ, яны маюць дачыненьне да зьнікненьня ў Беларусі апанэнтаў улады ў 1999–2000 гадах.
У сьнежні 2004 году, пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, па выніках якога Аляксандар Лукашэнка атрымаў права выбірацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў, сьпіс папоўнілі кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына і камандзір палку міліцыі спэцпрызначэньня Юры Падабед.
У 2006 годзе сьпіс пашырыўся да 41 чалавека, якія, на думку ЭЗ, былі адказныя за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У сьпіс уключылі і Аляксандра Лукашэнку.
У кастрычніку 2008 году санкцыі ў дачыненьні да Лукашэнкі і яшчэ 35 чыноўнікаў былі прыпыненыя.
Дзеяньне санкцый ЭЗ у дачыненьні да Беларусі было адноўлена і пашырана пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, якія завяршыліся жорсткім разгонам мірнай дэманстрацыі ў Менску, арыштам большасьці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты і масавымі рэпрэсіямі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці.
Краіны, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, упершыню далучыліся да санкцый супраць Беларусі ў 2012 годзе.