На менскім заводзе імя Вавілава на тыдзень у водпуск адпраўлены гальванічны цэх. У ім працуе да 100 чалавек. Прычына — у адной з працаўніц цэху знайшлі каранавірус.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Гэтую інфармацыю, якую ў аўторак 31 сакавіка Свабодзе на ўмовах ананімнасьці перадала крыніца з прадпрыемства, сёньня пацьвердзілі ў адміністрацыі заводу. З карэспандэнтам Свабоды пагадзіўся сустрэцца намесьнік генэральнага дырэктара заводу імя Вавілава Вячаслаў Кузьняцоў.
Вячаслаў Кузьняцоў пацьвердзіў зьвесткі пра выпадак захворваньня на каранавірус, спаслаўшыся на дадзеныя санітарнай службы Першамайскага раёну.
«У панядзелак у другой палове дня пазванілі з санстанцыі і сказалі, што ў нашай працаўніцы знойдзены каранавірус, тэст даў станоўчы вынік. У аўторак мы праверылі ўсіх працаўнікоў цэху, ім замяралі тэмпэратуру. Прыкмет іншых захворваньняў ня выявілі, але з мэтай прафіляктыкі прапанавалі працаўнікам цэху да канца тыдня пабыць на хатнім рэжыме. З захаваньнем дзьвюх трэціх заробку. То бок гэты цэх, № 13, сапраўды не працуе, але ўсё прадпрыемства працягвае працаваць, як раней. У цэху № 13 праведзеныя патрэбныя санітарныя захады», — паведаміў Вячаслаў Кузьняцоў.
Што вядома пра працаўніцу заводу імя Вавілава, якая захварэла на каранавірус?
Паводле намесьніка гендырэктара заводу спадара Кузьняцова, працаўніца, якая захварэла на каранавірус, цяпер у шпіталі.
«Яе стан стабільны. Нашыя мэдыкі штодня зь ёй зьвязваюцца, пагаршэньняў няма».
Як магла захварэць працаўніца заводу, Вячаслаў Кузьняцоў зьвестак ня мае. «Да таго, як нам стала вядома пра яе хваробу, яна была на бальнічным. Ведаем, што нядаўна за мяжу яна не выяжджала», — сказаў Вячаслаў Кузьняцоў. Пра ўзрост хворай Вячаслаў Кузьняцоў сказаў: «Скажу гэтак, набліжаецца да перадпэнсійнага».
На менскім мэханічным заводзе імя Вавілава працуе каля 2,5 тысячы чалавек. На прахадной, празь якую праходзяць на працу і працаўнікі суседняга заводу «Пэленг», вартаўнікі ўжо сядзяць у мэдычных масках. Некалькі чалавек у масках выходзілі з прадпрыемства, калі на прахадной афармлялі пропуск для карэспандэнта Свабоды. «Я сама зь іншага цэху, але ведаю, што ёсьць выпадак каранавірусу на гальваніцы. Так, але мы працуем», — сказала жанчына, якая сябе не назвала.
Што будзе далей з 13-м цэхам?
Паводле намесьніка гендырэктара заводу імя Вавілава Вячаслава Кузьняцова, пытаньне, ці запрацуе гальванічны цэх праз тыдзень, будзе вырашацца на пачатку будучага тыдня.
«Шмат залежыць ад сумежнікаў у Расеі. Яны якраз таксама тыдзень не працуюць, таму мы можам сабе дазволіць адправіць гальваніку ў адпачынак, а як будзе далей, паглядзім», — сказаў спадар Кузьняцоў. Зь ягоных словаў, ён падтрымлівае кантакт зь некаторымі працаўнікамі 13-га цэху, якія цяпер на хатнім карантыне.
«Кажуць, у іх стан здароўя нармальны, просяцца на працу», — сказаў Вячаслаў Кузьняцоў.
У 13-м цэху заводу Вавілава, які адпраўлены ў адпачынак, працуе да 100 чалавек.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ