Цана расейскай нафты Urals у Эўропе зьнізілася да 16,20 даляра за барэль. Гэта стала найменшым узроўнем ад чэрвеня 1999 году.
За мінулы тыдзень цана расейскага гатунку нафты ў Заходняй Эўропе ўпала на 5,51 даляра за барэль, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на прэсавы рэліз цэнавага агенцтва Argus.
Удзельнікі рынку не выключаюць даволі працяглага пэрыяду захаваньня нізкіх цэнаў на нафту з прычыны скарачэньня аб'ёмаў нафтаперапрацоўкі.
Новы танкер для Беларусі
Тым часам у літоўскую Клайпеду прыбыў чарговы танкер з сырой нафтай для Беларусі — чацьвёрты за сакавік. Судна даставіла 85 тысяч тон сыравіны, паведамляе Інтэрфакс.
Раней канцэрн «Белнафтахім» паведаміў пра куплю расейскай нафты ў трэйдараў бяз прэміі зь перавалкай у Літве. 4 сакавіка першы танкер прыбыў у порт Клайпеды, нафта пачала паступаць на «Нафтан». Другі танкер прыбыў 17 сакавіка, трэці — 20 сакавіка. Усяго ў сакавіку праз Клайпеду чакаецца пастаўка чатырма танкерамі 320 тысяч тон нафты Urals.
Таксама ў сакавіку пастаўляць нафту ў Беларусь пачалі пяць невялікіх расейскіх нафтавых кампаній, якія сумарна паставяць 208 тысяч тон. Кампаніі прамыслова-фінансавай групы «Сафмар» плянуюць паставіць у сакавіку на беларускія НПЗ 400 тысяч тон нафты.
Нафтавая кампанія Азэрбайджану ў сакавіку паставіць для Беларусі тры партыі нафты аб’ёмам 250 тысяч тон праз порт Адэсы і нафтаправод Адэса — Броды.
Удзельнікі рынку не выключаюць, што праз скарачэньне нафтаперапрацоўкі нізкія цэны на нафту захаваюцца надоўга. Попыт на многія нафтапрадукты ў сьвеце рэзка зьнізіўся пасьля абвалу эканамічнай актыўнасьці з прычыны пандэміі каранавірусу.