Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ну як дыстанцыйна даіць карову?» Лукашэнка патлумачыў, чаму ня ўводзіць карантыну


Аляксандар Лукашэнка ня бачыць падставаў для карантыну
Аляксандар Лукашэнка ня бачыць падставаў для карантыну

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што для абвяшчэньня карантыну ў Беларусі няма ніякіх падставаў, а таму заклікаў «не панікаваць» з прычыны каранавірусу.

На яго перакананьне, недапушчальна расколваць грамадзтва на фоне барацьбы з інфэкцыяй. І прывёў у прыклад гаспадарку, якую наведаў у Смалявіцкім раёне.

«Скажыце, як дыстанцыйна даіць кароў або выходны абвесьціць? Гэта нерэальна, — сказаў Лукашэнка. — А хтосьці будзе сядзець дома бяз працы, ім заробак захоўваць. Гэта што, справядліва? Мы расколваем грамадзтва. Гэтага рабіць нельга. Таму нікому нічога не забараняем, ні на кога ня цісьнем. Але як дзяржава робім усё, каб людзей абараніць. Так было заўсёды».

Аналіз сытуацыі з пункту гледжаньня статыстыкі будзе зроблены на наступным тыдні, паабяцаў ён. На 3 красавіка, паводле яго зьвестак, зарэгістраваны 351 выпадак інфікаваньня каранавірусам, 46 чалавек выпісалі са шпіталяў. 16 хворых знаходзяцца на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Лічба памерлых не агучвалася.

«На фоне гэтага псыхозу, што тут нібыта мруць і паміраюць, у нас ідзе агульнае падзеньне сьмерцяў і агульнае падзеньне завхворвальнасьці лёгкіх, — сказаў Лукашэнка. — Я малю Бога, каб нам удалося пратрымацца так, як сёньня. Хоць усе крычаць гвалтам, што ў нас штосьці так ці ня так...»

Раней Лукашэнка дапусьціў, што школьныя вакацыі будуць працягнутыя на тыдзень — заняткі меркавалася аднавіць 6 красавіка. Але магчымасьць карантыну не абмяркоўваецца.

«Хочуць, каб мы працягнулі канікулы, мне даложыць міністар адукацыі. Заўтра-пасьлязаўтра мною будзе прынята рашэньне. Хутчэй за ўсё, падоўжым на тыдзень», — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым нічога не было сказана, каб перавесьці на дыстанцыйнае навучаньне студэнтаў вышэйшых навучальных установаў.

Гэтаксама Лукашэнка выказаўся наконт правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Беларусі. У прыватнасьці заявіў, што іх не забараняюць, але нікога туды сілком не заганяюць. Абвяшчаць карантын ці не, гэта прэрагатыва арганізатараў той ці іншай імпрэзы.

«Гэта ня наш падыход і ня нашая канцэпцыя — нешта забараняць», — падсумаваў Лукашэнка. Ён не ўдакладніў, ці маюцца на ўвазе найперш спартовыя спаборніцтвы, бо культурніцкія імпрэзы ў масе сваёй скасаваныя ці перанесеныя.

Заўзятары шэрагу футбольных камандаў ужо выступілі з патрабаваньнем спыніць чэмпіянат Беларусі ў сувязі з пагрозай каранавірусу, аднак у фэдэрацыі настойваюць, што ніякай небясьпекі для гледачоў на стадыёнах няма. У адказ фанаты 9 з 16 камандаў заявілі, што будуць байкатаваць матчы.

16 красавіка таксама стартуе і жаночае першынства Беларусі ў футболе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG