Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Шуман: Пагроза страты незалежнасьці нашай краіны зноў імкліва павялічваецца


Андрэй Шуман
Андрэй Шуман

Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека.

Сёньня прапануем вашай увазе адказы сацыяльнага аналітыка, філёзафа, экспэрта ў тэхналёгіях штучнага інтэлекту Андрэя Шумана.

Сьцісла:

  • У цэлым беларускае грамадзтва абыякава ставіцца да пагрозы эпідэміі. Зыходзячы з гэтага, нейкія формы афіцыйнага карантыну нам не перашкодзяць
  • У мяне няма сумневаў у сапраўднасьці беларускіх статыстычных дадзеных
  • Карантын і закрыцьцё межаў будуць мінімальна эфэктыўнымі, калі працягнуцца як мінімум да глыбокай восені, за гэты час краіны могуць сутыкнуцца з праблемай элемэнтарнага голаду
  • Крызіс наймацней ударыць па краінах сярэдняга ўзроўню разьвіцьця — большасьці краінаў ЭЗ, Расеі, Беларусі
  • Сцэнар вайны робіцца цяпер цалкам актуальным
  • Карантын і самаізаляцыя цалкам у рэчышчы наяўных інтэлектуальных трэндаў — адмовы ад рэальных сацыяльных зносінаў дзеля пагружэньня ў свой уласны або віртуальны сьвет
  • Іншаму чалавеку ўжо няма месца ў нашым багатым унутраным сьвеце

— Беларусь — адна зь нешматлікіх краінаў у сьвеце, якая не прыняла жорсткіх мераў супраць пандэміі: не зачыніла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія — гэта «псыхоз», маўляў, на трактары ніякі каранавірус ня страшны, краіна адзіная ў Эўропе працягвае футбольны чэмпіянат. Падобнай жа рыторыкай карыстаецца і прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару. З кіраўнікоў іншых больш-менш вядомых краінаў — здаецца, ніхто. Як вы ацэньваеце імавернасьць таго, што Лукашэнка ўсё ж мае рацыю ў сваёй амаль ні да каго не падобнай палітыцы адносна пандэміі?

— Любое рашэньне варта ацэньваць зь дзьвюх пазыцый: з пазыцыі працэдуры яго прыняцьця і з пазыцыі сутнасьці прынятага рашэньня. Дык вось, рашэньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ужо ня першы раз вельмі спрэчныя менавіта з пазыцыі працэдуры іх прыняцьця. Яны дэманструюць чысты валюнтарызм — прымаецца рашэньне без уліку экспэртнай ацэнкі як акт чыстай волі — што хачу, тое і кручу. А гаворка ж цяпер ідзе пра здароўе і нават проста выжываньне ўсіх нас. Такім чынам, рашэньне прэзыдэнта адмовіцца ад карантыну спрэчнае ня столькі сваёй сутнасьцю, колькі непрыхаванай дэманстрацыяй чыстага валюнтарызму.

Што ж тычыцца самой сутнасьці пытаньня — ці неабходны цяпер карантын нашаму грамадзтву, то пытаньне складанае і неадназначнае. Ёсьць эпідэміялягічныя паказчыкі для такога рашэньня. І гэтыя паказчыкі грунтуюцца, па-першае, на гатоўнасьці сыстэмы аховы здароўя справіцца з эпідэміяй без карантыну — наяўнасьці вірусалягічных клінік, наяўнасьці апаратаў ШВЛ, высокай арганізацыі ўсёй сыстэмы аховы здароўя для хуткага і эфэктыўнага рашэньня па ізаляцыі і лячэньні кожнага хворага на каранавірус.

У гэтым аспэкце беларуская сыстэма аховы здароўя гатовая пакуль яшчэ спраўляцца з эпідэміяй без карантыну. Варта заўважыць, што ў параўнаньні зь беларускай польская мэдыцына наогул не гатовая супрацьстаяць распаўсюду гэтай эпідэміі. У Польшчы эфэктыўнай вірусалёгіі проста не існуе. І гэтая ж праблема, як выявілася, ёсьць у шэрагу эўрапейскіх краін — у Італіі і Гішпаніі.

Другі эпідэміялягічны паказчык для рашэньня ўводзіць ці ня ўводзіць карантын — гатоўнасьць самога грамадзтва добраахвотна рэалізоўваць самыя простыя тэхнікі барацьбы з распаўсюдам захворваньня без афіцыйнага карантыну. Такія, як самастойнае абмежаваньне кантактаў зь іншымі людзьмі, вытрымліваньне сацыяльнай дыстанцыі, нашэньне масак і пальчатак, самаізаляцыя пры першым падазрэньні на захворваньне, строгае выкананьне правілаў гігіены. Па гэтым аспэкце ў нас ня ўсё адназначна. Людзей на вуліцах стала менш. Многія бацькі пайшлі на самаізаляцыю сваіх дзяцей. Але ў цэлым грамадзтва абыякава ставіцца да пагрозы эпідэміі. Зыходзячы з гэтага, нейкія формы афіцыйнага карантыну нам не перашкодзяць.

— Многія выказваюць падазрэньні, што афіцыйныя беларускія зьвесткі пра колькасьць захварэлых на каранавірус і колькасьць памерлых ад яго істотна заніжаюцца. Дарэчы, у Кітаі, прынамсі напачатку, улады таксама хавалі інфармацыю пра маштабы эпідэміі і затыкалі раты дактарам, якія расказвалі пра хваробу. Але потым кітайскія ўлады прызналі і маштабы захворваньня, і яго спэцыфічнасьць. Пры якіх умовах гэта можа адбыцца ў Беларусі? І ці адбудзецца наагул хоць пры якіх умовах?

— У мяне няма сумневаў у сапраўднасьці беларускіх статыстычных дадзеных. У Беларусі пратэставана з мэтай выяўленьня інфікаваных каля 3% насельніцтва. Гэта адзін з самых шырокіх ахопаў тэставаньнем свайго насельніцтва па розных краінах сьвету. Прыемна, што ў нашай краіне атрымалася своечасова выявіць нулявых пацыентаў і ізаляваць ня толькі іх, але і ўсе іх кантакты першага ўзроўню. На гэтым этапе мы змаглі стрымаць эпідэмію. Але цяпер ужо, у апошнія пару дзён, пайшоў экспанэнтны рост інфікаваных — за апошнія суткі +86,5% (было 163, стала 304). Рост колькасьці памерлых — за суткі +100% (было 2, стала 4).

Як бачым, назіраецца трывожная дынаміка, і гэтага ніхто не хавае. Хоць у цэлым ёсьць праблемы з адэкватнасьцю статыстычных дадзеных па розных краінах сьвету (магчыма, і ў Беларусі), але бязь іх сьвядомай фальсыфікацыі. Інфікаваным лічыцца толькі той, чый тэст аказаўся станоўчым. Але, як высьветлілася, тэст можа быць станоўчым ня зь першага разу.

Іншая праблема — улік сьмяротнасьці ад COVID-19. Калі пацыент памірае ад віруснай пнэўманіі, але тэст ня быў станоўчым (а можа, і ня быў зроблены), то гэты памерлы ня будзе лічыцца ахвярай COVID-19. Хутчэй за ўсё, менавіта гэтая праблема стала прычынай такой нізкай летальнасьці ў Кітаі — усяго каля 4%. Там першых памерлых не лічылі ахвярамі эпідэміі, бо іх яшчэ не пасьпелі пратэставаць. Паводле падлікаў у межах збудаванай мной мадэлі, у Італіі прагназаваная сьмяротнасьць у канцы эпідэміі ўжо складзе ад 10% да 40% (на парадак вышэй, чым у Кітаі).

— Цяперашняя пандэмія, на думку некаторых, спараджае суровую дылему паміж выжываньнем людзей, уратаваньнем іх ад хваробы, — і выжываньнем эканомікі, якая таксама ёсьць умовай выжываньня людзей. Пра гэта гаворыць, прынамсі, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ды й палітыкі — прыхільнікі карантыну і локдаўну таксама гавораць. Ці ёсьць рашэньне гэтай праблемы ў агульным выглядзе, і ад чаго залежыць яе рашэньне ў той ці іншай краіне?

— Няма сумневаў, што ўвядзеньне карантыну і закрыцьцё межаў ударыць па эканоміцы кожнай краіны і дасьць на выхадзе ўсясьветны эканамічны крызіс, якіх пасьляваеннае чалавецтва яшчэ ня ведала. Прычым эфэктыўнасьць карантыну ў цэлым сумнеўная. Зь нейкага моманту эпідэмію карантынам нельга зьнішчыць, яе можна толькі стрымаць на час. Большая частка краінаў знаходзіцца на самым пачатку эпідэміі (у сярэднім, большасьць краінаў прайшлі ў сябе ад 5% да 26% усёй эпідэміі). Гэта значыць, што пік эпідэміі чакаецца ў лепшым выпадку празь месяц, а затым эпідэмія будзе супакойвацца два ці тры месяцы пры самых спрыяльных прагнозах.

Атрымліваецца, што карантын і закрыцьцё межаў будуць мінімальна эфэктыўнымі, калі працягнуцца як мінімум да глыбокай восені. За гэты час ня выключана, што краіны сутыкнуцца нават з праблемай элемэнтарнага голаду свайго насельніцтва. Бо відавочна, што ільвіная доля дробнага і сярэдняга бізнэсу за гэты час збанкрутуе. Многія буйныя кампаніі таксама (накшталт авіяперавозчыкаў). У выніку рэкордная колькасьць людзей стане беспрацоўнымі, і пачнецца калясальны спад вытворчасьці. Людзям проста ня будзе чаго есьці пры працягу карантыну да канца 2020 году!

— Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці гэтая дылема? Ці не мяняюць разуменьне гуманнасьці пікавыя перагрузкі шпіталяў хворымі, недахоп неабходнага мэдычнага абсталяваньня — калі даводзіцца рабіць выбар, каго лячыць?

— У Італіі ўжо прынятыя пратаколы, што падключаюць да апаратаў ШВЛ ня ўсіх і аказваюць рэанімацыйнае лячэньне ня ўсім. Звычайна ў выпадках перагрузкі мэдычных установаў лячэньне аказваюць хворым сярэдняй цяжкасьці, паколькі ў іх ёсьць хоць нейкі шанец паправіцца. Гэта, бясспрэчна, складаная этычная дылема. Для гэтага распрацоўваюцца адмысловыя пратаколы лячэньня ва ўмовах перагрузкі сыстэмы. Мэта гэтых пратаколаў — захаваньне жыцьця папуляцыі, а не жыцьця індывідаў.

— Ужо цяпер эканамічныя экспэрты фіксуюць падзеньне ўсясьветнай эканомікі, прагназуецца і далейшае падзеньне — спрэчкі ідуць толькі наконт таго, наколькі яно будзе глыбокім. Як зьменіцца вага асноўных геапалітычных гульцоў на міжнароднай арэне — ЗША, Кітаю, Эўразьвязу, Расеі? Хто ўмацуецца, хто аслабее?

— Кітай мінуў ужо 97,7% усёй эпідэміі. Для параўнаньня — ЗША прайшлі толькі 6,75%. Пры гэтым на сёньня ўсіх інфікаваных за ўвесь час у Кітаі зафіксавана 81 589 чалавек, а ў ЗША — 238 823 чалавек. Гэта дае прагноз, што ЗША непазьбежна сутыкнуцца з праблемай, што колькасьць інфікаваных будзе пры такой дынаміцы прынамсі мільён амэрыканцаў. І гэта, вядома, трывожны сыгнал для ўсясьветнай эканомікі.

Нягледзячы на тое, што Кітай у цэлым адносна лёгка выбраўся з эпідэміі, у ім назіраецца прыкметны эканамічны спад, выкліканы змушаным карантынам. Прагназаваць уплыў пандэміі на ўсясьветную эканоміку можна будзе толькі тады, калі эканамічныя звышдзяржавы заходняга сьвету — ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя — пройдуць эпідэмічны пік (а ім да яго яшчэ ня менш за месяц). Толькі на піку мы ўбачым сапраўдныя маштабы пандэміі. Рэч у тым, што яе маштабы могуць аказацца вельмі рознымі, ажно да непапраўных, а значыць, і эканамічныя наступствы могуць быць рознымі.

Крызіс мацней за ўсё ўдарыць па краінах сярэдняга ўзроўню разьвіцьця — большасьці краінаў ЭЗ, Расеі, Беларусі. Вялікія краіны маюць запас трываласьці, чаго нельга сказаць, напрыклад, пра Беларусь. Пагроза страты незалежнасьці нашай краіны зноў імкліва павялічваецца.

— І ці чакаеце вы ў выніку крызісу вялікай, усясьветнай вайны?

— Як гэта ні дзіўна гучыць, але сцэнар вайны робіцца цяпер цалкам актуальным. Урады розных краін вельмі лёгка пайшлі на арганізацыю ледзь не ваеннага становішча ў сябе ў краінах. Зачынілі межы, абмежавалі правы і свабоды ўласнага насельніцтва. Такая ўнутраная мабілізацыя сваіх дзяржаўных структур з пасьляваеннага часу проста не назіралася. Гэта здымае пэўныя бар’еры — і сацыяльныя, і псыхалягічныя — для пераходу да сапраўднага ваеннага становішча.

— Як пандэмія ўжо мяняе і яшчэ памяняе сьвет у сэнсе інтэлектуальнай моды? Якія ідэалёгіі, вераваньні набудуць большую папулярнасьць, як сьвет сам сабе будзе тлумачыць, што зь ім адбываецца?

— Карантын і самаізаляцыя цалкам у рэчышчы наяўных інтэлектуальных трэндаў — адмовы ад рэальных сацыяльных зносінаў дзеля пагружэньня ў свой уласны або віртуальны сьвет. У моладзевым асяродзьдзі даўно сфармавалася плынь «хікікаморы», што ў перакладзе зь японскай значыць «знаходжаньне ў самоце», калі маладыя людзі самаізалююцца і цалкам адмаўляюцца ад рэальных кантактаў зь іншымі людзьмі. Атамізацыя і віртуалізацыя грамадзтва, такім чынам, толькі ўзмоцняцца. У такім грамадзтве няма месца рэлігіі, як і іншым формам непасрэдных зносінаў. У асяродзьдзі моладзі расьце асэксуальнасьць — страта цікавасьці да полавых зносінаў. Можна пасьпяхова займацца самаразьвіцьцём — ёгай, трэнінгамі, танцамі, гештальт-псыхалёгіяй. Іншаму чалавеку ўжо няма месца ў нашым багатым унутраным сьвеце.

— Ці ня кідае каранавірус сьвет у новы таталітарызм? Прычым самі грамадзтвы, урады, у тым ліку і ў самых дэмакратычных краінах, усталёўваюць шмат дзе такія абмежаваньні свабоды, якія раней былі ўласьцівыя хіба Паўночнай Карэі. Дзяржава — закрый, дзяржава — абмяжуй, дзяржава — забарані — сёньня гэта ня мара купкі экстрэмістаў, а запыт грамадзтва. Юваль Гарары прагназуе ўмацаваньне кантролю дзяржавы над людзьмі. Калі некалі пандэмія скончыцца, ці не застануцца ўсе гэтыя абмежаваньні і ўмацаваны кантроль? Ці пройдзе пандэмія, і ўсё вернецца на колы свае? Ці ня вернецца? Ці можна цяпер сказаць, чым сьвет пасьля пандэміі будзе непадобны да ранейшага сьвету?

— Добра праглядаецца карэляцыя, як грамадзтвы з пануючымі правымі палітычнымі настроямі лёгка пайшлі на карантын і камэнданцкую гадзіну. Добрыя прыклады — Вугоршчына і Індыя. І як цяжка гэтае рашэньне даецца Злучаным Штатам. Бясспрэчна, эпідэміялягічная пагроза была выкарыстаная для ўзмацненьня правай палітычнай ідэалёгіі і павелічэньня ролі дзяржавы з крайнім аслабленьнем нашых базавых правоў і свабодаў. І сьвет пасьля пандэміі можа быць ужо зусім іншым — з моцнай дзяржавай, якая будзе мець права нас кантраляваць і маніторыць у рэжыме онлайн.

І Гарары, і Алексіевіч спадзяюцца на адраджэньне чалавечай і міждзяржаўнай салідарнасьці. А вы? Ці не наступае час маралі «кожны за сябе» — дзяржава, сацыяльная група, чалавек?

— На жаль, сацыяльная атамізацыя будзе толькі ўзмацняцца. Тут ужо будзе ўсё ў адпаведнасьці зь філязофскай сыстэмай Томаса Гобса — над усімі намі паўстане безаблічная дзяржава (Левіятан у тэрміналёгіі Гобса), а мы ўсе ператворымся ў яго атамы-шрубкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG