Першы і адзіны прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс» падтрымаў ідэю найжорсткага карантыну на час пандэміі каранавірусу, адзначыўшы пры гэтым, што пасьля яе заканчэньня патрабуецца «карэнным чынам перагледзець асновы сусьветнай палітыкі».
«Разам з паплечнікамі па Форуму ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру мы даўно ўжо да гэтага заклікаем», — сказаў Гарбачоў, падкрэсьліўшы, што замест непамерных ваенных выдаткаў, якія толькі падрываюць бясьпеку, неабходна накіроўваць сродкі на навуку, адукацыю і ахову здароўя.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
На думку экс-прэзыдэнта СССР, апошнія пяць гадоў сусьветныя лідэры занятыя, у асноўным, гонкай узбраеньняў, што не вырашае цяперашніх глябальных праблем. «Вайна — гэта параза, правал палітыкі!», — заявіў Гарбачоў і дадаў, што пакуль у яго ёсьць сілы, ён будзе змагацца за дэмілітарызацыю сусьветнай палітыкі і палітычнага мысьленьня.
«Бясьпека — гэта перш за ўсё забесьпячэньне людзей харчаваньнем, вадой, якой ужо не хапае, і здаровым навакольным асяродзьдзем», — падсумаваў Міхаіл Гарбачоў.
Ён таксама распавёў, што ў дадзены момант заняты напісаньнем дадатковай главы для ангельскага выданьня сваёй кнігі «Будучыня глябальнага сьвету».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ