Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя правалу «Саюзнай дзяржавы» адбываецца на нашых вачах, — экспэрт


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матчу ў Сочы, 7 лютага 2020
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матчу ў Сочы, 7 лютага 2020

Кіраўнік праекту Belarus security blog Андрэй Паротнікаў расказвае, у якім стане цяпер беларуска-расейская «інтэграцыя», тлумачыць, чаму Масква выставіла заведама непрымальныя для Менску прапановы, і нагадвае пра «чырвоныя лініі» для Лукашэнкі.

Сьцісла:

  • Для Масквы вельмі важна, каб інтэграцыйныя праекты ня мелі гісторыі правалаў.
  • Расея пакуль што не вядзе мэтанакіраванай гульні па адсоўваньні Аляксандра Лукашэнкі ад улады.
  • Пакуль Лукашэнка пры ўладзе, уплывы Расеі на Беларусі будуць даволі моцныя.

— Другога красавіка афіцыйна адзначаецца «Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі». У гэты дзень у 1996 годзе была падпісаная дамова «Аб стварэньні Супольнасці Беларусі і Расеі» — супольнасьці, якая потым пераўтварылася ў «саюз Беларусі і Расеі». У якім стане цяпер беларуска-расейская інтэграцыя?

— Беларуска-расейская інтэграцыя на сёньня дасягнула сваёй «шкляной столі», і вышэй ужо ня скокне. Зроблена максымум з таго, што можна было зрабіць. Аднак абставіны мяняюцца, і старыя інструмэнты ўжо не працуюць.

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Цяпер ужо цалкам неактуальнымі зьяўляюцца такія рэчы, як адзіны эмісійны цэнтар, агульная палітычная надбудова, агульная юрыдычная надбудова, сумесныя органы кіраваньня, якія маглі б выдаваць загады, абавязковыя для выкананьня. У гэтым не было патрэбы — і наўрад ці ўжо будзе.

— Ці ёсьць тады хоць нейкі сэнс для абодвух бакоў працягваць працэс «інтэграцыі»? Многія палітыкі і экспэрты лічаць, што адносіны Беларусі і Расеі павінны быць як звычайныя адносіны двух суседзяў, дзьвюх раўнапраўных дзяржаў. Бо два бакі разумеюць пад словам «інтэграцыя» вельмі рознае.

— Не патрэбная палітычная інтэграцыя і не патрэбная ніякая юрыдычная ўніфікацыя законаў абедзьвюх краін, бо краіны вельмі розныя, розныя эканомікі, грамадзтвы, сацыяльныя і палітычныя сыстэмы, уніфікаваць іх фактычна немагчыма.

— Як можна ацаніць падзеі 2019 году, калі расейскі бок даволі агрэсіўна вылучаў прапановы аб паглыбленьні «інтэграцыі», так званыя «дарожныя мапы»? Няўжо Масква не разумела, што Беларусь на гэта ня пойдзе?

— Масква якраз разумела, што Менск на гэта ня пойдзе. І менавіта дзеля таго, каб атрымаць ад беларускага боку публічную адмову ад паглыбленай інтэграцыі, — гэтыя заведама непрымальныя ўмовы і былі высунутыя. Гэта рабілася дзеля таго, каб пазбавіць беларуска-расейскія адносіны статусу эксклюзіўных. Бо гэтая асаблівасьць заўсёды грала на карысьць афіцыйнага Менску. Афіцыйны Менск заўсёды быў бэнэфіцыярам такіх адносін, гэта дзясяткі мільярдаў даляраў прамой ці ўскоснай дапамогі.

Расея больш ня хоча і ня можа падтрымліваць Беларусь у ранейшых маштабах. І зьнікненьне расейскай падтрымкі вядзе да эканамічнага крызісу ці нават каляпсу цяперашняй сацыяльнай мадэлі ў Беларусі. Адначасова Масква выпрацоўвае новыя інтэграцыйныя ідэі на постсавецкай прасторы — гэта АДКБ і Эўразійскі эканамічны саюз. Для Масквы вельмі важна, каб інтэграцыйныя праекты ня мелі гісторыі правалаў. У дадзеным выпадку гісторыя правалу праекту «Саюзная дзяржава» адбываецца на нашых вачах. І Масква хоча перанесьці адказнасьць за гэта на афіцыйны Менск. Мы, маўляў, ім прапаноўвалі, але Беларусь ад усяго адмаўляецца — і, адпаведна, павінна несьці і эканамічную адказнасьць.

Таму Масква гуляла на карысьць дэмантажу праекту «Саюзнай дзяржавы». Яны ведалі, што Лукашэнка ня пойдзе на гэтыя прапановы. Крамлю трэба было з палітычных, іміджавых, прапагандысцкіх меркаваньняў атрымаць адназначную адмову афіцыйнага Менску.

— Як пандэмія каранавірусу і эканамічны крызіс, які ёю выкліканы, можа паўплываць на беларуска-расейскія эканамічныя і палітычныя дачыненьні?

— Беларусь і Расея стануць яшчэ бяднейшымі. Нізкія цэны на нафту — гэта на 3–5 гадоў, хутчэй за ўсё. Будуць выяўленыя правалы ў сыстэме аховы здароўя, віна за якія насельніцтвам будзе ўскладзена на ўлады. Абедзьве краіны па выніках гэтага крызісу стануць менш палітычна ўстойлівымі.

— Расея відавочна будзе працягваць сваю палітыку імпартазамяшчэньня, у тым ліку яшчэ больш актыўна выцясьняць беларускія тавары з расейскага рынку.

— Па-першае, попыт на беларускія тавары будзе зьніжацца. Па-другое, расейскі бізнэс будзе праводзіць больш агрэсіўную палітыку на тых рынках, дзе Расея мае палітычныя інструмэнты дзеля прасоўваньня сваіх эканамічных інтарэсаў, у тым ліку ў Беларусі. Таму варта чакаць ня толькі таго, што беларускі экспарт у Расею будзе падаць, але і таго, што расейскі імпарт у Беларусь будзе нарастаць.

— Выбарчы год заўсёды асаблівы з гледзішча патэнцыйнага ўплыву Расеі на беларускія ўнутраныя працэсы. Аднак на фоне пандэміі — ці будзе Маскве справа да беларускай тэмы? Увогуле, якую стратэгію выбера Масква ў стаўленьні да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі?

— Два моманты. Першы — Расея пакуль што не вядзе мэтанакіраванай гульні па адсоўваньні Аляксандра Лукашэнкі ад улады. Дзякуючы працы, якую правеў былы амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч, Масква добра разумее, што ні на які Захад Лукашэнка разварочвацца ня здолее і ня будзе. Для Захаду ён застаецца непрымальным палітычным лідэрам. Таму, пакуль Лукашэнка пры ўладзе, уплывы Расеі ў Беларусі будуць даволі моцныя. Вызначаныя Масквой геапалітычныя «чырвоныя рысы» беларускімі ўладамі ня будуць пяройдзены.

Зь іншага боку, ёсьць факт асабістага непрыманьня Лукашэнкі шэрагам расейскіх кіраўнікоў. У постсавецкай палітыцы суб’ектыўны чыньнік мае вызначальны характар. Тут замежная палітыка — гэта не палітыка дзяржаваў-нацыяў, а палітыка валадароў, правіцеляў, дыктатараў.

У Лукашэнкі асабіста вельмі сапсаваліся адносіны з Уладзімірам Пуціным, і ў яго традыцыйна вельмі кепскія адносіны зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Мядзьведзеў на дадзены момант зьяўляецца каардынатарам расейскіх спэцслужбаў, займаючы пасаду намесьніка старшыні Рады бясьпекі. Рэальная ягоная вага ва ўладзе даволі вялікая, а асабістае непрыманьне Лукашэнкі ў Мядзьведзева нікуды не падзелася.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG