Беларуская фэдэрацыя футболу ня мае намеру ссоўваць каляндар 29-га па ліку жаночага першынства. Яно стартуе 16 красавіка, пройдзе ў тры кругі і завяршыцца 8 лістапада.
Згодна зь лёсаваньнем у Доме футболу, дзейныя чэмпіёнкі краіны, футбалісткі «Менску», у першым туры прымуць магілёўскі «Дняпро». Уладальнікі срэбных мэдалёў папярэдняга турніру сталічная «Зорка-БДУ» згуляе ў гасьцях супраць каманды Берасьцейскага цэнтру алімпійскага рэзэрву; бронзавыя прызэркі з горадзенскага «Нёману» выправяцца да «Бабруйчанкі».
Апошнія 7 гадоў чэмпіёнкамі Беларусі станавіўся «Менск», але больш за ўсё тытулаў мае «Бабруйчанка» — 12 залатых мэдалёў. 6 разоў вікторыя была за футбалісткамі віцебскага «Ўнівэрсытэту», двойчы трыюмфатарам была магілёўская «Надзея» і аднойчы берасьцейская «Вікторыя».
Тым часам 3–5 красавіка пройдзе трэці тур у мужчынскай найвышэйшай лізе. Напярэдадні заплянаваных матчаў заўзятары большай часткі клюбаў заявілі аб прыпыненьні наведваньня фанацкіх сэктараў з прычыны небясьпекі заражэньня каранавірусам.
На гэта ў фэдэрацыі заявілі, што сытуацыя знаходзіцца пад кантролем і ніякай пагрозы аматарам футболу няма.