Міжнародная фэдэрацыя хакею (IIHF) прыме канчатковае рашэньне наконт таго, дзе пройдзе чэмпіянат сьвету 2021 году і наступныя турніры, у канцы красавіка. Пра гэта паведаміў агенцтву ТАСС прэзыдэнт IIHF Рэнэ Фазэль.
IIHF 22 сакавіка абвясьціла пра адмену праз пандэмію каранавірусу чэмпіянату сьвету, правядзеньне якога было заплянаванае на пэрыяд ад 8 да 24 траўня ў швэйцарскіх Цурыху і Лязане. Месцы правядзеньня чэмпіянатаў сьвету ад 2021 да 2025 гадоў былі зацьверджаныя раней. У 2021 годзе турнір мае прайсьці ў Менску і Рызе, ў 2022-м — у фінскіх Хэльсынкі і Тампэрэ, у 2023-м — у Санкт-Пецярбургу, у 2024-м — у чэскіх Празе і Остраве, ў 2025-м — у Швэцыі і Даніі (гарады пакуль ня вызначаныя). Аднак пасьля адмены турніру ў Швайцарыі Фазэль папярэджваў, што гэта можа ўнесьці карэктывы ў расклад.
«Мы застаемся ў кантакце з аргкамітэтамі усіх найбліжэйшых пяці чэмпіянатаў сьвету, пытаемся, як яны бачаць цяперашнюю сытуацыю, зьвязаную з магчымым пераносам турніраў на адзін год. Адкласьці чэмпіянаты сьвету на год складана — узьнікаюць праблемы са страхоўкай. На гэты момант усё выглядае так, што чэмпіянат сьвету наступнага году пройдзе ў Беларусі і Латвіі, канчатковае рашэньне будзе ў канцы красавіка», — сказаў Фазэль.
Пры гэтым ён адзначыў, што зацьвердзіць месца правядзеньня турніраў павінен кангрэс IIHF. Найбліжэйшы меўся прайсьці ў Цурыху падчас чэмпіянату сьвету, але яго перанесьлі на нявызначаны тэрмін з прычыны каранавірусу. «У канцы красавіка мы будзем ведаць больш, калі праводзіць кангрэс — у канцы траўня або чэрвеня», — сказаў кіраўнік фадэрацыі.